Гісторыю вёскі Стаўпяняты расказвае Іаланта Валуевіч

11:38 / 13.07.2022
Прыгожая, у зеляніне садоў і кветнікаў, ахутаная паданнямі вёска Стаўпяняты размешчана ўзбоч дарогі, якая злучае Свір, Страчанку, Жукойні Жалядскія і Спонды. У дакументах яна называецца Вялікія Стаўпяняты. Сёння тут засталося ўсяго 9 жыхароў. За некалькі апошніх гадоў насельнікі пакінулі вёс­ку, пераехаўшы хто за мяжу, хто ў гарады, а большасць – на вечны спачын на могілкі.
А некалі было так…

Вялікія Стаўпяняты лічыліся заможнай і перспектыўнай вёскай: гаспадаркі былі моцнымі, сем’і – вялікімі. Тут меліся школа, магазін, бібліятэка, калгасная кантора, 6 кузняў – у той час як у іншых вёсках – па адной ці дзве. 

Калі пачалося ўзбуйненне калгасаў, Стаўпяняты нават збіраліся зрабіць цэнтральнай сядзібай. Але нешта пайшло не так…

У 40-х гадах у вёсцы было 15 драўляных калодзежаў і 5 кальцавых. А ў 60-х гадах наадварот: 15 кальцавых і толькі 6 драўляных.

З 33-х хат выганялі на пашу 35 кароў і 100 авечак.

У 1938 годзе ў Вялікіх Стаўпянятах налічвалася 35 двароў і 152 жыхары. У 1959 го­дзе – 183 жыхары. А потым іх колькасць пачала змяншацца: у 1970 годзе – 113 чалавек, у 2004-м – 28 жыхароў.

У 1980-90-х гадах у Свірскую школу са Стаўпянят хадзіла 35 вучняў.

Сем’і былі трывалымі – да 50-х гадоў у вёсцы не было разводаў, а ў наступныя 60 гадоў, з 1950 па 2010, – усяго 27!

Дзевяць ураджэнцаў гэтай вёскі атрымалі вышэйшую адукацыю, 6 з іх сталі настаўнікамі. Ганарыцца вёска сваімі вучонымі: Фердынанд Мацкевіч – доктар гістарычных навук, Франц Міхновіч – кандыдат тэхнічных навук.

Выхадцы са Стаўпянят жывуць па ўсім свеце, і не толькі ў блізкім замежжы – Літве, Латвіі, Расіі, але і ў далёкім – ЗША, Канадзе, Польшчы, Германіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі.
З гісторыі вёскі

У 16 стагоддзі Вялікія Стаў­пяняты ўваходзілі ў склад маёнтка Свіраны ў Віленскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага ва ўладанні Рыгора Осціка, які абмяняўся землямі з князем Свірскім, уладальнікам маёнтка Заляддзе. У 1591 годзе Заляддзе – мясцовасць у маёнтку Свіраны, уласнасць Смаленскага ваяводы Яна Абрамовіча «на Варнянах», які падараваў 8 валок зямлі Мікалаю Слупскаму, з якой ён абавязаны быў служыць земскую ваенную службу.

Назва вёскі Стаўпяняты, хутчэй за ўсё, паходзіць ад прозвішча першага ўладальніка Слупскага: «слуп» – па-руску «столб», «столп», адсюль і Столпенята – Стаўпяняты.



Цэзарый і Ганна Свідэрскене (Мацкевіч) сцвярджаюць, што прыкладна ў 1762 годзе князь Ігнацы Якуб Масальскі, біскуп Віленскі, падарыў Стаўпяняты іх продку – бацьку Яцэка Мацкевіча. Яцэк жыў у Стаўпянятах, і ўсіх яго нашчадкаў і цяпер называюць Яцкавымі. Першапачаткова ў вёсцы жылі адны Мацкевічы, і толькі пасля адмены прыгоннага права з’явіліся  Чачкоўскія, Міхновічы, Бабічы.

Не змяняючы назвы і месца знаходжання, вёска часта мяняла адміністрацыйную прыналежнасць. У 1872 годзе Вялікія Стаўпяняты, дзе налічвалася 60 рэвізскіх душ, адносілася да Жалядскай сельскай грамады ў Аляксандраўскай воласці Віленскай губерні. У 1938 го­дзе – вёска ў Жукойненскай гміне Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. З лістапада 1939 года – у складзе БССР. У 1940 годзе нядоўгі час была ў Куцькаўскім, затым – Косцевічскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай вобласці. З 1944 года – у Мала­дзечанскай вобласці. З 16.07.1954 года – у Спондаўскім сельсавеце, з 31.08.1959 года – у Астравецкім раёне, з 20.01.1960 года – у Гродзенскай вобласці, з 26.12.1962 года – у Смаргонскім раёне, а з 06.11.1965 года – зноў у Астравецкім. 

Калектывізацыя ў спондаўскім краі пачалася восенню 1949 года. Напачатку калгасы ствараліся амаль у кожнай вёсцы. У Вялікіх Стаўпянятах калгас назвалі «Баль­шавік», у яго склад увайшлі і Ма­лыя Стаўпяняты. Старшынёй абралі Уладзіміра Мацкевіча, рахункаводам – Іосіфа Мацкевіча.

Калі гаспадаркі пачалі ўзбуй­няць, Стаўпяняты далучылі да калгаса імя Янкі Купалы з цэнтрам у Страчанцы. Потым яны былі часткай «Савецкай Беларусі», з 2003 года – СВК «Страча», цяпер – у складзе КСУП «Міхалішкі».

Магазін у вёсцы быў яшчэ за польскім часам, гандляваў там мясцовы жыхар Вацлаў Мацкевіч. У час вайны крама зачынілася і аднавіла работу ў 50-х гадах у тым самым будынку. Працавала ў ёй прысланая дзяўчына Вера Яновіч. Ганна Свідэрскене добра памятае вясковую краму – яна знаходзілася насупраць іх дома, і дзяўчынка па некалькі разоў на дзень бегала туды за ляндрынкамі, самымі хадавымі і даступнымі на той час цукеркамі. Успамінае, што магазін быў маленькі, цесны, завалены скрынкамі і мяшкамі. 

У 1950 годзе ў Стаўпянятах з’явілася электрычнасць – праўда, «лямпачка Ільіча» свяціла толькі з 18 да 24 гадзін. У Страчанцы стаяў дзвіжок, які падаваў электраэнергію ў Страчанку, Селевічы і Стаўпяняты. А да гэтага, як і паўсюдна, карысталіся газавымі лямпамі. У канцы 1960-х тут устанавілі слупы і падвялі электрычнасць.

Гравійную дарогу ў Стаўпянятах насыпалі ў 1988 годзе, а праз тры гады яе заасфальтавалі.



Вучні Стаўпяняцкай школы з 1 па 8 клас. У цэнтры – дырэктар Уладзімір Раслевіч

Вайна

Непадалёк ад Стаўпянят зна­хо­дзіцца партызанская вёска Куцькі Мядзельскага раёна. Летам 1943 года немцы яе бамбілі і знішчылі амаль ушчэнт. Той дзень запомніўся і жыхарам Стаўпянят: самалёты з дзікім ровам разварочваліся над самымі дамамі, ад блізкіх аглушальных выбухаў бомб закладвала вушы. Жанчыны хаваліся ў барозны, закрываючы сабой дзяцей.

Летам 1944 года, калі савецкія войскі вялі наступленне, танкавы ўзвод праходзіў праз Стаўпяняты і ў адным з танкаў выйшла са строю гусеніца. На ўскрайку вёскі, зводдаль, жылі Міхновічы. Гаспадар меў кузню. Там і спы­ніўся танк. Пакуль кляпалі гусеніцу, над вёскай праляцела нямецкая «рама» – і, відаць, самалёт-разведчык «засёк» танк. Да таго ж у Міхновічаў над домам узвышалася антэна – гаспадар любіў слухаць радыё. Магчыма, немцы падумалі, што тут знаходзіцца штаб, і ноччу скінулі на хутар 11 бомб. Знішчылі хлеў, усю жывёлу, палову хаты – дом быў на 2 канцы. Калі пачалася бамбёжка, гаспадары спалі. Мужа асколкам бомбы разнесла ў шматкі, а  яго жонку, якая ляжала побач, нават не зачапіла – відаць, анёл засланіў крылом, бо была яна цяжарнай.

Прайшоў усю вайну і вярнуўся ў родную вёску жыхар Стаўпянят Бярнард Ягоравіч Бабіч.



У розныя гады ў гэтым будынку размяшчаліся  праўленне калгаса, бібліятэка і школа

Школа 

У 1935-1938 гадах 2 класы школы займалі другую палову дома Франца Мацкевіча. У 1940-м у вёсцы адкрылі спачатку пачатковую, а пазней – васьмігадовую беларускую школу. Яна месцілася ў доме Караліны Мацкевіч, якая, як і многія вяскоўцы, пасля вайны выехала ў Польшчу. Вучняў было многа, прыходзілі дзеці з суседніх вёсак, і школа працавала ў дзве змены. У 1959 годзе быў нават адкрыты вячэрні курс для 8 класа.

Як васьмігодка школа існавала да 1962-га. Потым вучняў стала менш. Ганна Свідэрскене ўспамінае, што ў 1963 годзе ў першы клас прыйшоў толькі 1 вучань, а ў яе чацвёртым класе было сямёра. Далей вучыцца трэба было ў Страчы за 5 кіламетраў. Мама Ані Ядвіга Мацкевіч сабрала подпісы бацькоў і звярнулася ў раённы аддзел адукацыі з просьбай адкрыць у Стаўпянятах пяты клас. Вяскоўцам пайшлі насустрач, прыслалі маладую настаўніцу Раісу Міхайлаўну, якая вяла ўсе прадметы. А ў 1975 годзе ўстанову зачынілі.

Першым дырэктарам школы быў Курыловіч, яго змяніў вядомы краязнаўца Іван Пятровіч Драўніцкі, які працаваў да 1958 года. Затым да 1963-га школьны калектыў узначальваў Уладзімір Уладзіміравіч Расле­віч.

Настаўнікамі працавалі Гла­фі­ра Андрэеўна Раслевіч, Эль­віра Фран­цаўна Лобач, выпуск­ніца пецяр­буржскай гімназіі Алім­пія­да Салавей, мясцовая жыхарка Лён­­гіна Уладзіміраўна Куркуль, Соф’я Карпаўна Валад­кевіч.

Культура

У 1952 годзе ў вёсцы ў тым жа будынку, дзе размяшчалася калгасная кантора, адкрылі хату-чытальню. Першым бібліятэкарам быў Іван Тышко, затым – Ліда Бабіч. Бібліятэка працавала ў Стаў­пянятах да 1960 года. А калі ў Стра­чанцы пабудавалі клуб і кантору калгаса, туды ж перасялілі і бібліятэку з Вялікіх Стаўпянят.

У вёсцы было шмат моладзі, якая танцавала пад цымбалы ў хаце Мароза. Ганна Трубіцкая ўспамінала, як у 1980-1990-х, калі з’яві­ліся транзістары, магнітолы і магні­тафоны, стаўпяняцкая моладзь абсталявала сабе месца адпачынку за вёскай, у «ямах»: калі насыпалі гравійную дарогу, у кар’еры атрымалася роўная, гладкая і даволі вялікая пляцоўка. Хлопцы павесілі там валейбольную сетку і нават чырвоны сцяг: там быў іх летні «клуб».

У 1981 годзе вярнуўся з арміі брат Ганны Трубіцкай Іван Міхно­віч і стаў працаваць у Стра­чан­скім доме культуры мастацкім кіраў­ніком. Неўзабаве ён стварыў ва­кальна-інстру­ментальны ансамбль, у якім быў кіраўніком, гіта­рыстам і салістам. На працягу некалькіх гадоў стаўпяняцкія музы­кі «давалі жару» ў мясцовых клубах. 

Асаблівасці вясковай гаворкі

Краязнаўца Іван Драўніцкі, які некаторы час працаваў у Стаў­пя­нятах дырэктарам школы, зана­тоўваў нязвыклыя, уласцівыя толькі гэтай мясцовасці словы і нават апублікаваў гэтыя нататкі ў «Астравецкай праўдзе». 

Для мяне незнаёмым было слова «ківяні» – апалонікі (галавасцікі па-руску), якіх дзеці лавілі ў ручаях вясной. Аказваецца, слова гэтае захавалася ў мясцовай гаворцы з польскіх часоў: апалонік па-польску kijanka.

Цікавае слова «ракрацыя» – радасць ад удзелу ў якой-небудзь сумніўнай справе (нейкая ж яму ракрацыя з гэтага!).

Слова «кушаць» у Стаўпянятах ужывалася ў значэнні каштаваць: «Пакушай, ці ўдаўся ў мяне хлеб», «Пакушай маёй каўбасы, ці ўсяго досьць?»

А якія каларытныя тапонімы ў ваколіцах Стаўпянят! Хлошч, Кухальшчына, Асінавае балота, Доўгае балота, Каменны мост, Паміжлозя, Кінеўя, Падклённе, Заполле, Прэсі, Гаі, Заднішкі, Лісіныя норы, Козі Хрыбет, Прызба, Гейбава гара, Яцкава гара, Карэя, Вуглі і іншыя.



Сустрэча школьнікаў з Іванам Драўніцкім, які  ўзначальваў школу да 1958 года.

Людзі кажуць…

Мясцовы жыхар Цэзарый Мац­кевіч успамінае, як яго бабуля расказвала гісторыю, пачутую ад сваёй бабулі пра пажар: хаты, крытыя саломай, успыхвалі адна за другой, як свечкі. Выгарала амаль уся вёска. У хуткім часе праязджаў праз паселішча гене­рал-губернатар і, убачыўшы папя­лішчы, выдзеліў грошы на яго адбудову. 

Той жа Цэзарый расказаў мясцовае паданне пра залатую казу, якую нібыта ў далёкім мінулым бачылі на ўзгорку за вёскай. Жывё­ліна бегала, а з яе хрыбта сы­паліся залатыя манеты. Людзі вырашылі злавіць казу, але яна знікла і больш яе ніхто не бачыў. А пагорак той так і называецца – Козі Хрыбет. Не раз чула выраз пра бесклапотнае дзяцінства: «У іх яшчэ ўсе козы ў золаце» – відаць, вытокі яго паходзяць ад гэтага падання.

Ганна Трубіцкая падзялілася легендай пра напалеонаўскае золата. Чуткі пра схаваныя ў нашых землях багацці Напалео­на да гэтага часу бударажаць скарбашукальнікаў. Я ведаю ў нашым краі як мінімум 4 месцы, дзе, як сцвярджаюць «знатакі», французскі імператар схаваў нарабаванае ў Маскве багацце. Адно з іх – у Стаўпянятах. З пакалення ў пакаленне перадаюць тут паданне пра залатую лодку Напалеона, схаваную на Козім Хрыбце. Сярод аргументаў тых, хто ў гэта верыць: месца прыкметнае, і войскі маглі ісці па дарозе, якая злучала Полацкі тракт са Свянцянамі і Пабрадзе. А Ганна Свідэрскене расказвае, што на вясковых могілках ёсць незвычайны помнік: старажытны, каменны, на якім у цэнтры выразаны вялікі крыж – падобна на групавое пахаванне, магчыма, французскіх салдат.

Цяпер у Стаўпянятах засталося 6 дамоў, у чатырох з якіх жыве па адным чалавеку. Ядвіга Дрозд, Цэзарый Мацкевіч, Віктар Тарасаў, Ядвіга Бабіч, Часлаў і Алена Мацкевічы, Яніна Міхновіч, Ганна і Мілана Трубіцкія падтрымліваюць цяпельца жыцця ў некалі Вялікіх Стаўпянятах.

Тут мне ў свой час давялося пражыць некалькі гадоў. Зялёная і ўтульная, як і большасць беларускіх паселішчаў, моцная і дагледжаная – тады здавалася, што яна будзе такой заўсёды… 

У знак удзячнасці вёсачцы, што некалі мяне прыняла і прытуліла, і яе прыязным жыхарам, а таксама на добры ўспамін тым, каго лёс закінуў далёка ад роднай хаты і хто захаваў у сэрцы любоў да бацькоўскай зямлі, вырашыла напісаць багатую падзеямі, людзьмі і паданнямі гісторыю Вялікіх Стаўпянят. 

Выказваю шчырую ўдзяч­насць тым, хто падзяліўся ўспамі­намі: Ганне Свідэр­ске­не, Цэзарыю Мацкевічу і Ганне Трубіцкай.


Франц Мацкевіч – нашчадак Яцка Мацкевіча

Ганна Свідэрскене, нашчадак Яцкаў

Текст: