Шлях у журналістыку Аліны Хендогінай: “Астравецкая праўда”, Маскоўскі ўніверсітэт, “Знамя юности”

11:56 / 29.05.2022
Не толькі рыбак рыбака бачыць здалёк – і ў журналістаў гэтак здараецца.  

…Аліна Пятроўна Рабушка пераступіла парог рэдакцыі – і ўзнікла адчуванне, што мы знаёмы сто гадоў. Нібыта не ў гэты дзень раніцай я праз знаёмых, сяброў і сяброў знаёмых высвятляла, ці засталіся ў колішняга супрацоўніка «Астравецкай праўды» Аліны Хендогінай родзічы ў нашым горадзе і не шукала іх тэлефоны. 

«Так, Аліна Хендогіна – наша родзічка, – адказалі мне, калі, хвалюючыся, набрала запаветныя лічбы. – І сёння яна прыязджае ў Астравец…» 
А вы кажаце – цудаў не бывае!

І вось мы ў рэдакцыі размаўляем пра ўсё на свеце, разумеючы адна адну з паўслова, успамінаем агульных знаёмых, выданні і імёны – і не можам нагаварыцца…

…У школе, думаючы, кім быць, Аліна Хендогіна вагалася паміж дзвюма малападобнымі прафесіямі: юрыстам і журналістам. Але дасланыя ёй у сёмым класе ў рэдакцыю і – о, цуд! – надрукаваныя заметкі (ах, гэтая магія ўласнага прозвішча, набранага друкаванымі літарамі – каму яна не кружыла галаву!), а затым і атрыманы ганарар (за гэта яшчэ і грошы плацяць?!) пераважылі шалі на карысць журналістыкі.

Пасля школы яна падала дакументы на журфак Бел­дзяр­жуніверсітэта. Добра зда­дзеныя экзамены давалі пад­ста­ву спадзявацца, што да ажыццяўлення мары засталося толькі пяць гадоў вучобы.

Але адказ з універсітэта па­дзейнічаў, як ледзяны душ: вы не дабралі аднаго бала. 

Гаравала Аліна нядоўга. Неяк яе маці падышла на вуліцы да рэдактара «Астравецкай праўды» Аляксандра Пятровіча Сыча, расказала, якое расчараванне ў дачкі. А той, добра ведаючы Аліну па допісах у рэдакцыю, флегматычна адказаў: «І што за бяда? Няхай да нас прыходзіць – месца якраз ёсць».

Так 15 жніўня 1973 года Аліна Хен­до­гіна, не верачы свайму шчасцю, стала літаратурным супрацоўнікам раённай газеты.

– За сваё жыццё я працавала ў многіх калектывах, але такой атмасферы, як у астравецкай рэдакцыі, не сустракала, – успамінае Аліна Пятроўна першыя працоўныя гады. – Мы былі адной сям’ёй – і гэта не перабольшванне. А Аляксандр Пятровіч – нашым бацькам, уважлівым, клапатлівым, добрым.
Маладая журналістка за тое, што «аксакалы пяра» прынялі яе ў сваю сям’ю, як роўную, аддзячвала працай. Практычна праз дзень на старэнькім рэдакцыйным «козліку» яна ехала на раён, маталася па палях і фермах, гутарыла з кіраўнікамі гаспадарак, спецыялістамі, механізатарамі, даяркамі, у душы здзіў­ляючыся, што ўмудроныя жыццёвым вопытам людзі размаўляюць з ёй, «пацанкай», паважліва, на роўных. Разумела, што гэта павага адносіцца перш за ўсё да газеты, якую яна прадстаўляе – і імкнулася апраўдаць давер.

– Работа мне падабалася. І зарплата задавальняла. У літсупрацоўніка аклад быў 130 рублёў – а сястра, якая працавала ў банку, атрымлівала 90. Але я разумела, што трэба вучыцца. Ды і Аляксандр Пятровіч гаварыў: «Аліна, трэба вучыцца. Не таму, што ты нечага не ўмееш ці дрэнна працуеш. Але час цяпер такі, што трэба мець дыплом. Упэўнены: ты станеш другой Таццянай Тэсс! (Для тых, хто не ведае: Таццяна Тэсс была выбітной савецкай журналісткай, 50 гадоў працавала ў «Известиях», яе імя было сімвалам журналісцкага таленту і прафесіяналізму – Н.Р.)

Праз два гады работы ўсё ж вырашыла зноў паступаць на журфак. Але не ў Мінск – замахнулася на Маскоўскі ўніверсітэт імя Ламаносава. І пераадолела гэтую недасягальную нават у марах для многіх планку!



– Азіраючыся назад, магу сказаць: вельмі добра, што я не паступіла пасля школы ў БДУ, – разважае Аліна Пятроўна. – Інакш я б не вучылася ў Маскве. Гэта было найвялікшым шчасцем – слухаць лекцыі вопытных выкладчыкаў, вучыцца ў вядомых на ўвесь Саюз практыкуючых журналістаў. І ўвогуле, кожны дзень з Вараб’ёвых гор, дзе я жыла ў інтэрнаце, бегчы на факультэт – ён знаходзіўся у самым цэнтры Масквы, у нейкай сотні метраў ад Чырвонай плошчы – гэта само па сабе шчасце. А сустрэчы! Да нас прыходзілі вядомыя людзі – пісьменнікі, артысты: Юрый Нікулін, Васіль Ланавы, Валерый Залатухін, Булат Акуджава, Жанна Бічэўская, касманаўты Віталь Севасцьянаў, Аляксей Леонаў – людзі, якія рабілі гісторыю краіны. Дарэчы, дзеці многіх знакамітасцей вучыліся разам з намі – са мной, дачкой швачкі з беларускага гарадскога пасёлка і іншымі студэнтамі з народа. Там нас вучылі глядзець на рэчы, падзеі маштабна, не зацыкліваючыся на дробязях. Не баяцца начальства – да прыкладу, мяне, студэнтку, адпраўлялі на інтэрв’ю да міністра адукацыі. І нічога – ішла. І са мной размаўлялі на роўных. Я паспяхова супрацоўнічала з многімі цэнтральнымі выданнямі – «Камсамольскай праўдай», да прыкладу. 

Журналістка прызнаецца, што два гады, якія яна працавала ў «раёнцы», вельмі дапамаглі ёй: многае з таго, чаму іх вучылі, яна ўжо зведала на практыцы.

– Увогуле, любы вопыт – гэта не груз, а багаж, – філасофскі заўважае Аліна Рабушка. 

І ўзгадвае прыклад, калі, прыехаўшы на інтэрв’ю да механізатара, ніяк не магла яго разгаварыць.

– Я да яго і так, і гэтак, а ён сядзіць, нібы аршын праглынуў, і на ўсе пытанні адзін адказ – «так» альбо «не». І ўсё! Камандзіроўка гарыць сінім полымем! І тут я заўважыла на падваконні калоду карт – а мяне брат у дзяцінстве навучыў па-майстэрску гуляць у «дурня». «Згуляем?» – прапанавала мужчыне. Той здзівіўся – але пагадзіўся. Ну, калі я яму «пагоны» павесіла, размова ў нас пайшла зусім іншая – ён расказаў нават тое, пра што, можа, ужо і сам забыўся. І матэрыял выйшаў класны! Усе потым здзіўляліся, як гэта мне ўдалося разгаварыць такога нелюдзімага механізатара – да мяне ўжо былі спробы.
Пасля вучобы яна магла застацца ў Маскве ці паехаць у іншы буйны горад Расіі. Але хацелася ў Беларусь, бліжэй да дому. І Аліна вярнулася ў Мінск. Змяніўшы прозвішча на Рабушка, працавала спачатку ў шматтыражнай газеце «Трактар», а затым перайшла ў «Знамя юности». О, што гэта была за газета ў 80-х – пачатку 90-х гадоў! Тыраж 600 тысяч – і пры гэтым лімітаваная падпіска: не кожны мог выпісаць «Знамёнку». Якія журналісты, якія артыкулы! 

Аліна Пятроўна працавала ў аддзеле сельскай гаспадаркі – і зноў бясконцыя камандзіроўкі па рэспубліцы. 

– Тады ў рэдакцыю часта звярталіся як у апошнюю інстанцыю. І скажу без залішняй сціпласці: мы, і я ў тым ліку, дапамагалі многім: часта пасля выхаду артыкула вырашаліся сур’ёзныя пытанні. 

Калі ў 90-я ўзнікла магчымасць адкрываць сваю справу, Аліна Рабушка стварыла малое прадпрыемства, якое, акрамя іншага, выдавала газету «Счастливый случай».

А затым, у сталым ужо ўзросце, вырашыла атрымаць яшчэ адну прафесію – ландшафтнага дызайнера. І зноў паехала вучыцца ў Маскву. Але журналістыку не пакінула, амаль 10 гадоў супрацоўнічала з часопісам «Хозяин», вяла папулярную ў чытачоў рубрыку «Ландшафтны дызайн».

– У мяне ёсць жаданне асвоіць яшчэ пару-тройку прафесій, – дзеліцца запаветным Аліна Пятроўна. – Шкада, што ўзрост ужо не дазваляе паспець і паспрабаваць усё, што хочацца. Не разумею людзей, якія пакутуюць ад таго, што ў юнацтве выбралі не тую прафесію і з дня ў дзень ідуць на работу як на катаргу. Не падабаецца адно – навучыся іншаму! Сёння столькі магчымасцей! Жыцця не хопіць, каб усе скарыстаць.

– Я на ўсё жыццё захавала бязмежную ўдзячнасць свайму першаму рэдактару Аляксандру Пятровічу Сычу. Ён паверыў у мяне, узяў на работу зялёнае дзяўчо, вучыў, падтрымліваў, настаўляў – па сутнасці, стаў маім пасаджаным бацькам у прафесіі. Калі закончыла ўніверсітэт і стала працаваць, усё хацела прыехаць да Аляксандра Пятровіча, падзякаваць яму, расказаць, кім ён для мяне быў. І хоць у Астраўцы бывала часта, усё адкладвала гэты візіт да больш зручнага часу – думалася, паспею. А потым сястра патэлефанавала і паведаміла, што Аляксандра Пятровіча не стала… Так вось і не паспела сказаць яму самае галоўнае… Цяпер, калі бываю на могілках, заўсёды падыходжу да яго магілы са сваёй запозненай удзячнасцю…
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

 


Текст: Нина Рыбик