Давайце пазнаёмімся: начальнік комплексу па дарошчванні буйной рагатай жывёлы Марыя Радзевіч

14:00 / 15.12.2021
У апошнія гады на Дошку гонару Астравецкага раёна трапляюць не толькі лепшыя работнікі розных галін, але і прадпрыемствы. Сёлета на яе занесены КСУП «Гервяты». Больш таго, па выніках абласнога спаборніцтва другі год запар цэх па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы гэтай гаспадаркі заняў ІІІ месца сярод падобных жывёлагадоўчых аб’ектаў Гродзеншчыны. Летась да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу наша газета расказвала пра начальніка комплексу Сяргея Палачанскага. А цяпер знаёмім з начальнікам аднаго са структурных падраздзяленняў, цэха па дарошчванні, – Марыяй Радзевіч.

Татава дачушка

Марыя нарадзілася ў простай вясковай сям’і ў Шунэлішках. Бацькі гадавалі чатырох дачушак: наша гераіня была самай малодшай і найбольш часу праводзіла з татам. Як і большасць мужчын, Іван любіў тэхніку і ў вольны ад працы і клопатаў час літаральна дняваў і начаваў у прыстасаваным пад гараж памяшканні, а Марыя падносіла яму розныя шурупы, гайкі і ключы. 

– Бацька працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе. У яго было і вадзіцельскае пасведчанне, і правы трактарыста, і дакументы на права кіравання пагрузчыкам. А колькі запчастак і дэталей у яго гаражы ляжала! Любіла дапамагаць яму рамантаваць трактар – гэта ў дзяцінстве так думалася, хоць што я тады разумела. На самой справе – толькі паднясі-падай, – з настальгіяй успамінае жанчына. – Пакуль тата быў жывы, мама нідзе не працавала: гадавала нас і даглядала за хатняй гаспадаркай. Калі бацькі не стала – у 42 гады – пайшла ў калгас паляводам, пазней збірала па вёсках малако. Відаць, не баяцца ніякай работы – у мяне ад мамы. Яе, дарэчы, таксама рана не стала. Жыццё з сёстрамі нас раскідала па свеце: але мы дружныя, хоць і рэдка бачымся.

Падчас вучобы ў Гудагайскай сярэдняй школе Марыя ўсур’ёз не задумвалася, кім хоча стаць. Пэўны час хацела быць медсястрой: падабаўся белы халат – але потым зразумела, што працаваць з людскім болем не зможа. 

– Па натуры я ласуха. У гадоў пяць-шэсць хацела быць прадаўцом. Мне здавалася, што можна стаяць за прылаўкам і есці, колькі душы заўгодна, цукеркі і іншыя прысмакі, – жанчына ўсміхаецца. – Ні медсястрой, ні прадаўцом я не стала. Уладкавалася землеўпарадкавальнікам у Гудагайскі сельскі Савет. Пазней завочна атрымала адпаведную прафесію ў Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. 

Дарэчы, менавіта ў Гудагаі Марыя пазнаёмілася з будучым мужам: Андрэй на той час працаваў пагранічнікам. 

– У 2004 годзе ў нас нарадзілася Каміла. Пасаду землеўпарад­ка­валь­ніка скарацілі. На сямейным савеце вырашылі пераехаць на радзіму мужа, у Гервяты, – расказвае жанчына. 

2.jpg

Гервяты – прыстань жыцця

Для Радзевічаў 2006 год стаў лёсавызначальным: у Гервятах яны вырашылі пусціць свае карані. 

– Праўленне калгаса дало жыллё: уласнымі сіламі мы абулад­кавалі дом. Праз год пасля пераезду я выйшла на работу. Выбіраць не даводзілася: згадзілася на тую працу, што прапа­ноўвалі, – працягвае жанчына. – У сезон, калі трэба карміць механізатараў, была кухон­ным рабочым у сталовай. Пазней працавала на вагавой, потым – загадчыкам склада запчастак. Работа падабалася – нездарма з татам столькі разоў трактар круціла. (Усміха­ец­ца.) А ў 2009 годзе мне прапанавалі перайсці ў цэх па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Так стала начальнікам аднаго са структурных падраздзяленняў. Ніколі не думала, што буду працаваць у жывёлагадоўлі, – але за гэты час усвядоміла, што гэта – маё. 

У большасці людзей задаволенасць жыццём залежыць ад двух фактараў: сям’і і работы. У гэтым сэнсе Марыя Радзевіч, напэўна, шчаслівая. Старэйшая дачка Каміла сёлета паступіла на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага экана­мічнага ўніверсітэта, а малодшая Ліза пайшла ў першы клас Гервяцкай сярэдняй школы. І на комплексе, мяркуючы з вытворчых паказчыкаў, – таксама справы ідуць добра. 

Работа – па душы

Цэх па дарошчванні буйной рагатай жывёлы ў Гервятах, які ўжо больш за 10 гадоў узначальвае Марыя Радзевіч, – гэта 12 секцый і 15 працаўнікоў.

Дарэчы, за малымі бычкамі і цялушкамі тут даглядаюць выключна жанчыны. На сучасны манер жывёлаводы цяпер называюцца аператарамі жывёлагадоўчага комплексу механізаваных ферм. 

– Я хоць і вясковая, і карову ўмела даіць, і мела ўяўленне пра сельскагаспадарчых жывёл, тым не менш жывёлагадоўля ў такіх маштабах для мяне была незнаёмай сферай, – узгадвае пачатак працы жанчына. – Але цяжка мне не было. Тагачасны начальнік комплексу Марыя Іосіфаўна Бушмовіч – сапраўдны прафесіянал сваёй справы – вельмі дапагала падказкамі і парадамі. І з калек­тывам мне пашчасціла: цялятніцы вопытныя, добра ведалі сваю работу. 

На комплексе раніца для Марыі Радзевіч пачынаецца з выдачы канцэнтратаў. Потым жанчына абыходзіць жывёлагадоўчыя памяшканні, каб пракантраляваць працэс камлення цялят. А праз некалькі гадзін займаецца дакументацыяй. 

– З малочна-таварных ферм КСУП «Гервяты» нам прывозяць цялят пачынаючы з месячнага ўзросту. Фарміруецца секцыя ў 180 галоў. Цялятніцы гадуюць іх да 6-ці месяцаў: потым бычкоў пераводзяць у цэх па адкорме, а цялушак – на фермы. За месяц мы перадаём дзве секцыі – у кожнага аператара яны мяняюцца раз ў паўгода, – расказвае пра работу Марыя Радзевіч. – Да дзвярэй кожнай секцыі пагрузчык ці трактар прывозіць кормасумесь, якую на цялежцы развозяць аператары. Сістэма водапаення ў нас цэнтралізаваная. Малако таксама развозяць. Дарэчы сказаць, яго мы сквашваем з дапамогай мураўінай кіслаты. Ферментацыя адбываецца цягам 6-ці гадзін – у выніку малако становіцца падобным на кефір ці ражанку. Гэта вельмі карысна для стрававання малышоў. 

Цікаўлюся ў начальніка цэха: ці праўда, што цяляты падобныя да дзяцей?

– Здаецца, што ўсе яны аднолькавыя: стракатыя, чорна-белыя – але яны не падобныя адзін да аднаго, неаднойчы гэта прыкмячала. У аднаго кучаравы чуб, у другога курносая пыса, – працягвае Марыя Ра­дзевіч. – Дзяўчаты вельмі пера­жываюць, калі цяляты хварэюць, – нават часам плачуць. Найбольш цяжка напачатку, калі толькі фарміруецца група. Без хвароб не абыходзіцца – гэта  своеасаблівая адаптацыя: як і дзеці, часта хварэюць, калі толькі пайшлі ў садок. Радуе, што ў нас дружны калектыў, што ўсе разумеюць: галоўны вынік залежыць ад работы кожнага. 

1.jpg

Некалькі пытанняў аб галоўным

–  Калі можна было б адматаць жыццё назад, што змянілі б?

–  Напэўна, атрымала б вышэйшую адукацыю. 

– Давайце ўявім, што гэта можна зрабіць. На каго б вывучыліся?

– Стала б юрыстам. Я люблю дакладнасць, і мне падабаецца працаваць з дакументамі.  У пэўнай ступені маю няспраўджаную мару цяпер ажыццяўляе старэйшая дачка, хоць сваё меркаванне я ёй ніколі не  навязвала. Лічу, што бацькі ні ў якім разе не павінны рабіць выбар за дзяцей. 

– Якія ўрокі ў школе вам даваліся найлягчэй?

– Руская літаратура і мова. 

– Якая ваша любімая кніга?

– Напэўна, гэта «Чырвонае і чорнае» Стэндаля. Раней шмат чытала: падчас дэкрэтнага адпачынку актыўна наведвала мясцовую бібліятэку. Цяпер, на жаль, усё часу не хапае.  

– Уявіце, што ваша мара ажыццявіцца – але вызначыцца з ёй у вас ёсць толькі імгненне… 

– Хацела б адпачыць на моры ўсёй сям’ёй. Ну, калі гэта мара, то выбіраць Чорнае – напэўна, банальна. Балі – самае тое! (Усміхаецца). 

– Што робіць вас шчаслівай?

– Поспехі дзяцей і калі ўсё добра ў маіх блізкіх. Дабрабыт і спакой ў сям’і. Думаю, гэта самае галоўнае для любога чалавека. 

– Што патрэбна вам для перазагрузкі пасля напружанага працоўнага тыдня? 

– Некаторыя не могуць пачаць свой дзень без кубачка кавы, іншаму трэба паляжаць на канапе. А мне патрэбна некалькі хвілін цішыні і спакою: каб у думках настроіцца на пазітыўны лад. Пастаянны рух таксама ратуе. 

– Наколькі ведаю, у вельмі кароткія тэрміны вы моцна пахудзелі. Раскрыеце сакрэт?

– Паставіла сабе мэту пахудзець: скінула 27 кілаграмаў за 3 месяцы. Спецыяліст па правільным харчаванні распрацаваў меню, якога я строга прытрымлівалася і працягваю гэта рабіць. Самым вялікім адкрыццём для мяне стала, што, калі хочаш пахудзець, – трэба есці, а не галадаць. У гэтым мяне падтрымалі муж і дзеці. Лічу, што чалавек пастаянна павінен ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Пры гэтым варта разумець, што давядзецца папрацаваць – але вынік таго каштуе. 

– Якая вы як кіраўнік? 

– Эмацыйная, магчыма часам запальчывая, але хутка адыходжу. Многія, напэўна, лічаць мяне злой, але сама я так не думаю. (Усміхаецца.) Мне здаецца, што я справядлівая. Многае магу прапусціць міма вачэй, магу даць чалавеку другі шанс. Але сесці сабе на шыю ніколі не  дазволю.

– Па якім прынцыпе вы жывеце?

– Імкнуся адносіцца да людзей справядліва і не рабіць подласцей. Гэтаму мяне навучыў горкі вопыт дзяцінства. Я вучылася ў другім класе, а сястра – у шостым. Адна настаўніца вяла групу падоўжанага дня. Сястра дома падбухторыла мяне, што хадзіць туды не будзем, маўляў, бацькі будуць думаць, што мы ў школе. На другі дзень у школе на адным дыханні я ўсё расказала педагогу. Памятаю, потым са мной размаўляла мама – казала, што так нельга рабіць. Мне было настолькі сорамна, што я «здала» родную сястру, – хацелася праваліцца скрозь зямлю. 
Амаль 2 тысячы бычкоў і цялушак – пагалоўе цэха дарошч­вання.

У секцыях Веры Кацяш, Алены Рогач, Алены Мацко, Святланы Сыс найбольшыя сярэдне­сутачныя прывагі за 11 месяцаў.

Работа комплекса па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы  за 11 месяцаў:
▪ 4 519 галоў – пагалоўе;
▪ 2 982 галавы рэалізавана на мяса;
▪ 1 034 галавы пераведзена на іншыя фермы;
▪ 1 275 тон – прывага з пачатку года;
▪ 900 грамаў – сярэднесутачная прывага;
▪ 6,5 цэнтнераў кармавых адзінак – расход кармоў на 1 цэнтнер прывагі;
2 322 галавы набыта.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич