На святкаванні Дня Перамогі ў Астраўцы прадпрыемствы і арганізацыі прадставілі тэматычныя пляцоўкі
На працягу дня ў лесапаркавай зоне, дзе праходзілі галоўныя мерапрыемствы святкавання 9 Мая, прадпрыемствы і арганізацыі раёна прадставілі інтэрактыўныя тэматычныя зоны, а іх работнікі падзяліліся з астраўчанамі сваім бачаннем Вялікай Айчыннай вайны.
Уразіла, як да свята падрыхтаваліся бібліятэкары. Яны не толькі разгарнулі палявую чытальную залу, але і арганізавалі парад ваенных кніг: кожны ахвочы мог пагартаць асобнічак, які глянуўся. Акрамя гэтага, дзейнічала выстава работ пісьменнікаў-франтавікоў з фотаздымкамі і кароткай біяграфіяй. Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Іван Навуменка, Алесь Савіцкі, Мікола Сурначоў, Алесь Бачыла, Кастусь Кірэенка – яны на сабе зведалі жахі вайны, але выжылі, каб расказаць пра гэта нашчадкам.
Завітаўшы на падворак Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, можна было даведацца пра кошт хлеба і паглядзець, як жылі нашы дзяды напачатку 40-х гадоў. На стале ў гэтай “хаціне” ляжаў сухпаёк, а на вагах – лустачка хлеба – дзённая норма на чалавека…
Сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва можна было адшукаць у астравецкіх рамеснікаў: карціны, вырабы з саломкі і са скуры – словам, вочы разбягаліся ад такой прыгажосці.
Супрацоўнікі паштовага аддзялення арганізавалі тэматычную выставу паштовак, сярод якіх можна было адшукаць і сімвалічныя “трохкутнічкі” – у вайну такая вестачка з фронту была самай чаканай і дарагой.
Дзяўчаты з Дома быта запрашалі завітаць у цырульню.
Работнікі Астравецкага доследнага лясгаса натуральна і цікава паказалі салдат на прывале.
На арганізаванай аддзелам адукацыі райвыканкама пляцоўцы чырванелі знакавыя лічбы – гады пачатку і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны: 1941 і 1945. Зазірнуўшы ў палатку, можна было паглядзець рэпрадукцыі здымкаў таго часу, плакаты, накшталт, “Родина-Мать зовёт!” і карту Мінскай наступальнай аперацыі.
Работнікі Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы аднавілі работу медсанбату часоў Вялікай Айчыннай. Здаралася, што часам не хапала лекаў і найлепшым сродкам былі пяшчота і добрыя словы медыцынскіх сястрычак. Па-філасофску глыбока і пранізліва-чулліва медыкі прадставілі невялікую тэатралізаваную замалёўку пра тое, як параненаму салдату медсястра чытае ліст яго маці. Напісаныя спакутаваным сэрцам радкі пераносяць хлопца на яго маленькую радзіму: людскога жылля не засталося, але на папялішча вярнуліся буслы і ўцалела яблынька, пасаджаная хлопцам…
…На працягу дня ў лесапаркавай зоне працаваў выязны гандаль, можна было паласавацца шашлыком і смачнай выпечкай. Дзеці таксама не сумавалі: надзіманыя горкі і батуты вабілі малышоў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.