Как подружились литовские и белорусские краеведы

08:58 / 21.05.2012

Са студзеня мінулага года цэнтр пазашкольнай работы, а цяпер – цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пачаў рэалізацыю міжнароднага краязнаўча-турыстычнага праекта “Краязнаўства без межаў”.


Пачатак плённаму супрацоўніцтву быў закладзены некалькі гадоў назад – падобны праект паміж двума раёнамі Беларусі і Літвы працаваў у Кямелішкаўскай школе. Два гады назад  дырэктар краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны”, які працуе ў Швянчонскім раёне Літоўскай Рэспублікі, Людміла Шмялёва  вырашыла пашырыць межы праекта і звярнулася з такой прапановай у Астравецкі цэнтр пазашкольнай работы. Партнёрамі праекта, акрамя Астравецкага і Швянчонскага цэнтраў, сталі Вільнюская сярэдняя школа “Жарос” і Кямелішкаўскі НПК нашага раёна.


Безумоўна, яго каардынатары – Людміла Шмялёва і Наталля Сянюць –  прыклалі  шмат намаганняў, каб  арганізаваць ажыццяўленне  праекта, і спадзяваліся на атрыманне грашовага гранда на яго рэалізацыю. Але фінансавання Еўрасаюз не выдзеліў. І тым не менш арганізатары вырашылі ажыццявіць праект за ўласныя сродкі.  Пасля папярэдняй падрыхтоўкі пачаўся асноўны этап рэалізацыі праекта, які працягваецца і цяпер.


–Мы вельмі ўдзячны Астравецкаму райвыканкаму за дапамогу ў рэалізацыі праекта і асабіста намесніку старшыні В.З. Свіла за падтрымку і разуменне. Дзякуючы райвыканкаму, нашы супрацоўнікі і выхаванцы атрымалі бясплатныя візы для наведвання суседняй рэспублікі, – гаворыць дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць. –  У рамках праекта ўжо прайшло шэраг мерапрыемстваў, сустрэч, экскурсій і семінараў. Апошняя з экскурсій – “Па слядах Радзівілаў”, якая зусім нядаўна была арганізавана ў рамках праекта, – пачалася  на тэрыторыі нашага раёна.


Настаўнікі-прадметнікі з Літоўскай Рэспублікі на працягу двух дзён гасцілі ў нашай краіне. Арганізатарам гэтай паездкі з літоўскага боку стала член метадычнага гуртка настаўнікаў гісторыі Вільнюскага раёна Люцына Лапшэвіч.


Першы дзень пачаўся з наведвання Астраўца і знаёмства з сістэмай дадатковай адукацыі ў нашым раёне. Літоўскія настаўнікі сустрэліся з намеснікам начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, якая расказала пра развіццё адукацыі ў нашым раёне і  краіне ў цэлым, з дырэктарам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Н.У. Сянюць, якая з’яўляецца адным з каардынатараў міжнароднага праекта, педагогамі і выхаванцамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Госці былі ўражаны выставай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пазайздросцілі яны і нашым дзецям, якія пасля заняткаў у школе маюць магчымасць развіваць яшчэ і творчыя здольнасці ажно ў 97 гуртках, і нашым педагогам, якія за перамогі сваіх выхаванцаў атрымліваюць дадатковыя даплаты да заработнай платы.


Пасля абеду госці з Літвы накіраваліся ў Мінск – аглядная экскурсія па горадзе і наведванне Нацыянальнай бібліятэкі пакінулі незабыўныя ўражанні. А наступны дзень быў прысвечаны Радзівілам. Радавое гняздо магнатаў у Нясвіжы, Мірскі замак, Навагрудак – усе аб’екты надоўга застануцца ў памяці літоўскіх гасцей.


Свае ўражанні літоўскія госці  выказалі ў анкетах: “Спадабалася ўсё! Поспехаў арганізатарам!”, “Усе аб’екты, якія мы наведалі, нам спадабаліся. Работы Астравецкага цэнтра проста цудоўныя!”, “Думаю, што сустракаемся не ў апошні раз!”, “Часцей арганізоўвайце такія праекты!”, “Дзякуй цэнтру ў Астраўцы!”, “Няхай літоўцы паглядзяць, як трэба гаспадарыць у сваёй краіне!” – гэтыя і шэраг іншых каментарыяў пераконваюць, што час у Беларусі суседзі правялі цікава і карысна.


Пра ўражанні ад паездкі па Беларусі педагогі распавядалі і на старонках газет “Тыгоднік Віленшчызны” і “Кур’ер Віленскі”. У іх яны падзякавалі намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама В.З. Свілу, Людміле Шмялёвай і  Люцыне Лапшэвіч, Наталлі Баніцэвіч і Наталлі Сянюць і ўсім, хто два дні правёў разам з літоўскімі педагогамі ў экскурсіі па Беларусі.


Падчас наступнай сустрэчы, якая запланавана на лета, у госці да нашых дзяцей прыедуць іх літоўскія аднагодкі – разам яны будуць адпачываць у летніку актыву «Вясёлка» і пазнаваць гісторыю і культуру нашага краю.



Алена ЯРАШЭВІЧ.