Титан белорусского Возрождения из Островца

08:57 / 12.09.2012

Адам Мальдзіс….На Астравеччыне – гэта імя ведае кожны. Але не кожны ведае пра тыя заслугі, пра той уклад, які ўнес у развіцце культуры нашай рэспублікі, і не толькі, гэты таленавіты чалавек.


А. Мальдзіс працаваў на Беларусь усё жыццё. Працуе і цяпер. Ён – з тых, хто стварае Беларусь, з’ядноўвае яе. Вялікі ўклад яго працы ў тым, што вывучаючы культуру Беларусі ён глядзеў шырэй, за яе межы: дбаў пра сувязі з суседзямі, актыўна вывучаў гісторыю культурных узаемасувязяў і сам рознымі спосабамі імкнуўся ўмацаваць жывыя сённяшнія кантакты. Ен увасабляе дыялог культур. Літва, Расія, Польша, Украіна, Чэхія, Італія, Амерыка…Ва ўсіх гэтых краінах ён вядомы, вядомы яго даследаванні, навуковыя пошукі і памкненні.
А.В. Мальдзіса аб’ектыўна можна лічыць адным з пачынальнікаў беларускага Адраджэння апошняй чвэрці ХХ ст. Яму належаць навуковыя працы, у якіх упершыню былі апублікаваны факты, літаратурныя і гістарычныя крыніцы, якія да таго часу былі альбо малавядомыя, альбо зусім невядомыя; ён аднавіў імёны тых, якія несправядліва былі забыты.
З апошніх прац А. Мальдзіса варта ўзгадаць працы пра Ежы Гедройца, біяграфічныя нарысы пра Ігната Дамейку, Канстанціна Ельскага, Зыгмунта Мінейку і Марыю Багушэвіч у зборніку “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, матэрыялы ў кнізе “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”, зборніку артыкулаў і матэрыялаў ІV Міжнароднага кангрэса беларусістаў.
Сваю навуковую дзейнасць А. Мальдзіс пачынаў як даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры XVII – XIX ст. У 1963 г. пад кіраўніцтвам А. Адамовіча была падрыхтавана і абаронена кандыдацкая дысертацыя на тэму: “Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове ХІХ ст.”, якая з цягам часу была дапрацавана, пашырана тэма і аб’ект даследавання і выйшла асобнай манаграфіяй “Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове ХІХ ст.” У манаграфіі А. Мальдзіс упершыню выказаў, а ў далейшым абгрунтаваў некалькі паняццяў і ідэй, якія сталі асноўнымі ў вызначэнні пэўных этапаў станаўлення беларускай літаратуры, культуры, айчыннай гісторыі. Да прыкладу, у XVII – XVIII ст., па сцвярджэнні скептыкаў, наступіў поўны заняпад беларускай літаратуры. А.В. Мальдзіс запоўніў гэты прагал многімі невядомымі фактамі. Прааналізаваўшы развіццё культуры ў гэты перыяд, вучоны прыйшоў да высновы, што гэта эпоха беларускага барока, на змену якой у сярэдзіне XVIII ст. прыйшла эпоха Асветніцтва.
Кніга нарысаў “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва, культуры” актыўна выкарыстоўваецца ў якасці вучэбнага дапаможніка ва ўніверсітэтах, школах. Аўтар прывёў даволі грунтоўныя аргументы на карысць навуковай канцэпцыі пра пачынальнікаў новай беларускай літаратуры як творцаў дзвюх культур – польскай і беларускай. Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля, С. Манюшка, І. Дамейка – імёны тых знакамітых людзей, лёс якіх быў непарыўна звязаны з беларускай зямлёй і іншымі краінамі, імёны, якія адкрылі для еўрапейскай грамадскасці Беларусь, яе мову і культуру.
Галоўным жа напрамкам дзейнасці Мальдзіса на працягу жыцця было і застаецца – рэстытуцыя (вяртанне) нацыянальных каштоўнасцей, якія па розных прычынах апынуліся за межамі рэспублікі.
Калі ацэньваць практыку вяртання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, то Беларусь вельмі адстае ад суседніх краін, ад еўрапейскага ўзору і вопыту. І гэта можна аргументаваць тым, што, па-першае, маштабы страт Беларусі не ідуць ні ў якое параўнанне са стратамі іншых еўрапейскіх краін. У час Другой сусветнай вайны былі поўнасцю або часткова знішчаны амаль усе беларускія музеі, бібліятэкі і архівы, зніклі найкаштоўнейшыя рэліквіі. Значныя страты нанесены і ў час Першай сусветнай вайны, напалеонаўскага паходу, падаўлення паўстанняў 1794, 1830 і 1863 гг.






Па-другое, страты каштоўнасцей Беларусі найменш даследаваны, а вяртанне каштоўнасцей магчыма толькі пры іх поўным вывучэнні. Па-трэцяе, доўгі час у Беларусі не было ні дзяржаўнага, ні грамадскага органа, які займаўся б пытаннямі рэстытуцыі. Толькі ў 1989 г. пры Беларускім фондзе культуры пачала сваю дзейнасць грамадская камісія “Вяртанне”, якую ўзначаліў Адам Мальдзіс.
Галоўнай задачай камісіі з’яўляецца: выяўленне ўтрачанага, інвентарызацыя і публікацыя спісаў гэтых каштоўнасцей. Пасля чаго неабходна ставіць пытанне аб іх рэстытуцыі на радзіму або сумесным карыстанні імі з той краінай, дзе яны зараз знаходзяцца.
Камісія “Вяртанне” накіравала сваю дзейнасць у першую чаргу на выяўленне і пошук каштоўнасцей, якія былі вывезены з нашай тэрыторыі ў гады Другой сусветнай вайны.
Беларускія зборы падчас вайны вывозіліся як у заходнім, так і ва ўсходнім накірунках. Сёння беларускія каштоўнасці выяўлены ў Германіі, Польшчы, Украіне, Літве, Латвіі, Расіі. Стымулам непрымусовага вяртання каштоўнасцей могуць і павінны з’яўляцца маральныя фактары. Мы павінны быць зацікаўлены ў вяртанні нашых скарбаў на радзіму, павінны ўсебакова спрыяць гэтаму.
Адам Мальдзiс на працягу некалькiх апошнiх гадоў выступаў у газеце «СБ. Беларусь сегодня» з цыклам публiцыстычных артыкулаў пра беларускiя каштоўнасцi ў свеце. Завочнае падарожжа па музеях, мастацкiх галерэях, бiблiятэках i нават прыватных калекцыях у розных краiнах свету выклiкала шырокi чытацкi розгалас. Праца, разлiчаная, здавалася б, выключна на газетны фармат, вылiлася ў асобную кнiгу, якая так i называецца – «Беларускiя каштоўнасцi за мяжою». Ёю выдавецтва «Лiтаратура i Мастацтва» працягвае кнiжную серыю «Беларусь: учора i сёння”.
На сённяшні момант апісана толькі 5 працэнтаў таго, што было ўтрачана Беларуссю за час Другой сусветнай вайны, толькі 5 працэнтаў таго, на што мы маем права. Нямала пакуль яшчэ і сістэматычных і добра ілюстраваных каталагаў, якія выдаюцца ў іншых краінах Еўропы. Няма ў Беларусі пакуль і навуковай структуры, якая б мэтанакіравана і планамерна займалася выяўленнем беларускіх матэрыялаў за межамі краіны .
У 2003 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы было адзначана два святы: 400-годдзе з моманту смерці ўраджэнца Беларусі князя Канстанціна Астрожскага і вяртанне Слуцкага Евангелія, перапісанага слуцкім князем Юрыем Алелькавічам у 1581 годзе. Слуцкае Евангеліе – першая і найбольш знакавая культурная каштоўнасць, якая была вернута беларускаму народу.
Адам Восіпавіч Мальдзіс – імя не толькі ў кантэксце айчыннай гісторыі. Гаворачы пра гэтую асобу, увесь час даводзіцца паўтараць: “стварыў”, “заснаваў”, “ініцы-яваў”, “узначаліў”.
Так, у свой час Адам Мальдзіс стварыў у Інстытуце літаратуры сектар узаемасувязей літаратур, ініцыяваў і ўзначаліў утварэнне бібліяграфічнага зборніка беларускіх пісьменнікаў, дзякуючы яго намаганням быў заснаваны Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны.
За адзінаццаць год існавання было арганізавана і праведзена каля 45 міжнародных навуковых канферэнцый, выдадзена 40 кніг, сярод якіх энцыклапедычныя даведнікі «Хто ёсць хто сярод беларусаў свету», «Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст.» і інш. Цэнтр з яго кіраўніком Адамам Восіпавічам арганізаваў тры кангрэсы беларусістаў, якія адбыліся ў 1991 і 1995, 2000 гг.
Пры Цэнтры з 1993 г. працавала бібліятэка, створаны выстава “Беларусы ў свеце”, якая налічвае больш за 2000 экспанатаў, пастаянная выстава карцін і скульптур “Беларусь, гэта дзеці твае” беларусаў-мастакоў В. Целеша, П. Мірановіча, В. Жаўняровіча, В. Дзевіскібы і інш.
Асноўным напрамкам дзейнасці Цэнтра з’яўлялася беларусазнаўства, а без краязнаўства яго ўявіць немагчыма. Без ведаў аб сваёй радзіме, вялікай і малой, нельга ўявіць сабе нармальнага існавання як чалавека, так і самой краіны.
Калі прасачыць узровень развіцця краязнаўства па розных рэгіёнах Беларусі, то можна зрабіць высновы – найбольш актыўна яно развіваецца менавіта на Гродзеншчыне.
Тэма маленькай радзімы пастаянна прысутнічае і ў творчасці Адама Восіпавіча: роднай зямлі прысвечана кніга – нарыс «Астравеччына, край дарагі”, у астравецкіх мясцінах разгортваецца дзеянне гістарычнай аповесці «Восень пасярод зімы».
У сваіх шматлікіх паездках за мяжу А. Мальдзіс па крупінках збіраў усё, што тычыцца гісторыі Беларусі, гісторыі Астравеччыны. Менавіта дзякуючы намаганням Мальдзіса мы даведаліся пра знакамітых людзей зямлі Астравецкай, імёны якія незаслужана былі забыты. Гэта Казімір Сваяк, Янка Быліна, Леў Дабжынскі, Мар’ян Богуш-Шышка, Восіп Гашкевіч, Аляксандр Урбанас і інш.
Яго змястоўныя даклады і выступленні гучалі не толькі ў Мінску, але і ў Маскве і Кіеве, Вільні і Варшаве, Лондане і Сафіі, Рыме і Венецыі. Агульнапрызнана прамоўніцкае майстэрства А. Мальдзіса, выдатнага лектара-прапагандыста беларускай культуры.
Доўгі час Адам Восіпавіч быў нязменным прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, якая актыўна ўдзельнічае ў правядзенні міжнародных канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў, «круглых сталоў». Па выніках канферэнцый і кангрэсаў Асацыяцыя беларусістаў выдае іх матэрыялы. З 1996 па 2003 г. працягвалася выданне штомесячнага аналітычна-інфармацыйнага і культуралагічнага бюлетэня Міжнароднай Асацыяцыі беларусістаў “Кантакты і дыялогі”, які адсылаўся ў 19 краін свету, а нязменным рэдактарам быў А. Мальдзіс. Паралельна з “Кантактамі” ажыццяўляецца выпуск кніг серыі “Беларусіка” галоўным рэдактарам якой таксама з’яўляецца прафесар Мальдзіс.
Дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў накіравана ў першую чаргу на пашырэнне беларускай культуры, яе прысутнасці ў свеце праз правядзенне міжнародных форумаў, выданне матэрыялаў па выніках, распаўсюджанне літаратуры сярод замежных арганізацый беларусістаў.
Уся гэта тытанічная, навуковая і грамадская дзейнасць не засталася не заўважанай міжнароднай супольнасцю. У 1997 г. Адам Восіпавіч Мальдзіс быў удастоены звання Чалавек года – у вобласці культуралогіі, затым быў уведзены ў склад Кансультатыўнага Савета Кэмбрыджскага міжнароднага цэнтра, а яшчэ пазней узнагароджаны Медалем Гонару Амерыканскага біяграфічнага цэнтра.
У 1980 годзе Адам Восіпавіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Акрамя Ганаровых грамат самага высокага ўзроўню, Адам Мальдзіс у 1990 г. узнагароджаны медалем Францыска Скарыны.
Рэспубліка Польшча неаднаразова адзначала заслугі Адама Мальдзіса, ён носіць званне “Заслужаны дзеяч культуры” Рэспублікі Польшча, а таксама ўзнагароджаны Камандорыяй ордэна Заслугі.
У 2001 г. Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча ўзнагародзіла Адама Восіпавіча дыпломам за прапаганду польскай культуры ў свеце.
Аднак А. Мальдзіс не спыніўся на здзейсненым. Першага ліпеня 2011 г. у Нацыянальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя яго новай кнігі, напісанай сумесна з Армэнам Сарданавым «Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым». У кнізе-альбоме змешчаны нарысы і дыялогі аб беларускіх архітэктурных помніках, традыцыях, абрадах. Акрамя цікавага тэксту ў кнізе будуць прадстаўлены 150 фотаздымкаў помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі розных часоў.
Універсальная ангажаванасць А. Мальдзіса засведчана ў шматграннасць нацыянальнай культуры. Вучоны аднавіў пачатае ў 1920-ыя гг. і забароненае ў гады бальшавіцкіх рэпрэсій даследаванне жыццёвага і творчага шляху пачынальнікаў новай беларускай літаратуры ХІХ ст., адшукаў і прааналізаваў цэлыя пласты літаратуры аб развіцці культуры Беларусі другой паловы XVII – XVIII стст., заснаваў новы накірунак беларускага літаратуразнаўства – ідэйна-мастацкае ўзаемадзеянне беларускай культуры з культурамі іншых народаў.
Гэтаму выдатнаму чалавеку сёлета споўнілася 80 гадоў! Хочацца падзякаваць за яго нястомную працу, энтузіязм, імкненне ісці наперад, нягледзячы на любыя перашкоды і забароны і пажадаць яму моцнага здароўя, даўгалецця, поспехаў!!!

----------------------------------------------------------
Іна БАРКОЎСКАЯ,
магістрант кафедры паліталогіі ГрДУ імя Я.Купалы.