У чым заключаецца шчасце для механізатара з Дошкі гонару Івана Юшчыка

12:07 / 03.03.2022
Працягваем расказваць нашым чытачам пра працаўнікоў, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару. 

Знаёмцеся: Іван Юшчык – трактарыст-машыніст КСУП «Міхалішкі», перадавік не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. А яшчэ шчаслівы муж, бацька двух дарослых дзяцей, аматар рыбалкі. Гэта калі ў некалькіх словах ахарактарызаваць механізатара. Насамрэч Іван Іосіфавіч з рэдкай, я б сказала, унікальнай кагорты трактарыстаў, якія выдатна працуюць не дзеля грошай ці славы – а таму што інакш не ўмеюць.



Івану Юшчыку наш карэспандэнт задаў традыцыйныя 5 пытанняў аб галоўным.

– З чаго пачынаўся ваш «вялікі хлеб»?

– Нарадзіўся я ў вёсцы Вераб’і, у якой даўней быў цагляны завод. І бацькі, і дзяды там працавалі, і мы з братам, светлая памяць Аляксею. Вучыўся ў мясцовай школе, потым хадзіў у Спондаўскую. Вадзіцельскае пасведчанне атрымаў у Камарове – правучыўся там каля паўгода. На заводзе адпрацаваў амаль 10 гадоў. 

У сельскай гаспадарцы з 1995 года. Пасля службы ў войску прыйшоў у калгас «Савецкая Бела­русь». Няма тых работ, на якіх не быў бы задзейнічаны: умею і араць, і культываваць, і сеяць. Але, як і кожнаму механізатару, па душы мне ўборка. Амаль 20 сезонаў запар на страчанскіх нівах убіраю саспелы хлеб. Напачатку кіраваў «Бізонам», потым 5 гадоў працаваў на камбайне «Ліда», а апошнюю «дзясятку» малачу на «Палессі». Яшчэ не вырашыў, ці сяду сёлета ў кабіну збожжаўборачнага камбайна – хоць і на пенсіі, яшчэ працую, але сілы ўжо не тыя, што 10 гадоў назад.  

– Што адчулі, калі даведаліся, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару?

– Не буду ўтойваць, як кожнаму чалавеку, мне, канешне, прыемна, што работу заўважылі і адзначылі на такім высокім узроўні. Лічу, што ў нашым сельгас­прадпрыемстве ёсць талковыя і працаўнікі, і спецыялісты. Партрэт таго ж загадчыка раслінаводчага ўчастка Мар’яна Комара, які шмат дзесяцігоддзяў аддаў раслінаводству нашай гаспадаркі, заносілі на Дошку гонару, і міхалішкаўскага механізатара Андрэя Часнойця. 

– Які год ці перыяд лічыце найбольш удалым у асабістым і прафесійным планах?

– Лёсавызначальным для мяне стаў 1986-ты. Я тады працаваў на цагельным заво­дзе. У Вераб’ёўскую «пачаткоўку» прыслалі на адпрацоўку маладую настаўніцу. Як цяпер памятаю нашу першую сустрэчу: я цягнуў гліну, а яна ішла ў магазін. Тарэса была апранута ў куртку-вятроўку, джынсы… Дзяўчына, якая глянулася з першага позірку, праз год стала маёй жонкай. (Усміхаецца.) Выгадавалі сына і дачку: і Ганна, і Юрый з сем’ямі жывуць у Астраўцы. Мы з Тарэсай ужо тройчы бабуля і дзядуля…

У прафесіі, напэўна, самы ўдалы быў пачатак 2000-х, калі СВК «Страча» кіраваў Валерый Іосіфавіч Руновіч. У адзін з гадоў валавы намалот склаў каля 5 тысяч тон збожжа. Найбольш на свой рахунак я запісваў каля 1 200 тон збожжа. 

– Што вас радуе? І што засмучае?

– Люблю, калі прыязджаюць пагасціць дзеці і ўнукі. А душой адпачываю падчас рыбалкі, падабаецца вудзіць падлешчыкаў на Свіры. Засмучае, што не ўсё ладзіцца ў КСУП «Міхалішкі». Хочацца, каб палепшала фінансавае становішча, каб моладзь прыходзіла працаваць у сельскую гаспадарку.

– Знакаміты беларускі паэт Максім Танк лічыў, што простае шчасце людское «складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, з дарожнага пылу»… Што робіць шчаслівым Івана Юшчыка?

– Яшчэ некалькі гадоў назад я адказаў бы, што класік беларускай літаратуры не памыліўся: родныя краявіды, любімая работа, якая сапраўды патрабуе высілкаў і намаганняў, залатыя збожжавыя рэкі… Але за некалькі гадоў наша жыццё кардынальна змянілася! Самае галоўнае для мяне, каб блізкія і родныя былі здаровымі. Калі нічога не баліць – тады і жыццё ў радасць. Каб у свеце, нарэшце, былі мір і згода – хлеба хопіць усім.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: