Холадна ў магазіне ў Палушах. Чаму?

08:27 / 26.11.2021

У рэдакцыю газеты патэлефанаваў жыхар аг.Палушы Генрых Петраш з просьбай высветліць, чаму ў мясцовым магазіне “Родны кут” холадна.

– Праблеме гэтай не адзін дзень, – патлумачыў мужчына. – Працаваць у такіх умовах немагчыма – мне вельмі шкада дзяўчыну-прадаўца.

У палушскі магазін карэспандэнт газеты адправіўся разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціславам Бразінскім.

– Сапраўды, тут холадна, – адзначыў Расціслаў Іванавіч. – Патрабаванні заканадаўства па забеспячэнні дастойных умоў працы неабходна выконваць. Прапісаны яны у Працоўным кодэксе, законе аб ахове працы і санітарных нормах і правілах. Так, згодна з імі для работнікаў катэгорыі 2А, да якіх адносяцца і прадаўцы, тэмпература ў памяшканні павінна быць не менш за +190С. У палушскім магазіне ўсяго +100С. Кіраўніцтву Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства будуць накіраваны рэкамендацыі аб устараненні парушэння. Праз некаторы час мы сумесна з супрацоўнікамі санітарнай службы раёна праверым іх выкананне.

1.jpg

КАМПЕТЭНТНА

Марыя Масойць, дырэктар Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства:

– Пытанні ацяплення з пачатку лістапада мы трымаем на кантролі – пры неабходнасці гандлёвыя аб’екты і кропкі грамадскага харчавання знаходзяцца ў рэжыме прапальвання. У магазіне ў Палушах узніклі праблемы з качагарам, які безадказна ставіўся да сваіх абавязкаў. Сёння гэта пытанне вырашана: узяты новы працаўнік. Дровамі кацельня забяспечана. “Падстрахавацца”, калі па нейкай прычыне кацельнага ацяплення не будзе, прадавец зможа кандыцыянерам – уключаецца ён не толькі на холад, але і на цяпло.

Ці пацяплела ў палушскім “Родным куце”, мы абавязкова праверым разам з прафсаюзам і райЦГЭ. Сачыце за нашымі публікацыямі!

Текст: