Ашмянскія бібліятэкары завіталі на Астравеччыну

11:11 / 29.06.2022

Астравецкі раён стаў адным з пунктаў работы рэгіянальнага семінара «Бібліятэчнае краязнаўства: новыя тэндэнцыі і традыцыйныя каштоўнасці».

Стартавала мерапрыемства 23 чэрвеня на Ашмяншчыне. Удзел у ім прынялі супрацоўнікі мясцовых бібліятэк і іх калегі з Астраўца.

Пасля экскурсіі па Ашмянскай раённай бібліятэцы ўдзельнікі семінара абмеркавалі праблемы сучаснага краязнаўства, разглядзелі новыя накірункі дзейнасці бібліятэк у гэтай сферы.

Затым яны наведалі сельскія бібліятэкі аграгарадкоў Жупраны, Кальчуны, Гальшаны, Баруны. У Гальшанах пабывалі ў музеі Дугі Струвэ, прайшліся па адноўленай вежы замка. У Барунах ушанавалі памяць загінулых у гады Першай сусветнай вайны лётчыкаў з экіпажа самалёта «Ілля Мурамец».

А 24 чэрвеня семінар завітаў у Астравец. Спачатку гасцей пазнаёмілі са шматфункцыянальным комплексам, карціннай галерэяй мастака Льва Дабжынскага і экспазіцыяй, прысвечанай Адаму Мальдзісу.

Далей загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольга Тварагаль расказала пра новыя формы краязнаўчай работы ў раённай бібліятэцы. Вопытам падзяліліся супрацоўніцы Мальскай, Рытанскай, Міхалішкаўскай бібліятэк.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.