«Цёплы дом» збіраў сяброў

13:36 / 16.01.2022

1641189274596.jpg

Аддзяленне дзённага знахо­джання пажылых людзей Тэрытарыяльнага цэнт­ра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даўно стала для  іх сапраўды цёплым домам. Канешне, у цяперашні час наведвальнікаў бывае не так шмат, як раней, але хто  сумуе па сяброўскіх стасунках і сустрэчах, той прыходзіць хоць ненадоўга.

Вось і напярэдадні Новага года сабраліся самыя актыўныя  сябры, каб разам сказаць удзячнае «бывай» 2021-му і радасна павітаць  2022 год, выказаць свае надзеі і чаканні. Гасцей сустракалі сардэчнымі вітаннямі і пажаданнямі дырэктар цэнтра Святлана Куцько і загадчык аддзялення Аксана Свірская. Ад іх  добрых, шчырых слоў у кожнага з прысутных адразу пацяплела на душы.
Па ўсходнім календары настае год Тыгра, таму значная частка святочнай праграмы была прысвечана яго сімвалу, увасобленаму ў сімпатычным аранжава-паласатым вязаным кацяняці. Яму прысвячаліся віктарына, нізка загадак, жарты і забавы. Праводзілі іх, вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай. Кожнаму з гасцей прызначаўся адмысловы прыз з торбы Дзеда Мароза, які, аднак, трэба было самому адшукаць, апісаць не разглядваючы, і толькі потым забраць на памяць.

1641189274608.jpg

А потым быў невялікі імправізаваны канцэрт з песень і вершаў пра зіму і Новы год. Саліраваў з уласнай  кампазіцыяй у тэму і акампаніраваў на акардэоне кіраўнік вакальнага ансамбля «Аксаміткі» Васіль Карпец, а яго калега з танцавальнага гурта «Чаромушкі» Тамара Батура запрасіла ўсіх у святочны карагод.
А мілае  аранжава-паласатае звераня  перабралася на жыхарства да аўтара гэтых радкоў.

Текст: