Знаёмцеся: юныя стыпендыяты Астравеччыны

11:00 / 20.04.2022
У нумары №26 наша газета паве­да­міла, што 8 выхаванцаў Астравец­кай дзіця­чай школы мастацтваў сталі сты­пен­дыятамі спецыяльнага фонду Прэ­зідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і расказала аб дзвюх з іх – сёстрах Вераніцы і Марыі Вай­ця­хоўскіх. Сёння мы знаёмім чытачоў з яшчэ шасцю стыпендыятамі. І для гэтага прапанавалі ім адказаць на 3 пытанні:

1. Хто прывёў вас у дзіцячую школу мастацтваў і ці падабаецца тут вучыцца?

2. На што патраціце матэрыяльную дапамогу стыпендыята?

3. Кім марыце стаць у будучым?



Ульяна Бучынская, 8 гадоў, вакалістка, вучаніца Алены Субач:

1. У школу мастацтваў (Гервяцкі філіял. – Заўв. аўт.) прыйшла з сяброўкай-аднакласніцай – удваіх цяпер і займаемся ў Алены Анатольеўны: спяваем, на фартэпіяна вучымся іграць, вучым сальфеджыа. Няпроста, канешне, але цікава. Песні настаўнік выбірае, застаецца толькі словы вучыць. Дыпломы ў мяне ёсць – іх вельмі прыемна атрымліваць.

2. А гэта сакрэт. (Усміхаецца.) А то раптам нешта не атрымаецца.

3. Мне многія прафесіі падабаюцца – і ўсе розныя. А вось якая найбольш – пра гэта падумаю пазней, у старэйшых класах. 



Ксенія Змітровіч, 10 гадоў, піяністка, займаецца ў Алены Раткевіч:

1. Мама іграе на акардэоне, так што, напэўна, яе гены паўплывалі. З самага пачатку мне хацелася асвоіць фартэпіяна. У тэорыі гучала прыгожа, а вось на практыцы давялося папрацаваць. Але я навучылася спраўляцца з цяжкасцямі і ўжо трэці год займаюся ў Алены Генрыхаўны. Калі даведалася, што стала стыпендыяткай, канешне, узрадавалася. Павіншавалі мама з татам і старэйшыя браты. А яшчэ я займаюся харэаграфіяй – таксама падабаецца. Як усё паспяваю? Сама не ведаю, напэўна, проста прывыкла. (Усміхаецца.) 

2. У мінулы раз купіла мабільнік, а цяпер хачу веласіпед. 

3. Як і Алена Генрыхаўна, хачу вучыць дзяцей  іграць на фартэпіяна.



Анастасія Адамковіч, 13 гадоў, вакалістка, вучаніца Аксаны Баршэвіч:

1. Я займаюся ў дзіцячай школе мастацтваў шосты год і мне вельмі падабаецца. Першай  на вакал да Аксаны Ягораўны запісалася мая сяброўка. Яна так цікава расказвала пра заняткі і настаўніка, што і мне захацелася стаць вучаніцай харавога класа. Да таго ж мама не аднойчы гаварыла, што маленькай я вельмі любіла спяваць. Заставалася толькі запісацца ў школу мастацтваў, што і зрабіла. Мне вельмі падабаецца спяваць, асабліва сучасныя песні – напрыклад, з рэпертуару Алёны Швец. А вось з фартэпіяна мы не вельмі «сябруем». 

За гэты час паўдзельнічала ў многіх конкурсах – ёсць дыпломы пераможцы і прызёра. На сцэне спачатку хвалявалася, а пасля прывыкла і стала атрымліваць задавальненне.  

2. Спачатку хацела новы мабільны тэлефон, але нядаўна мне яго купілі. Таму яшчэ падумаю – можа, навушнікі. 

3. Усё часцей задумваюся, што доб­ра было б стаць настаўнікам школы мастацтваў – здаецца, гэта цікава. 



Аліна Сцяшанава, 11 гадоў, мастачка, вучаніца Валянціны Субаткевіч:

1. У школу мастацтваў мяне прывяла мама – я заўсёды любіла маляваць, і яна вырашыла, што трэба развіваць гэтыя здольнасці. Я ёй вельмі ўдзячна – мне вельмі падабаецца гэты занятак! Спачатку аддавала перавагу нацюрмортам, пасля пачала асвойваць іншыя жанры. Аб тым, што стала стыпендыяткай, мне сказала дырэктар нашага філіяла (Варнянскі. – Заўв. аўт.) Марына Вітальеўна. Гэта было нечакана і радасна.

2. Яшчэ не думала, трэба з мамай параіцца.

3. Мне падабаецца гуляць у школу, хачу стаць настаўнікам пачатковых класаў. 



Кацярына Бандарчук, 7 гадоў, дадаткова займаецца пастаноўкай голасу ў Таццяны Собалевай:

1. Мама спачатку запісала мяне ў мастацкі клас, дзе я вучуся маляваць, ляпіць і рабіць прыгожыя рэчы. А пасля са мной стала займацца спевамі Таццяна Уладзіміраўна. Мы развучваем розныя песні: пра вясёлку, парасон, коціка. Спяваць мне падабаецца, а выходзіць на сцэну пакуль страшна. Магу толькі дома перад брацікамі павыступаць, і то рэдка. У вольны час  люблю  на роліках і веласіпедзе катацца. 

2. Не ведаю, напэўна, маме аддам, яна мне што-небудзь купіць.

3. Мне пакуль рана пра гэта думаць. 



Валерыя Несцер, 9 гадоў, мастачка, вучаніца Дзіяны Ендза:

1. Раней мне не вельмі падабалася маляваць. А потым дзве мае сяброўкі запісаліся ў мастацкі клас – я вырашыла да іх далучыцца. Аказалася, што гэта вельмі цікава. Чым лепш атрымлівалася, тым больш падабалася. Люб­лю маляваць тое, што хачу. Дзіяна Сяргееўна прыносіць на заняткі спецыяльныя раздрукоўкі з рознымі  карцінамі і прапаноўвае выбіраць па душы. Я некалькі разоў малявала дзяўчыну з букетам – так захацелася. Дарэчы, я не толькі з пэндзлем і фарбамі сябрую, дадаткова займаюся вакалам і вучуся іграць на фартэпіяна.  

2. Гм-м-м… Яшчэ не прыдумала, але дакладна нешта цікавае і патрэбнае мне.

3. Калі стану дарослай, хачу працаваць у паліцыі.  

Віншуем стыпендыятаў і настаўнікаў з высокай ацэн­­кай іх сумеснай працы.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич