На 5 пытанняў аб галоўным адказваюць медыцынскія работнікі раёна

12:00 / 19.06.2022

У трэцюю нядзелю чэрвеня ў краіне адзначаецца Дзень медыцынскіх работнікаў. Гэта свята людзей, якія прыходзяць нам на дапамогу ў самыя складаныя хвіліны жыцця. Медыкі розныя па спецыялізацыі, характары. І аб’ядноўваюць іх не толькі белыя халаты і клятва Гіпакрата, але і чалавекалюбства, эмпатыя і гуманізм.

Напярэдадні прафесійнага свята медыцынскія работнікі Астравеччыны адказалі на 5 пытанняў аб галоўным:

1) Чаму менавіта медыцына?

2) Калі б не медыцына, то што?

3) Памятаеце свой першы працоўны дзень?

4) Успомніце самы незвычайны, складаны ці смешны выпадак са сваёй практыкі.

5) Каму ні ў якім разе нельга ісці ў медыцыну?

Генрых КАЛТАН, загадчык Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду:

1) З дзяцінства цягнула да тэхнікі, любіў корпацца ў запчастках, з дзядзькам аб’ездзіў шмат калгасных палёў. Марыў стаць інжынерам. Прыроджаная дапытлівасць і цікавасць прывялі да таго, што дэфіцытныя і рэдкія на той час цацкі, якія самі ездзілі, я разабраў да апошняга вінціка.

На прафесійны выбар паўплываў выпадак. У старэйшых класах з запаленнем лёгкіх трапіў у бальніцу ў Каменку. Тады зразумеў, што хачу лячыць і дапамагаць людзям, хоць і моцна баяўся крыві. Канчаткова пераканала мяне выпадковая размова з суседам, які параіў вывучыцца на доктара, – маўляў, паважаным чалавекам будзеш. Пры паступленні ў медыцынскі трэба было здаць 4 экзамены і атрымаць сярэдні бал не ніжэй за 4,5. За сачыненне мне паставілі 4/5 – я пісаў кароткімі фразамі – хлёстка, лаканічна, каб менш было знакаў прыпынку. (Усміхаецца.) Біялогія і хімія былі любімымі прадметамі, таму іх здаў на «выдатна», а на экзамене па фізіцы атрымаў 4.

2) Калі б не медыцына і я нарадзіўся пазней, стаў бы айцішнікам. У сённяшніх умовах пры ўліку развіцця інтэрнэту можна асвоіць амаль любую справу.

3) Першы працоўны дзень не ўспомню, а пра першы працоўны вечар раскажу. Пакуль аформілі ў Астраўцы дакументы, тым часам і абед. Галоўны ўрач раёна Валянцін Аляксандравіч Ражко кажа: «Збірайся, зараз «хуткая» паедзе назад на Міхалішкі – падсядзеш, там цябе будзе чакаць Багдановіч». Прыехалі, агледзеўся, зайшоў у пункт хуткай дапамогі – Віктара Уладзіміравіча нідзе не было. Да маёй радасці ў той дзень дзяжурыла Наталля Юр’еўна Поўх. Пацікавілася, хто я такі, пазнаёміліся, разгаварыліся. Наша размова перарвалася – на «хуткай» прывезлі бабулю з траўмай галавы. Нешта не падзяліла са сваім дзедам, дык ён яе моцна агрэў табурэтам. Юр’еўна прапанавала мне заняцца гэтым выпадкам – шыць я умеў і любіў гэта рабіць. У жанчыны быў зняты скальп ад вуха да вуха. Ужо не ўзгадаю, колькі швоў наклаў, – але справіўся.

А першы афіцыйны працоўны дзень запомніўся знаёмствам з калектывам. Дарэчы, мяне адразу прызначылі загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення.

4) Дзяжурства прыпала на выхадны. Прывезлі чалавека, у якога было дрэнна з сэрцам. Мужчына задыхаўся. Зрабілі кардыяграму. На першы погляд значных парушэнняў не было, тым больш што хворы некалькі дзён назад выпісаўся з бальніцы. Падключыў кардыяманітор і бачу, што сэрца пачынае біцца радзей і радзей – «зубцы» становяцца меншыя і меншыя. Не разгубіўся – зрабіў, як вучылі ў медінстытуце: непрамы масаж сэрца пачаў з удара ў вобласць грудзіны. Аднавіліся на маніторы «зубцы» – сэрца «завялося». У прамым сэнсе я выратаваў пацыенту жыццё.

Было і шмат смешных, я б сказаў, камічных выпадкаў. У нашай бальніцы ўжо былі сацыяльныя ложкі. Адна бабулька прыйшла да другой і кажа: «Зося, ты ўжо паабедала, я ж таксама есці хачу, можа б, пазычыла мне зубы, а то я свае ў рамонт аддала». Каляжанка не адмовіла. Вы б бачылі, як яна іх устаўляла, мучылася – і падумаць не магла, што яны проста не падыходзяць.

Увогуле бальніца з сястрынскім доглядам на базе нашай медыцынскай установы ўзнікла невыпадкова. Шкадавалі адзінокіх, выпівох – клалі на зіму ў бальніцу, выпісвалі, ізноў бралі да сябе. Дроў жа няма – у марозы маглі б замерзнуць.

Адзін мужчына з Кісялёў усё жыццё бабылём пражыў. Зіму жыў у нас у Міхалішках і ніяк не мог надзівіцца звычайнай батарэі, маўляў, вось бы мне ў хаціну такую штуковіну паставіць – цеплыня, хараство і ніякіх дроў не трэба! Ён, дарэчы, увесь час рваў на шматкі байкавыя коўдры і сварыўся, чаму анучаў не выдаюць – шкарпэткі мужчына не прызнаваў.

5) Па-першае, у медыцыну не варта ісці тым, хто не адужае вучобу. Па-другое, у каго няма душы. Што­дзень мы сутыкаемся з чалавечым болем, хваробамі – і трэба быць не толькі доктарам, але ў пэўнай ступені і псіхолагам. Прыемна бачыць вынік сваёй працы, калі чалавек ідзе на папраўку.

Быць здаровымі – гэта раз. Лячыць добра пацыентаў – гэта два. Няхай некалі абраная прафесія прыносіць задавальненне. І як мага радзей самім быць пацыентамі. Дабрабыту і сонечнага неба! 

Ларыса Дасюкевіч, медыцынская сястра Гервяцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі:

1) У дзяцінстве большасць маіх аднагодак марылі стаць настаўніцамі і «вучылі» лялек пісаць і чытаць. А ў мяне ўсе цацкі былі перабінтаванымі. Мішку і зайчыку ставіла ўколы. Таму пытання «кім быць?» не стаяла, хоць крыві, прызнацца, баялася. Пасля школы паступіла ў Брэсцкае медыцынскае вучылішча.

2) Пасля школы была на раздарожжы: вабіла медыцына і кандытарская справа. Ад апошняй мама адгаварыла. Любоў да выпечкі захавалася да гэтага часу: люблю пацешыць блізкіх булачкамі ці тортамі. Калі б не стала медыцынскай сястрой, то была б кандытарам.

3) Родам з Брэстчыны. Пасля заканчэння мевучылішча ў нас быў месяц адпачынку. У ліпені прыехала пагасціць да цётачкі ў Гервяты – і засталася. Яна падказала, што ў мясцовай амбулаторыі ёсць вакансія медсястры. Мы з’ездзілі ў Астравец да галоўнага ўрача, які накіраваў мяне, як і хацела, у Гервяты. У жніўні споўніцца 30 гадоў, як тут.

4) Асабліва ў памяць урэўзаўся адзін выпадак. У амбулаторыю, якой тады загадваў Аляксандр Максімюк, прывезлі мужчыну з жудаснай траўмай рукі. Калі не памыляюся, атрымаў ён яе падчас работы з пілой балгаркай. Без перабольшвання кроў лілася бы з вядра. У якісьці момант нават адчула, што магу страціць прытомнасць, – такое бачыла ўпершыню. Рану апрацавалі, кроў спынілі – мужчыну забралі ў Астравец.

5) Жорсткім людзям не месца ў медыцыне. Да нас прыходзяць хворыя – і кожнага трэба выслухаць, параіць, дапамагчы, знайсці індывідуальны падыход. Тэмп жыцця дыктуе свае ўмовы: усе кудысьці спяшаюцца, хочуць, каб праблемы вырашаліся вокаймг­ненна. У гэтым сэнсе прафесія медсястры складаная, але цікавая.

З-за пандэміі медыкі адчувалі неверагодныя нагрузкі, цяпер стала лягчэй. Медыцынскім работнікам кожнага звяна ў першую чаргу жадаю здароўя, поспехаў на рабоце, а ў сям’і – згоды, а таксама ўдзячных пацыентаў.

Дзіна Мажэйка, тэрапеўт інфекцыйнага аддзялення:

1) Пытанне, чаму я абрала менавіта гэтую сферу, задавала сабе неаднойчы. Знайшла толькі адзін адказ: медыцына – маё прызванне. Урачамі не становяцца, а нараджаюцца. Ёсць два розных паняцці: прафесія і лад жыцця. У медыкаў часцей за ўсё гэтыя складнікі супадаюць.

Усведамленне, што хачу стаць доктарам, прыйшло да мяне ў падлеткавым узросце. Сярод знаёмых і родзічаў медыкаў не было. Родам я не з Беларусі. Так сталася, што пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута засталася тут. Ніколі не пашкадавала аб прафесійным выбары.

2) Мне заўсёды падабалася юрыспрудэнцыя. Калі б не стала ўрачом, то cкончыла б юрфак і працавала б, думаю, натарыусам.

3) Гэта было так даўно… Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як я доктар. Першыя крокі ў прафесію рабіла ў якасці тэрапеўта ў паліклініцы горада Кіраўска. Першы працоўны дзень запомніўся тым, што было шмат складаных выпадкаў, безліч дакументацыі… Пашчасціла, што са мной працавала вопытная і талковая медыцынская сястра, якая падказвала, накіроўвала. З цягам часу ўцягнулася – у іншай сферы сябе не ўяўляю.

4) Складана прыгадаць нешта цікавае ці запамінальнае. Гісторыя кожнага пацыента ўнікальная. На жаль, узгадваюцца далёка не вясёлыя выпадкі.

5) У медыцыну не варта ісці людзям, якія не ўмеюць несці адказнаць за здароўе і жыццё іншых, і тым, хто сумняваецца. Гэта цікавая, але вельмі складаная галіна, якая адбірае шмат часу, сіл і намаганняў. Пакінуць работу на рабоце пасля заканчэння працоўнага дня – гэта не пра медыкаў. Спецыялісты нашай прафесіі, як і іншых спецыяльнасцей, звязаных з узаемадзеяннем з людзьмі, схільны да эмацыйнага выгарання. Каб добра працаваць, трэба добра адпачываць, патрымліваць фізічную форму і клапаціцца пра сваё здароўе.

Калегам жадаю ў першую чаргу моцнага здароўя. Яго не купіш ні за якія грошы. Будзьце шчаслівымі ў асабістым жыцці. Няхай у вашым калектыве пануе сяброўская атмасфера – у медыцыне адзін у полі не воін, патрэбна, каб была зладжаная каманда. Са святам нас усіх!



 

 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич