Кніга нарадзілася – прыходзьце на “хрэсьбіны”!

12:00 / 17.06.2022

Днямі выйшла з друку першая частка кнігі «Праз гады і газетныя старонкі», прысвечаная савецкаму перыяду гісторыі «Астравецкай праўды» з 1941 па 1991 гады.
…Адной з прычын, па якой я пакінула рэдактарскую пасаду, стала жаданне вызваліць час, каб заняцца гісторыяй «Астравецкай праўды». Яе рэдакцыя стала для мяне не проста месцам работы на тры дзесяцігоддзі, а часцінкай – і немалой! – мяне самой, маім трэцім дзіцям.
І пры тым усе мы, занятыя штодзённым клопатам пра тое, каб «накарміць» гэтае дзіця, ды пажадана ўсім самым свежым і смачным, «апрануць» яго як мага прыгажэй і выправіць «у людзі», мала ведалі пра тое, што было да нас, пра людзей, якія некалі нарадзілі гэтае дзіця, расцілі яго, выхоўвалі. Паступова да адвечнай незадаволенасці, што мы пішам пра ўсё і ўсіх і вельмі мала ведаем пра сябе саміх, дадалося ўсведамленне: калі не я – то хто? Так, я не мясцовая, мне цяжэй, чым ураджэнцам Астравеччыны, шукаць факты,  нітачкі, сведкаў – але іншых ахвотнікаў зрабіць гэта не было. Да таго ж час не ідзе – ён ляціць, дакументаў, якіх у архівах не было ўчора, не стане там і заўтра, а людзі не вечныя, жывых сведкаў падзей даўно мінулых дзён становіцца ўсё менш. 
«Ты збіраешся пісаць гісторыю газеты?» – скептычна ўсміхнуўся знаёмы, гісторык па адукацыі, калі расказала яму пра свае планы.
Я не пакрыўдзілася: так, сапраўды, мы з гісторыяй не сяброўкі і нават прыяцелькі не вельмі блізкія – «дзякуй» школьнаму настаўніку. Але я і не збіралася пісаць навуковую манаграфію! Мяне больш цікавіць «гісторыя з чалавечым тварам»: людзі, іх думкі, пачуцці, учынкі і той след, што пакінулі яны на «пыльных старонках далёкіх газет».
Але калі я бралася за аднаўленне гісторыі «Астравецкай праўды», то дрэнна ўяўляла, на што «падпісваюся». Саманадзейна лічыла, што гэта будзе не вельмі цяжка: мінула ж усяго 80 гадоў з выхаду першага нумара раённай газеты! І хоць архівы ў рэдакцыі захоўваюцца толькі з 1965 года, а падшыўкі газет – з 1969-га, была ўпэўнена, што недзе ёсць дакументы – у раённым, занальным, цэнтральным архівах, Нацыянальнай бібліятэцы ці Кніжнай палаце. У рэшце рэшт, Гугл мне ў дапамогу!
…Інтэрнэт расчараваў першым. Я зрабіла асабістае адкрыццё: ён ведае толькі тое, што нехта яму паведаміў і падзяліцца можа толькі тым, чым нехта некалі падзяліўся з ім. А калі тэма такая вузкая і спецыфічная, за якую ўзялася я, то часцей за ўсё – на жаль…
І ў архівах знайшлося няшмат: відаць, з іх папаўненнем у пасляваенныя гады існавалі праблемы. 
Шмат дапамагла Нацыянальная біблітэка, дзе «пералапаціла» ўсе падшыўкі, пачынаючы з 1945 года – але і там знайшлося далёка не ўсё.
Часам адольвала роспач: не спраўлюся! Але калі ўсплывала невядомае раней імя, дакумент, дата, знаходзіліся звесткі, адшукаць якія нават не марыла, – гэтая радасць надавала імпэту працаваць далей, капаць глыбей, шукаць, пытаць… Мне шмат дапамагалі – калегі, былыя супрацоўнікі, выпадковыя знаёмыя, сябры і знаёмыя сяброў. Не стану пералічваць усіх  – гэта зойме шмат месца, дый каго-небудзь абавязкова прапушчу. Адно скажу: без разумення і дапамогі дзясяткаў людзей гэтай кнігі не было б. Ці ва ўсякім выпадку, яна была б іншай. 
Тыдні камандзіровак… Гадзіны тэлефонных размоў… Дзясяткі сустрэч… Безліч дакументаў і газет… Пытанні, просьбы, запыты, інтэрв’ю… Часам мне здавалася, што я – следчы, які спрабуе аднавіць справы даўно мінулых дзён.
І вось яна, доўгачаная падзея: першая частка кнігі «Праз гады і газетныя старонкі» выйшла ў свет!  Адбылося гэта дзякуючы фінансавай падтрымцы заснавальнікаў газеты – раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі якіх цудоўна разумеюць важнасць захавання і аднаўлення гісторыі. Асабліва сёлета, у Год гістарычнай памяці.
Спытаеце, якія ў мяне, як у аўтара, цяпер адчуванні?
Адкажу: прыкладна такія ж, як у жанчыны, якая толькі што нарадзіла дзіцятка: боль і хваляванне нарэшце адпусцілі, і ў руках – маленькі кавалачак абсалютнага, бязмежнага шчасця… І так хочацца падзяліцца гэтым шчасцем з кожным, каму неабыякавы лёс твайго дзіцяці. 
Спадзяюся, такіх людзей шмат, і мы  неўзабаве сустрэнемся.

Анонс

Тэатралізаваная прэзентацыя першай часткі кнігі “Праз гады і газетныя старонкі” – адбудзецца 24 чэрвеня ў шматфункцыянальным культурным комплексе па праспекце Энергетыкаў, 2. Пачатак у 15.00. Уваход свабодны.

Калі хто захоча стаць гледачом ці ўдзельнікам імпрэзы, будзем рады бачыць і вітаць!


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик