Астравецкі дэсант на Навагрудчыне: самае-самае…

10:16 / 09.07.2022
Калектыў рэдакцыі «Астравецкай праўды» чарговы дзень нара­джэння газеты традыцыйна адзначыў вандроўкай па Беларусі. На гэты раз месцам прыцягнення стаў Навагрудскі раён. Для адных, добра знаёмы, ён адкрыўся новымі мясцінамі і людзьмі, для іншых – стаў сустрэчай з нязведаным.

Я ж, узгадваючы былыя ўражанні пры наведванні ўжо знаёмых храмаў і паселішчаў і складваючы ў скарбонку душы пацеркі новых, штораз лавіла сябе на думцы аб ролі асобы ў развіцці чаго б там ні было. У чарговы раз пераканалася: можна прымаць колькі заўгодна правільных рашэнняў і пастаноў, але пакуль не з’явіцца чалавек, у якога будуць гарэць вочы, – справа ў лепшым выпадку будзе ісці як мокрае гарыць, дзеля праславутай «галачкі» і справаздачы. І наадварот: калі такія людзі з’яўляюцца, то і без пастаноў знаходзяцца сродкі, магчымасці, аднадумцы. І ўрэшце – нешта асаблівае, самае-самае, на што прыязджаюць падзівіцца зблізку і здалёк і чым ганарацца ў тым ліку і тыя, хто перш не верыў у поспех.

Уселюб: самы стары і сучасны касцёл

Да свайго сораму, не ведала, што самы старадаўні з захаваўшыхся каталіцкіх хра­маў у Беларусі – гэта касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе. Час яго пабудовы датуецца прыкладна 1433 годам. Узведзены ён за сродкі канюшага вялікага князя Вітаўта Яна Няміра, ад якога пайшоў знакаміты род Неміровічаў.

За амаль шэсць стагоддзяў касцёл перабудоўвалі і дабу­доў­валі, самая цікавая з усіх пры­будоў – трох’ярусная званіца, якая з’явілася тут у 19 стагоддзі, але вельмі ўдала і арганічна ўпісалася ў архітэктурны ансамбль. 

Храм перараблялі ў кальві­ні­с­цкі збор. Ён неаднаразова мяняў імя: першапачаткова асвечаны ў гонар Святога Яна, у розныя часы зваўся касцёлам Узвышэння Святога Крыжа, затым – Святога Казіміра Каралевіча – гэтае імя яму вярнулі ў 1991 годзе. Яго зачынялі ў часы богаборніцтва, рабавалі – мясцовыя жыхары разабралі па хатах некаторую касцёльную маёмасць, якую затым прынеслі ў адроджаны храм. Неверагодная гісторыя ўратавання распяцця Хрыста 19 стагоддзя, якое доўгі час хавалі шчырыя вернікі. І за ўсе гады гэты дом адзіны ў вёсцы пазбегнуў няшчасцяў: сям’я зберагала Хрыста, а Бог бярог сваіх ратавальнікаў.

У савецкія часы ў храме размя­шчаліся то склад, то спартыўная школа. У 1986 годзе тут узнік пажар, прычыну якога так і не высветлілі. Пасля таго касцёл доўга стаяў у запусценні. Калі яго вярнулі вернікам, доўга і цяжка адбудоўваўся.



Тое самае распяцце 19-га стагоддзя

Сёння самы старажытны касцёл Беларусі стараннямі пробашча Віталя Цыбульскага набывае славу самага сучаснага. Тут з’явіліся адметныя святыні: фігуркі Маці Божай Фацімскай, прывезенай з Партугаліі, і Маці Божай Новага Жыцця – адзінай у Беларусі скульптуры цяжарнай Багародзіцы, да якой звяртаюцца з малітвамі аб шчасці мацярынства.

На дагледжанай прыкасцёль­най тэрыторыі важна разгуль­вае паміж стацыямі з біблейскімі цытатамі бусел. Вінаград заплятае маляўнічыя альтанкі. Пасля імшы можна адпачыць на зручных лаўках альбо пагуляць у беларускі боўлінг ці дартс. Ва ўтульнай кавярні наведвальнікам прапануюць духмяную гарбату з траў і гутарку пра іх лекавыя ўласцівасці. Тут вас пачастуюць мёдам і раскажуць захапляючую гісто­рыю касцёла і мястэчка, яго ўладальнікаў, сярод якіх  – прад­стаўнікі знакамітага ірлан­дскага роду О’Руркаў; цудоўнага парка, які яшчэ чакае захопленых лю­дзей і адраджэння. 
А калі нехта, здарожыўшыся, захоча затрымацца ва Уселюбе на ноч ці на некалькі дзён, яму гасцінна прапануюць начлег. Дарэчы, тут штогод ладзіцца казіміраўскі фэст «Разам». 

«Я хачу, каб людзі будавалі не высокія платы, а масты паміж сэрцамі», – гаворыць ксёндз Віталь. Яму ўдалося стаць тале­на­ві­тым архітэктарам і прарабам гэтага будаўніцтва!


Адзіная ў Беларусі фігура цяжарнай Божай Маці

Лаўрышава: самы старажытны і малады манастыр

Лаўрышаўскі манастыр лі­чыц­ца самым старажытным у Беларусі, пра яго ўзгадваецца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе 1255 года. Ён быў заснаваны сынам вялікага князя літоўскага Міндоўга Вайшэлкам, які, пастрыгшыся ў манахі, атрымаў імя Лаўр. Ад гэтага імя ці ад таго, што манастыр стаў першай на тэрыторыі Беларусі лаўрай, пайшла назва бліжэйшага населенага пункта – Лаўрышава.

Першым настаяцелем манас­тыра стаў прападобны Елісей. Летапіс сведчыць, што ён быў забіты 5 лістапада 1250 года беснаватым паслушнікам, які вылечыўся, дакрануўшыся да мошчаў настаяцеля. 



На тэрыторыі манастыра будзе пабудавана 33 капліцы

Манастыр зведаў часы роск­віту і заняпаду. Ён зачыняўся тройчы, апошні раз – падчас Першай сусветнай вайны. І кожны раз паўставаў з руін. Апошняе, чацвёртае, адраджэнне адбылося ў 1997 годзе, калі тут пачалося будаўніцтва храма ў гонар прападобнага Елісея. У 2007 годзе абіцель зноў атрымала статус мужчынскага манас­тыра. Сёння тут жывуць, працуюць і служаць пяцёра манахаў і столькі ж паслушнікаў.

…Цяжка сказаць, што пры­ваб­лівае сюды паломнікаў: багатая гісторыя, намоленае стагоддзямі месца, асаблівая святасць, якую вылучаюць, здаецца, не толькі храм – невялікі, але такі цёплы і ўтульны, нібы яго пабудавалі не два дзесяцігоддзі таму, а, па меншай меры, два стагоддзі. Здаецца, што найперш – асаблівая, настоеная на малітве цішыня. Цяжка адысціся ад помніка прападобнаму Елісею. Ніхто з нашых сучаснікаў не ведае, як ён выглядаў, але чамусьці верыцца, што ён быў менавіта такім, якім з’явіўся ў сне маскоўскаму скульптару. Магнітам цягне ў халодную ваду храма-купелі: хочацца змыць з сябе мітуслівыя думкі, жаданні, памкненні – і выйсці ў свет ачышчаным, як не­маўля. А пачуўшы ў шапаценні гонкіх соснаў, у плёскаце хва­ляў блізкага Нёмана зразуме­лыя чуйнаму сэрцу словы малітвы, міжволі імкнешся да­лучыць да іх свае словы ўдзячнасці і просьбы… 

…Адсюль не хочацца з’яз­д­жаць – разумееш палом­нікаў, якія, завітаўшы на дзень-другі, застаюцца на тыдні і месяцы, каб у настоенай на хвойным водары, птушыных спевах малітоўнай цішыні пераасэнсаваць сваё жыццё і сябе ў ім. 

Пераходзячы па драўляным мосціку з размеранага, напоў­ненага глыбокім сэнсам манас­тырскага жыцця ў мітуслівае мірское, хочацца сказаць: я сюды абавязкова вярнуся!



Храм у гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага

Літоўкасамы незвычайны музей

Да гэтага часу не вызначаны не толькі афіцыйны, але і мастацкі ці культурны статус Літоўкі, не вырашана, што ж менавіта стварыў некалькі гадоў таму паблізу Навагрудка прыватны прадпрымальнік Сяргей Коваль, якога ў наваколлі называлі Французам: прыватны дом-музей? Сядзібу-фэнтэзі?

Зрэшты, ён сам не імкнуўся знай­сці азначэння для таго, што зрабіў: калі ў 2017 годзе падчас абласнога семінара рэдактараў раённых газет мы завіталі ў Літоўку, папярэдзіў: не шукайце сэнсу – яго тут няма.

У многіх (я не выключэнне) адносіны да ўсяго, што там зроблена-сабрана-выстаўлена, мякка кажучы, неадназначныя.

Тым не менш, нельга не захапляцца гэтым незвычайным комп­лексам, створаным Ковалем за ўласныя сродкі і па ўласнай ініцыятыве. Тут сабраны вельмі таленавітыя мастацкія работы, не аб’яднаныя ні адзіным стылем, ні жанрам, ні напрамкам, хіба што глыбокім патаемным сэнсам, які кожны шукае ці ў шалёных вачах ведзьмака, ці ў калекцыі прыбітых цвікамі да сцяны мабільных тэлефонаў, ці ў скульптуры чалавека, які трымае ў руках зямны шар, – а яго душыць ненажэрная жаба…

Хоць адзін пакой у доме падабаецца мне без усялякіх «але»: невялікая экспазіцыя, прысвечаная Уладзіміру Высоцкаму, які некалі пару тыдняў жыў з Марынай Уладзі каля апетага Адамам Міцкевічам у паэме «Гражына» возера Літоўка падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой».

Шчыра кажучы, едучы ў гэты раз у Літоўку, непакоілася: што там цяпер? Не важна, падабаецца мне зробленае Французам ці не, – хочацца, каб яно засталося і кожны жадаючы мог гэта ўбачыць і сфарміраваць уласнае меркаванне.

На шчасце, сядзібу, якую на нейкі час зачынілі пасля шмат­лікіх скаргаў тых, для каго мас­тацтва – толькі тое, што ўклад­ваецца ў яго ўласную сістэму каштоўнасцей, пасля тра­гічнай смерці гаспадара ў 2019 годзе зноў адкрылі для навед­валь­нікаў. Цяпер ёй апякуецца дачка прадпрымальніка. Уваход, праўда, стаў платным (Коваль прынцыпова не браў з навед­вальнікаў грошы), але кошт чыс­та сімвалічны.

Так што, калі будзеце праязджаць міма Літоўкі – не мінайце! 

(Працяг будзе)



Жаба душыць чалавека
Текст: Нина Рыбик