Алтай и Татарстан живут в сердце семейной пары из Гервят

09:06 / 23.11.2021
578
Надзея Мікалаеўна і Назіп Харысавіч Хабібуліны жывуць на Астравеччыне больш за 40 гадоў. Аднак не забыліся яны пра краіны, дзе прайшло іх дзяцінства і юнац­т­ва, культуру і традыцыі – берагуць памяць пра сваіх продкаў, Радзіму.

7.jpg

СУСТРЭЧА НА ЦАЛІНЕ

Алтайская дзяўчына і татарскі юнак упершыню ўбачыліся на цаліне: Назіп пасля заканчэння вучылішча прыехаў па размер­ка­ванні, а школьніца На­дзя гасціла ў цёткі. 

– Там і пазнаёміліся, – расказвае Надзея Хабібуліна. – А потым Коля пайшоў у армію, пачалі пера­пісвацца – у лістах і пажаніцца дамовіліся. Скон­чыўшы 10 класаў, я пайшла працаваць на швейную фабрыку ў Барнаул, а пазней да мяне прыехаў будучы муж. 

Да слова, каханага Надзея ад­разу ж «перахрысціла» ў Мікалая. 

– Імя Назіп не кожны запомніць, а Коля – лягчэй, – усміхаецца жанчына. – Мне здаецца, што імёны Назіп і Мікалай падобныя.

У сэрцы Алтайскага краю маладая пара доўга не затрымалася – скіравалася на Урал.

– У горадзе Міас жыў мой брат, які працаваў на будоўлі Уральскага аўтамабільнага завода. Ён паклікаў нас, маўляў, работа бу­дзе, – тлумачыць Назіп. 

Аднак і гэты горад не «зачапіў» – галоўным мінусам была адсутнасць жылля.   

– Потым жылі ў Краснаярскім краі, там нарадзілася старэйшая дачка Ірына; і з бацькамі ў Татар­стане, і на Алтаі – але нідзе надоўга не затрымліваліся.   Мала­дыя былі, лёгкія на пад’ём, ды і не трымала нічога, шукалі, дзе лепей, – робяць вынік Хабібуліны. 

КРАЙ ГАЛОЎНАЙ ВЯРШЫНІ

…Так перакладаецца з цюрскага назва Алтай («ал» – галоўны, «тай» – вяршыня, вышыня).

– Я родам з Алтайскага краю, з сяла Чарвянка Усць-Пры­стан­ска­га раёна, – гаворыць Надзея. –  Хоць ужо шмат часу там не жыву, але да­гэ­туль памятаю жу­ра­­вінныя мясціны, лясныя сця­жынкі, месцы, дзе сабірала бара­вікі, грузды… Дарэчы, балоты ў нас сограмі назы­ваюць.

– Лясы на Алтаі падобныя да беларускіх: сосны, бярозы, асіны… І маліны, і чарніцы, і брусніцы, і журавіны – усё ў іх ёсць. А елкі не растуць. Ну і яб­лынь у садзе раней было не суст­рэць  – Сібір, што ж дзіва­вацца, – цяпер, кажуць, нейкія сарты спра­буюць там вырошчваць, – расказвае Надзея Мікалаеўна. – Агароды садзілі: бульба, буракі, цыбуля, морква – гэта ўсё расце цудоўна. Цяпліцы, як тут, не рабілі, толькі маленькія парнічкі для рассады, а потым высаджвалі ў адкрыты грунт. 

Цікава ведаць

Алтайскі край (Алтай) з цэнтрам у Барнауле і Рэспубліка Алтай (Горны Алтай) з цэнтрам у Горна-Алтайску  – 2 аўтаномныя рэгіёны Расіі. У першым у асноўным раўнінная тэрыторыя і насельніцтва пераважна рускае, а ў другім гарыстая мясцовасць, якую насяляюць алтайцы (алтай-кіжы).  

– Ведаеце, там клімат канкрэтны: калі лета, то яно жаркае, калі зіма, то з маразамі, без ветру, і -300С  добра адчуваецца, мы ў такую пагоду бегалі на горку катацца, – працягвае жанчына. – Вясна таксама дружная: да 15 мая ўжо агароды ва ўсіх пасаджаны. Дарам што Сібір – позна вырастае, але ўсё хутка. Бульбу ў маім дзяцінстве садзілі ўручную, а калі хто канём – называлі «пад ляніўку». Што яшчэ адметна ад Беларусі – няма хутароў.

Цікава ведаць

Галоўная славутасць Алтайскага краю – горад-курорт Белакурыха, які называюць сібірскай Швейцарыяй. І яшчэ адна адмецінка – фестываль «Шукшынскія дні на Алтаі», пры­свечаны ўраджэнцу гэтага рэгіёна, рускаму пісьменніку, акцёру і рэжысёру Васілю Шукшыну. Завяршаецца свята традыцыйна  ў Зростках  – родным сяле знакамітага земляка.

Гаворачы пра радзіму, Надзея пераносіцца думкамі ў баць­коў­скую хату і, нібы смакуючы кожную страву на ўяўным стале, дадае:

– Пельмені… Зімой мы ляпілі іх тысячы, клалі ў навалочку і падвешвалі на крук у халоднай кладоўцы. Там жа віселі і вялікія кавалкі свінога мяса – яго марожаным захоўвалі, каўбас, кум­пякоў ці тушонак, як тут, не рабілі. Пеклі адкрытыя піражкі з брусніцамі, журавінамі, начын­ку ўнутр не хавалі – цеста зашчыпва­лі толькі пасярэдзіне.  Варэнні варылі з розных ягад, а вось брусніцы ра­білі насвежа, перасыпаючы цукрам.   Бачкавыя агуркі, соленыя кавуны, самая смачняціна ў якіх была каля скуркі…

Цікава ведаць

У Рэспубліцы Алтай адзначаюць свята народных гульняў «Эл-Айын», якое кожны раз ладзяць у розных населеных пунктах. Падчас яго спаборнічаюць казачнікі эпасу,  гарлавога спеву, танцоры, юмарысты, народныя ўмельцы; праводзяць конкурсы ігры на народных інструментах, нацыянальнага касцюму і жытла.  Выбіраюць мацнейшага ў нацыянальнай гульні курэш, стральбе з лука, падыманні каменя, алтайскіх шашках, выбіванні плёткай бабак; лепшага ездака ў скачках і аб’ездцы неабвучанага каня. 

1.jpg

Яшчэ адна традыцыя – цвіценне маральніка, які называюць сібірскай сакурай. Бліжэй да мая горы набываюць бэзава-ружовы колер і ўсё паветра прапітваецца  водарам распусціўшыхся кветак. Лічыцца, што, калі маральнік зацвіў, на Алтай канчаткова прыйшла вясна – і гэтую падзею абавязкова святкуюць.

Калі гаварыць пры стравы алтайскай народнай кухні, то асноўныя інгрэдыенты ў ёй – мяса і малако. Турыстам тут прапануюць коча – суп з пярловай крупы, звараны на булёне з ялавічыны, бараніны альбо каніны і пасыпаны дзікой цыбуляй і часнаком. Дэлікатэс кан – каўбаса з барановай крыві, тлушчу, малака, дзікой цыбулі і часнаку. Чэгень – кісламалочны напой, падобны на кефір, змешаны з айранам. Курут – цвёрды з кіславатым смакам сыр. Ток-чок – шарыкі з арэхаў кедру, малака, зярнят ячменю і мёду, абсмажаныя ў фрыцюры. 

НА БЕРАГАХ КАМЫ

– Я татарын, але нарадзіўся ва Узбекістане – там падчас Вялікай Айчыннай вайны маці жыла ў эвакуацыі, пакуль бацька быў на фронце.   Калі тата прыйшоў, вяр­нуліся ў Татарстан, – расказвае Назіп. 

Харыс Хабібулін працаваў бу­ра­віком на нафтаздабычы, таму месца жыхарства яго сям’я мя­няла часта, едучы ўслед за гаспа­даром на новае месца працы. 

– Пазней аселі ў Камскім лес­прамгасе – гэта вялікі пасёлак, – знаёміць з радзімай мужчына. – Лес там прыгожы: піхта, елка, сасна, дуб, ліпа, клён, бяроза… Восенню шмат апёнкаў, лісічак, рыжыкаў, валнушак, груздоў – іх салілі ў дубовых бочках. На рацэ Каме апроч іншай рыбы вудзілі асётраў і судакоў. 

Цікава ведаць

Адно з самых прыгожых месцаў краіны – карставае возера Акташскі правал.

Акрамя шматлікіх помнікаў прыроды, Татарстан вядомы і архітэктурнымі. Так, у Казані ёсць крэмль – цяпер тут рэзідэнцыя прэзідэнта. Зацікавяць турыста востраў-сяло Свіяжск, дзе сабраны розныя славутасці; незвычайны храм усіх рэлігій у пасёлку Старае Аракчына; музей хлеба ў Болгары; дом-музей Івана Шышкіна ў Елабузе; казанскі Багародзіцкі манастыр, у якім захоўваецца абраз Казанскай Божай Маці, і нетыпічнай пабудовы Ніжнякамская саборная мячэць, пры якой працуе грамадскі цэнтр, бібіліятэка і гасцініца.

2.jpg

– Большая частка насельніцтва Татарстана – мусульмане, – тлумачыць Назіп Хабібулін. – Адно з галоўных святаў – Курбан-байрам. Яго адзначаюць праз 70 дзён пасля заканчэння Рамадана – гэта свяшчэнны месяц посту, падчас якога нельга есці і піць у дзённы час: ад усходу сонца і да яго захаду. Курбан-байрам пачынаюць святкаваць з ранішняй малітвы ў мячэці. Потым робяць абрад ахвярапрынашэння – рэжуць авечку ці барана, гатуюць, частку пакідаюць сабе, а частку ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах раздаюць беднякам, дэманструючы такім чынам міласэрнасць і любоў да бліжняга. Свята доўжыцца 3-4 дні.

Традыцыйным святам татар з’яўляецца Сабантуй, калі адзначаецца заканчэнне вясенніх палявых работ. Ладзіцца яно на адкрытай мясцовасці са спа­бор­ніцтвамі на трываласць, моц, трап­насць у конных скачках, баях з мяшкамі на бярвеннях, дэ­манст­рацыі ўмення ўтрымацца ў сядле і іншымі выпра­баваннямі. У гэты дзень на святочных пля­цоўках можна пачаставацца нацыя­нальнымі стравамі татар. 

Цікава ведаць 

Шурпа – тлусты суп, звараны на булёне з бараніны, з дабаўленнем цыбулі, мелка парэзанай бульбы, тонкай локшыны, зеляніны і спецый. Эчпачмак – трокутныя піражкі з начынкай з мяса, бульбы і цыбулі. Кыстыбай –  прэсная ляпёшка, начыненая прасяной кашай. Кош целе – хвораст. Чак-чак, зроблены з мукі і сырых яек, злеплены ў выглядзе палачак альбо шарыкаў, абсмажаны ў фрыцюры і паліты мёдам. 

– Кухня майго народа разнастайная,  адно толькі: мусульмане не ядуць свініну, –  заўважае Назіп. 

ДРУГАЯ РАДЗІМА – БЕЛАРУСЬ 

Каля дзесяці гадоў  пражылі Хабібуліны ў Тэміртау, дзе на той час будавалася казахстанская магнітка. Назіп пайшоў туды працаваць слесарам, потым стаў брыгадзірам. За ўдарную работу яго ўзнагародзілі ордэнам «Знак пашаны». Надзея ўладкавалася ва ўпраўленне Каргадзінскай ГРЭС экспедытарам, потым перайшла на эканаміста. У сям’і нарадзілася другая дачушка – Алена. Доб­рая работа, трохпакаёвая кватэра, дача – здаецца, абжыліся, усё ёсць.  Але Хабібуліны зрываюцца з наседжанага месца – і выпраўляюцца ў Беларусь.  

– Тут, у Гервятах, родзічы жывуць, яны нам і прапанавалі прыехаць. І вось! –  усміхаецца Надзея. – Коля пазнаёміўся з гэтай краінай даўно: ён у Гродне служыў, клімат яму падабаўся і людзі. Словам, адправілася я з залвіцай паглядзець, што і як. Прыехалі, а тут у пачатку мая ўжо сады цвітуць, прыгожа! А што там, думаю, у «скварэчніку», ды і прырода зусім іншая – стэпы ў асноўным.

Мала таго, старшыня калгаса «Радзіма» Андрэй Андрэевіч Галагаеў паабяцаў Хабібуліным выдзеліць жыллё. Справа была вырашана: едуць! 

– Мяне на рабоце адгавор­валі: нашто вы едзеце ў калгас, стаж калгасны не ўвахо­дзіць у дзяржаўны, – узгадвае жан­­чына. – Але я і слухаць не хацела. Муж адправіў мяне ўперад, а сам застаўся адпра­цоў­­ваць. Я ўладкавалася ў калгас, спярша была дыспетчарам, нарміроўшчыкам, потым інжы­нерам па ахове працы, Коля – меха­нізатарам у тым жа калгасе. 

– Калі прыехалі ў Гервяты, у моўным плане цяжкасцей не было – мы з мужам рускамоўныя. Без казусаў, канешне ж, не абышлося. Да прыкладу, папрасілі мяне схадзіць за патэльняй, а я не магу ўявіць, што гэта магло б быць. Альбо «склеп» – там жа памерлых хаваюць! А гэта аказаўся падвал, – дзеліцца Надзея Мікалаеўна. –  Край, у якім мы жывём, асаблівы ў моўным плане – тут жа і беларускую, і рускую, і літоўскую, і польскую мовы пачуеш, такі чатырохмоўны дыялект. 

Хоць Хабібуліны і жывуць на Астравеччыне ўжо даўно, а размаўляюць выключна па-руску. Лічаць, што не трэба скажаць мову – ні родную, ні мясцовую, тым больш што ў стасунках ім гэта не перашкаджае.

– З 80-га года мы тут. Пры­жыліся, можна сказаць, прыліплі да гэтых краёў, – кажуць муж з жонкай. – Тут упершыню пака­ш­тавалі цэпеліны і бабку ў кішцы – спадабаліся. Да слова, у нашым сямейным меню засталіся і нацыянальныя стравы Казахстана: жута-нан, манты, бешбармак, круглы хлеб. 

Хабібуліны сцвярджаюць, што прыкіпелі да гервяцкай зямлі – менавіта тут знайшлі сваё месца. Іх родзічы і знаёмыя, прыязджаючы ў госці, захапляюцца прыгажосцю і дагледжанасцю краіны, засеянымі палямі, добрымі дарогамі, чысцінёй. Наш край стаў для Надзеі і Назіпа другой радзімай, тут жывуць іх дзеці і ўнукі: сям’я старэйшай  Ірыны – у  Міцюнах, сярэдняй Алены – у Гальчунах, а малодшай Наталлі, якая нарадзілася ў Беларусі, – у Астраўцы.

3.jpg
6.jpg
Старэйшая дачка з зяцем
5.jpg
Сярэдняя дачка з зяцем
8.jpg
Малодшая дачка з зяцем
9.jpg
Текст: Рита Дремо
Фото: из архива семьи
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений