Апавяданне "Сястра едзе!"

15:21 / 15.01.2022
360

6456.jpg

Пах ваніліну разносіўся па ўсёй лесвічнай пляцоўцы. Суседка з кватэры насупраць не вытрымала, пазваніла ў дзверы Ганны:
– Чым гэта так пахне ў цябе? Пірагамі? Гасцей чакаеш?
– Так, самую дарагую госцю.
Суседка наважылася было кінуцца ў роспыты, ды Ганна апярэдзіла: 
– Прабач, няма часу. Потым сама ўбачыш, а можа, як захочаш, і за сталом з намі пасядзіш, – і зачыніла дзверы перад самым носам. Ёй зусім не хацелася тлумачыць, што прыязджае сястра. Усе суседзі ведаюць: пасля ад’езду сына з сям’ёй за акіян Ганна ўжо 5 гадоў жыве самотна. Муж памёр раней, і знаёмыя меркавалі, што нікога з родных у яе няма. І сама яна так лічыла – ды спакваля прывыкала да сваёй адзіноты. Толькі гэтай восенню нечакана ўсё змянілася...

* * * 
Жанчыны пазнаёмілася ў санаторыі. Заехалі ў адзін дзень, пасяліліся разам. Здраўніца ім спадабалася: дагледжаныя, утульныя карпусы старой пабудовы, шырокія пешаходныя дарожкі, на клумбах – познія кветкі. Блізка падступае лес, зіхаціць барвова-залацістымі фарбамі бабінага лета, быццам запрашае пагуляць па пратаптаных сцяжынках.
На абедзе жанчыны апынуліся за сталом разам з немаладой сямейнай парай – Марыяй Пятроўнай і Мікалаем Фёдаравічам. Назвалі сябе: Ганна Віктараўна і Аліна Віктараўна.
– Сёстры? – спытаў мужчына?
– Ды не...
– А падобныя...
Кабеты паціснулі плячыма. Самі яны не разгледзелі таго падабенства.
Працэдур у першы дзень яшчэ не прызначылі, таму было вырашана адправіцца на шпацыр. Сонейка так заманліва свяціла і прыгравала...
Ганна са смехам расказвала, як выпіхвалі яе калегі адпачываць па «гарачай» пуцёўцы. Жартавалі: кавалера сабе знойдзеш. Мужыкі любяць у такую пару па курортах раз’язджаць.
– Ды ну вас з вашымі кавалерамі! Хіба што проста адпачну, здароўе падмацую...
– І я па «гарачай», – азвалася Аліна.
Адразу ж высветлілі, хто ёсць хто: Ганна – бібліятэкар са стажам, Аліна – бухгалтар на лесаперапрацоўчым камбінаце. Пяць гадоў на пенсіі, але яшчэ працуе: начальства цэніць яе салідны вопыт і акуратнасць у рабоце. Ды і самой сярод людзей весялей, бо таксама адна жыве. Дачка даўно ў Расію выехала, нібыта замуж там вый­шла. Зрэдзьчасу лісты дасылае, але нейкія кароткія. Маўляў, няма пра што пісаць...
– А ў якой бібліятэцы ты працуеш, Аня?
– У раённай, N-скай. А пачынала пасля тэхнікума ў сельскай.
– Ці не ў Кавалёва-Лазянскай?
– Там! Па размеркаванні трапіла. Адкуль ведаеш?
Аліна крыху загадкава ўсміхнулася.
– А я цябе ўспомніла! Аднойчы ты ў нашы Дуброўнікі кніжкі прыносіла. Я тады дома сядзела, малую гадавала. Памятаю, ты некалькі кніг ды часопісаў мне пакінула, хаця маці і сварылася, маўляў, калі ёй чытаць, няхай дзіця глядзіць! Пазней наш сусед Віця Садоўскі згадзіўся бібліятэчку-перасоўку трымаць, сам выбіраў у цябе кнігі, а калі ўсе жадаючыя іх прачытвалі, адвозіў і мяняў на новыя. Так што больш мы з табой не бачыліся. А праз некалькі гадоў ты некуды выехала...
– Дык мужа гарадскога знайшла, забраў з сабой. Там у раённую бібліятэку ўладкавалася, інстытут завочна скончыла. Дагэтуль і працую на адным месцы, загадваю абанементам.
Замаўчалі. Аліна аб нечым задумалася, і Ганна таксама паглыбілася ва ўспаміны.
– А мы сапраўды з табой сёстры, Аня. – Аліна раптам павярнулася да яе. – У нас адзін бацька. Перш чым ажаніцца з тваёй маці, ён любіўся з маёй. У выніку на свет з’явілася я. Але ён прызнаць нас не пажадаў. А мо, бацькі яго не захацелі нявесткі з такім «пасагам», да таго ж і галадранкі... Адкуль там багаццю брацца, калі ў хаце адны бабы... Бабуля без мужа нарадзіла маму, мама – мяне... Прадчуваю, што і дачушка наш лёс паўтарыла, а прызнацца саромеецца...
– Калі ты выйшла з хаты, мама адразу сказала, што за госця ў нас была. «Чаму ж ты не затрымала Аню?» – пакрыўдзілася я. «А што мы ёй сказалі б? Лепш хай нічога не ведае, раз бацькі гісторыю гэту ад яе ўтаілі». Вось так, сястрычка... Ты не думай, я на бацьку нашага не крыўдую. Як выйшла, так выйшла. Ды і не вельмі шчаслівае ў яго было жыццё, я чула...

* * * 
Пра тое, што бацька меў «на старане» дзіця, Ганна даведалася ад жонкі аднаго з ягоных братоў, цёткі Валі. Вось карцела дурной бабе выдаць сямейную таямніцу. Навошта? Ганна тады рэзка абарвала яе: «Я свайму бацьку не суддзя. Ды і вы – таксама». Дагэтуль не раз задумвалася: як гэта выйшла, што тата прыстаў у прымы да беднай сіраты-беспасажніцы? Усе 4 яго браты пабралі сабе жонак з заможных сем’яў. Адной далі ў пасаг карову, другой – пару падсвінкаў, трэцяй – жарабятка, з якога потым ладны конік вырас. Ну, а чацвёртая была ўдавой, выходзіла замуж у другі раз, маючы цэлую гаспадарку. Толькі татка прыйшоў з невялікай сваёй маёмасцю ў маленькую, наспех зладжаную пасля вайны хатку жонкі. Нічога, разжыліся з працы сваёй, з мазаля, не горш за іншых. Вось толькі дзеткі нараджаліся слабенькімі і хутка паміралі, адна Анечка выгадавалася... Вырасла без братоў-сясцёр і журылася з гэтага. Пакуль маладая была, з каханым мужам жыла, сына разам гадавалі, вучылі, а потым і ажанілі, самоты не адчувала. А застаўшыся адна, спаўна яе сербанула... І са страхам уяўляла: вось выйдзе на пенсію, засядзе ў чатырох сценах кватэры... Ой, не.. Лепш не думаць пра гэта.
Жанчыны некаторы час гулялі па лесапарку моўчкі. Аліна ўжо шкадавала аб сваім прызнанні: навошта было варушыць даўняе, балючае? Ганна разважала, як цяпер нала­джваць адносіны з лёсам па­сланай сястрой. А потым абняла, прыціснула яе да сябе і сказала:
– А гэта шчасце, што мы нарэшце сустрэліся, сястрычка. Ужо не адны на белым свеце. Дасць Бог, і дзяцей сваіх некалі пазнаёмім. Шмат нас будзе!
З таго дня яны ніяк не маглі нагаварыцца. Успаміналі былое, радаваліся цяперашняму, планавалі будучыя сустрэчы і стасункі. Гэта ж трэба: недалёка, у адной вобласці жылі, а адна пра адну дагэтуль не ведалі...
– Цяпер мы ўжо не згубімся, сяст­рычка! 
– І не расстанемся!

* * * 
Ганна дастала з духоўкі вялікі румяны пірог, паклала на даматканы рушнік – спецыяльна для такой нагоды беражэ – і паглядзела на гадзіннік. Пара ехаць на чыгуначную станцыю, сястру сустракаць.

Текст: Таисия Семёнова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений