У Дзень Незалежнасці ў Астраўцы ля помніка савецкім воінам і партызанам прайшоў мітынг

13:42 / 03.07.2022
1306

Урачысты мітынг, прымеркаваны Дню Незалежнасці і вызваленню Рэспублікі Беларусь і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сабраў астраўчан і гасцей горада ля помніка савецкім воінам і партызанам.

Адкрылі яго дзеці тэатралізаваным прадстаўленнем – юныя астраўчане падарылі дарослым хвіліны радасці і гордасці за падрастаючае пакаленне.

З віншаваннямі да жыхароў раёна і яго гасцей звярнуўся старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін.

– Сардэчна віншую ўсіх з галоўным святам беларускай дзяржаўнасці – Днём Незалежнасці, а таксама 78-й гадавінай вызвалення Беларусі і горада Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў! Са святам, якое стала ўвасабленнем гераізму, стойкасці, мужнасці і велічы духу нашага народа, днём нашай славы і гонару, памяці аб мінулым, гордасці за сучаснае і ўпэўненасці ў будучыні, – звярнуўся да астраўчан Ігар Шалудзін. – Незалежнасць нашай дзяржавы заснавана на заслугах пакалення пераможцаў. Гэтае вялікае свята нагадвае нам пра каштоўнасць кожнай хвіліны мірнага жыцця, яно працята пачуццём бязмежнай падзякі тым, хто абараніў нашу зямлю і падарыў нам свабоду. Іх мужнасць заўсёды будзе найлепшым прыкладам любові да Радзімы і свайго народу.

У раёне застаўся адзін ветэран і пяць вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Іх нашчадкі, сённяшнія пакаленні, помняць, што незалежнасць – гэта, у першую чаргу, вялікая адказнасць перад гісторыяй Беларусі, перад будучым пакаленнем краіны. І колькі б ні мінула гадоў, астраўчане, зрэшты, як і ўсе беларусы, назаўсёды захаваюць памяць пра тых, каму абавязаны жыццём, мірам, блакітным небам, магчымасцю працаваць на карысць нашай суверэннай дзяржавы.

– Апаненты Беларусі спрабуюць перапісаць гісторыю, прымушаючы нас забыць урокі вайны і подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў. І наш абавязак – абараніць і захаваць гістарычную праўду, навучыць дзяцей і ўнукаў любіць сваю зямлю так, як любілі яе іх гераічныя продкі. Гінучы ў жорсткіх бітвах, яны думалі пра нас, пра нашу мірную будучыню, – адзначыў Ігар Шалудзін.

Больш за чвэрць стагоддзя суверэнітэту Беларусь дасягнула многага. Шлях станаўлення і развіцця прайшоў і Астравец, адзін з самых маладых гарадоў рэспублікі. Сёлета Астравеччына занесена на абласную і рэспубліканскія Дошкі гонару. І ўсё гэта дзякуючы нашым людзям, якія сваёй працай мацуюць незалежнасць.

Падчас урачыстасці старшыня райвыканкама ўручыў пасведчанні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі выхаванкам дзіцячай школы мастацтваў Аліне Сцяшанавай і Ульяне Бучынскай.

Ад маладога пакалення, якому цяпер трэба захаваць і прымножыць усё, што перадалі ў спадчыну нашы дзяды і прадзеды, астраўчан прывітала настаўнік Наталля Пекар.

– Мы нясём адказнасць за нашу моцную і квітнеючую краіну. Толькі здаровая, развітая і мэтанакіраваная моладзь забяспечыць працвітанне краіны ў будучыні. Нам важна быць патрыётамі, паважаць гісторыю, культуру і традыцыі, быць адказнымі не толькі за сябе, але і за нашых бацькоў, дзядуляў і бабуляў, – адзначыла дзяўчына.

Выкананне Дзяржаўнага гімна, хвіліна маўчання, трайны залп – у гэтыя хвіліны кожны ганарыўся сваёй краінай і ўспамінаў тых, каму абавязаны шчасцем жыць. Да помніка ляглі кветкі – мітынг у гонар дзяржаўнага свята атрымаўся прыгожым і яскравым.

З першых вуснаў

Аляксей Тамчанок, пракурор раёна:

– 3 ліпеня 1944 года былі вызвалены сталіца нашай краіны і Астравец. На рэферэндуме мы прагаласавалі за папраўкі ў галоўны закон краіны – Канстытуцыю, дзе замацаваны такія палажэнні, як захаванне гістарычнай памяці і праўды аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – цяпер гэта абавязак кожнага грамадзяніна.

Нашы продкі адваёўвалі права на мірнае жыццё і стваральную працу на сваёй зямлі, права самастойна вырашаць лёс свайго народа, таму мы павінны зрабіць усё, каб на нашай зямлі былі мір, стабільнасць і дабрабыт.

Дар’я Пятровіч, вучаніца гімназіі №1:

– Удзельнічаю ў многіх мерапрыемствах, што праходзяць у нашым раёне. Дзень Незалежнасці – галоўнае дзяржаўнае свята, да яго мы, школьнікі рознага ўзросту, падрыхтавалі флэшмоб, які стане падарункам астраўчанам ад маладога пакалення. Я ганаруся, што жыву ў нашай прыгожай краіне і жадаю нам усім працвітання!






















Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Видео: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений