Беларусь турыстычная: перадавыя тэхналогіі ў гісторыі Навагрудчыны

08:30 / 15.06.2022
442

Праект “Мотавандроўкі

Гэта своеасаблівы стыль жыцця, калі ты, не паспела вясенняе сонейка разагнаць нізкія зімовыя хмаркі, пачынаеш «вастрыць лыжы» і марыць пра неабсяжныя далячыні. Вандраваць можна пешшу, на машыне ці аўтаспынам, збіраць у скарбонку ўспамінаў эмоцыі ад далёкіх паездак ці мясцовых турыс­тычных паходаў. А месцаў, пра якія мы  не ведаем і нават не чулі, у Беларусі шмат. Вандруйце разам з намі ў новым праекце «Мотавандроўкі»  –  і самастойна. А сваімі знаходкамі і эмоцыямі дзяліцеся ў сацыяльных сетках у групах «раёнкі». Ну што ж, апусцілі забрала моташлема – і наперад!

Кожны раён – без выключэння! – нашай краіны можа пахваліцца не толькі вядомымі помнікамі культуры і архітэктуры, але і месцамі не настолькі вывучанымі турыстам, аднак не менш цікавымі, са сваімі гісторыяй і асаблівасцямі. Прыклад – Навагрудчына, дзе, акрамя многім вядомага замка на беразе Нёмана, не менш уразіў іншы аб’ект – гаспадарчы двор… 



Замак у Любчы
Дабрацца да замка не складана: забіваеце ў навігатар яго назву або кіруецеся на Шчорсы, потым – на Любчу – а там заблукаць немагчыма.
Любчанскі замак, які яшчэ называюць замкам Кішак і Радзівілаў, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоў­насцю. Цяпер вядзецца яго рэканструкцыя, з часам тут з’явіцца  музей. Дапамагаюць аднаўляць замак і валанцёры. 
Да пачатку работ збудаванні на тэрыторыі замка былі ў сумным стане – аб гэтым можна здагадацца па рэштках. Аднак адна з дзвюх вежаў, якія захаваліся, і частка сцяны ўжо адноўлены. Атрымліваецца стыльна. Мне Любчанскі замак нагадаў Мірскі, крыху Лідскі. Не дзіўна: тэрыторыя замка і яго архітэктура ў першую чаргу разлічаны на абарону. Прыгажосць і зручнасць адыходзяць на другі план.
Аднак замак аблюбавалі не толькі турысты – ва ўнутраным дворыку ладзяцца выязныя вяселлі. Фон, як ні стань, заварожвае: адна вежа з маленькімі байнічкамі – каларытна!
Пра гісторыю замка і ўвогуле Любчы можна даведацца з інфармацыйных стэндаў каля ўваходных варот. Адсюль вя­дзе  дарога да галоўнай вежы, адсюль жа замак бачыцца ў лепшым выглядзе – здаецца, што ён несапраўдны, а намаляваны.




З ГІСТОРЫІ
Узводзіць замак пачаў Ян Кішка ў 16 стагоддзі. Працягваў будаўніцтва Кшыштаф Радзівіл. Першапачаткова ўсе будынкі, акрамя ўязной вежы, былі драўлянымі. З трох бакоў замак акружаў роў, з чацвёртага – Нёман. У замку была турма і сховішча. Менавіта Кшыштаф Радзівіл замяніў драўляныя сцены на каменныя, пашырыў гаспадарчы двор, узвёў храм са званіцай. 
Пасля смерці Кшыштафа замак перайшоў сыну Янушу, Віленскаму гетману і ваяводзе, які быў забіты, а замак разбураны.
Адноўлены Багуславам Радзівілам замак шмат гадоў пераходзіў з адных рук у іншыя і служыў у асноўным спосабам збіраць падаткі. 
Рэканструяваў будынкі і зрабіў замак сваёй загараднай рэзідэнцыяй прыбалтыйскі дваранін Фальц-Фейн. Побач з вежай ён пабудаваў гасцявы павільён, на месцы старога гаспадарскага дома – белакаменны неагатычны палац. На валах разбілі кветнікі…
Замак моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну, а пасля 1945 года ад яго засталіся толькі муры.  


Мураванка Храптовічаў
З чым за ўвесь час сваіх ванд­ровак не даводзілася сутыкацца, дык гэта з нечым падобным да гаспадарчага двара ў Шчорсах. Аказваецца, гісторыю беларускай архітэктуры можна вучыць і на такіх аб’ектах.
Здавалася б, ну што цікавага можна ўбачыць на тэрыторыі гаспадарчага двара, дзе разводзілі жывёлу, варылі сыр і рабілі масла, да таго ж паўразбуранага?! Не менш, чым ходзячы па калідорах замка або палаца.
На прасторах інтэрнэту здымкі гэтага месца, зробленыя дронам, шыкоўныя: зверху добра бачна архітэктурная яго асаблівасць – поўная сіметрыя. 
Пабудовы двара добра бачны з дарогі – зрэшты, матацыклы можна тут і пакінуць і дайсці да мураванкі пешшу.  
Гаспадарчы двор, дакладней, яго рэшткі, нават цяпер нагадваюць замак – з вежамі з чатырох кутоў, высокімі сценамі, якімі служылі канюшні і хлявы. Захаваліся таксама рэшткі дамоў работнікаў, маслабойні і сыраварні. 

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Комплекс гаспадарчых пабудоў быў узведзены прыкладна ў кіламетры ад сядзібы ў другой палове 19 стагоддзя.
▪ Фальварак пад Шчорсамі ў свой час быў добра вядомы далёка за межамі графскіх уладанняў, у першую чаргу дзякуючы Іахіму Храптовічу, які задоўга да адмены прыгоннага права вызваліў сваіх сялян і даў ім адукацыю.
▪ Храптовіч лічыў, што работнікі павінны жыць у дабротных дамах, добрых умовах, добра есці і спаць на мяккіх пасцелях – тады і працаваць яны будуць з ахвотай. 
▪ У суседніх вёсках нават марылі «жыць, як у Шчорсах». 
▪ На гаспадарчым двары варылі сыр па швейцарскай тэхналогіі, разводзілі жарабцоў і збівалі масла. Працавала тут і лесапілка.

ЁСЦЬ ІДЭЯ
Мураванка Храптовічаў, у адрозненне ад таго ж Любчанскага замка, чамусьці не прыцягнула да сябе ўвагі. Даведацца пра гэтае адметнае месца з цікавай гісторыяй можна толькі калі задацца мэтай і «паблукаць» па інтэрнэце. 
А яно, між тым, можа стаць адной са славутасцей навагрудскага краю, кропкай прыцягнення турыстаў і, магчыма, іх адпачынку – кшталту Нясвіжскага замка: у адной частцы комплексу магла б «гучаць» гісторыя, у другім – начаваць турысты. 
Такая думка, здаецца, выказвалася – толькі яна так і засталася ідэяй. А час між тым няўмольна бяжыць, пагражаючы ні цаглінкі не пакінуць на месцы, якое было сведкам развіцця перадавых тэхналогій яшчэ дзве сотні гадоў таму.
…А можа, яшчэ не позна і ўсё ж знойдзецца апантаны чалавек, які адкрые тут музей-сыраварню з дэгустацыяй і невялічкай крамай? У «Дудудках», да прыкладу, з поспехам вараць і прапануюць турыстам пакаштаваць самагон па старым рэцэпце…




Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений