Вінцэнт Мураўскі: жывы сведка генацыду

09:02 / 12.07.2022
284
Астравеччына была цалкам акупіравана нямецкімі войскамі ў чэрвені 1941 года. Прадоўжылася акупацыя да вызвалення, якое адбылося ў ліпені 1944-га.

Адначасова з акупацыяй нацысты і іх памагатыя – літоўскія і латышскія паліцаі – пачалі знішчаць яўрэяў. Па паказаннях сведкаў тых падзей, занатаваных у раённай кнізе «Памяць», за іх выдачу ці звесткі пра іх знаходжанне немцы прапаноўвалі мясцовым жыхарам прэміі: цукар ці соль.

У населеных пунктах, дзе яўрэяў знішчылі не адразу, фашысты стварылі гета – яны былі ў Астраўцы, Варнянах, Міхалішках, Гудагаі, Кямелішках і Быстрыцы. Людзей выганялі на цяжкія прымусовыя работы, многія вязні паміралі ад цяжкай працы і пастаяннага голаду.


Адно з такіх гета было створана ў Варнянах, дзе да пачатку вайны жыло каля 50 яўрэяў. Пасля акупацыі іх сагналі на тэрыторыю каля касцёла, якую абгарадзілі высокім плотам, абнеслі калючым дротам.

У 1944 годзе яўрэяў, якія засталіся, пагналі ў Міхалішкі – тут быў зборны пункт, з яго людзей пешшу адправілі ў Вільнюс і Панары, дзе і забілі.

Нягледзячы на жорсткую палітыку генацыду, усё ж былі яўрэі, якім пашчасціла выжыць. Так, вядома, што ізраільскім мемарыяльным інстытутам «Яд Вашэм» 4 жыхары нашага раёна ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету». Гэта Мечыслава Ракоўская, Ян Сялевіч, Станіслаў і Браніслава Вішнеўскія.

Сярод іх пакуль не значыцца прозвішча Вінцэнта Мураўскага. Але, упэўнена, мужчына заслугоўвае таго, каб пра яго ўчынак помнілі.

Вінцэнт Мураўскі нарадзіўся ў вёсцы Бабраўнікі Варнянскага сельсавета. Сёння яму за 90, жыве мужчына ў Вільнюсе. Нядаўна ён вырашыў падзяліцца гісторыяй свайго дзяцінства, якое прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Калі ў Бабраўнікі прыйшлі немцы, мне было гадоў 9. Акупанты размясціліся ў школе.

А ў Варнянах было гета. Там шмат яўрэяў сабралі. Фашысты з імі не чыкаліся: адпраўлялі на работы, дарожкі яны рабілі, прыбіралі. А калі што не так – у машыну і везлі на Вільнюс. Што было з імі далей, невядома.

У яўрэяў мой бацька працаваў да вайны мясніком, таму мяне іх дзеці ведалі, я гуляў з імі і нават трохі на іх мове мог гаварыць.

Калі ў гета ў адной жанчыны нарадзілася дзіця, мы вырашылі яго выратаваць. Хітра зрабілі: бацькі далі мне сумачку, і я пайшоў на тэрыторыю гета. Немцы мяне не чапалі. Маці завярнула дзіця ў анучку, паклала ў сумку, і я панёс яго праз дарогу – туды, куды мне сказалі. А там ужо чакала родзічка па маёй маці, у якой сваё дзіцятка памерла – яна і забрала немаўлятка.

Яна яго гадавала да 5 гадоў. Пасля вайны я бачыў гэтае дзіця. Яго адправілі ў Вільнюс, а потым яно далей паехала. Ён не хацеў ад’язджаць, але родзічы ўгаварылі. Паказалі яму мяне, сказалі, што я выратаваў яму жыццё. Пазней ён прыязджаў, праўда, дзе цяпер, я не ведаю.

Маці дзіцяці разумела, што толькі перадаўшы немаўля з гета, хай і чужым людзям, магла выратаваць яму жыццё. Яна адчувала, што яго чакаў расстрэл.

… Не раз падчас вайны бацька рызыкаваў сваім жыццём – і мне тлумачыў: калі немцы правераць – расстраляюць і мяне, і цябе. Але нам пашанцавала – мы засталіся жывыя. 

Разам з бацькам ездзілі на кані, куплялі прадукты і адвозілі іх нейкім людзям, не раз іх суправаджалі. Канешне, бацька не расказваў, што гэта за людзі. Пазней я даведаўся, што гэта былі камандзіры Чырвонай арміі. 

Я выконваў усё, што гаварыў бацька. Аднойчы ён адправіў мяне ў размяшчэнне немцаў, я не раз там быў, часам есці прасіў, і яны да мяне ўжо прывыклі. Мая задача была палічыць, колькі машын і гармат у іх ёсць. Рабіў я гэта на пальцах. І аднойчы рук не хапіла – я нахіліўся, каб палічыць пальцы на нагах, а немец ззаду так штурхануў нагой, што я страціў прытомнасць.

… Ад жонкі, якая родам была з Міхалішак, ведаю яшчэ адну гісторыю пра выратаванне яўрэяў.

У іх вёсцы быў яўрэй, які добра лячыў людзей. Немцы гналі бедакоў у Вільнюс на падводах. Сям’я таго чалавека якраз ехала на кані майго цесця. Конь быў вывучаны: калі яму ўдарыць вітачкай па каленах, разганяўся. Так той яўрэй і зрабіў. Конь паскакаў, падводу разнесла – і людзі змаглі схавацца ў лесе. Немцы іх не знайшлі. Пасля вызвалення гэтыя яўрэі прыязджалі ў Міхалішкі, дзякавалі за выратаванне.

Гэта толькі невялікія ўрывачкі ўспамінаў Вінцэнта Му­раў­скага, але і яны сведчаць пра жорсткасць немцаў, якіх нічога, нават плач дзіцяці, не магло спыніць. І варта пра гэта ведаць і памятаць.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Дмитрий Соколовский
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений