Якім выдаўся год для аграрыяў Астравеччыны, расказаў Іван Карніла

11:16 / 19.11.2021
627
Хоць канчатковыя вынікі сельскагаспадарчага года можна будзе падвесці бліжэй да пачатку 2022-га, калі цалкам завершыцца земляробчы сезон і рэалізацыя раслінаводчай прадукцыі, тым не менш ужо цяпер можна зрабіць пэўныя высновы. 

Падсумаваць год, расказаць пра здабыткі і праблемы аграпрамысловага комплексу Астравецкага раёна наш карэспандэнт папрасіў першага намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Карнілу. 

2.jpg

– Як у цэлым гэты год склаўся для аграпрамысловага комплексу раёна і ў прыватнасці для вас?

– Напэўна, гэта адзін з самых няпростых гадоў за апошні час. Для мяне на гэтай пасадзе ён дакладна вельмі няпросты. Цяжкасці ўзнікалі, пачынаючы ад сяўбы яравых і заканчваючы ўборкай.

– На вашу думку, колькі ў гэтым аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын?

– Пачнём з таго, што дрэнна перазімавалі азімыя збожжавыя і рапс – многія ўчасткі давялося перасяваць. Больш таго, некаторыя плошчы яравых таксама не выраслі з-за празмернай вільготнасці. Можна казаць, што аграрыі правялі не тое што паўнавартасную сяўбу, а паўтары пасяўныя кампаніі. А гэта дадатковыя затраты на паліва, насенны матэрыял, заработную плату працаўнікам – адпаведна гаспадаркі панеслі матэрыяльныя затраты, што ў сваю чаргу не лепшым чынам адбілася на фінансах сель­гас­прадпрыемстваў. 

Ураджай сёлета атрымалі меншы ад запланаванага. Да слова, гэта характэрна не толькі для нашага раёна ці вобласці, але і для краіны ў цэлым. Крыўдна, што працавалі больш, а вынік атрымаўся значна меншы, чым хацелася.

Пад ураджай наступнага года зрабілі добры задзел з восені: збожжавы клін азімых склаў амаль 11 тысяч гектараў, пасеялі на 540 гектараў больш, чым летась. Спадзяюся, што ў 2022-м апраўдаецца тэндэнцыя апошніх гадоў і азімыя дадуць добры ўраджай.

– Збожжа сёлета не ўрадзіла. Пасля выканання дзяржзаказу на яго пастаўку, відаць, не ўсім гаспадаркам хопіць фуражу… Як на месцах плануюць перакрываць гэты мінус – за кошт кукурузы?

– Значную стаўку ў гэтым годзе на гэтую культуру мы не рабілі, хоць кукурузы на зерне сёлета атрымалі ўдвая больш, чым у 2020-м: 4 тысячы тон. Але гэта не перакрые недабор збожжа. Прычым на зерне каралеву палёў убіралі больш моцныя гаспадаркі – КСУП «Гудагай» і «Гервяты», а ў гэтым годзе і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». 

У разрэзе забяспечанасці кар­мамі гэты год быў прарыў­ным: негатыўная тэндэнцыя, калі некаторыя сельгаспрадпрыемст­вы раёна з зімы пераходзілі на прывазны сілас ці сянаж, перарвалася. Варта аддаць належнае надвор’ю, на якое звычайна спісваюць многія праблемы ў раслінаводстве, – да радасці, яно паспрыяла корманарыхтоўцы. Пасля скошвання атава адрас­тала на вачах. Напэўна, упершыню за многія гады праблем з забяспечанасцю травяністымі кармамі няма ні ў адным КСУПе. У сярэднім па раёне нарыхтавалі звыш 30 кармавых адзінак на ўмоўную галаву – гэта 105% да ўзроўню 2020-га. Лепшых паказчыкаў у гэтым накірунку дасягнуў КСУП «Міхалішкі», дзе на галаву буйной рагатай жывёлы назапашана амаль 32 кармавыя адзінкі (+7,9 да ўзроўню мінулага года). Дастаткова даўно ў гісторыі жывёлагадоўчай га­ліны Астравеччыны не здаралася, каб было нарыхтавана звыш 100% сенажу ад запланаванага – прычым гэта зрабілі ўсе гаспадаркі раёна. Вялікую ролю, паўтаруся, у гэтым значным плюсе адыграла надвор’е, але і на месцах аграрыі доб­ра спрацавалі: тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання кар­моў закладваліся па рэгламенце з выкананнем патрабаванняў па тэмпературы і вільготнасці зялёнай масы. Усе сянажна-сілас­ныя траншэі запоўнены. І цяпер яшчэ на некаторых участках пад­кошваюцца травы, якія вы­карыстоўваюцца для кармлення жывёлы. Таму, спадзяюся, зімоўка на фермах і комплесах сёлета пройдзе паспяхова ў адрозненне ад мінулага года. 

1.jpg

– З колькасцю нарыхтаваных кармоў сітуацыя зразумелая. А што вы можаце сказаць пра іх якасць? 

– Летась падчас закладкі здроб­ненай травы ў траншэі ішлі моцныя дажджы, вільгот­насць масы была высокай – у то­нах, здавалася, і шмат на­­рых­тавалі, але аб’ёмы былі знач­на меншымі, чым сёлета. У гэтым годзе нараканняў сянаж не вык­лікае. 

– Самы час перайсці ад кармавой базы да яе спажыўнікоў. Якая карціна на канец года вымалёўваецца ў раённай жы­вёлагадоўлі?

– На вынікі работы ў гэтай га­лі­не паўплываў недахоп кармоў падчас папярэдняй зімоўкі, ка­лі дзве гаспадаркі (КСУП «Варняны» і «Міхалішкі») набы­валі іх у іншых сельскагаспа­дар­чых прад­прыемстваў ледзь не з новага года. У вытворчасць жывё­лагадоўчай прадукцыі ўнес­ла карэктывы і халодная вясна – адрастанне траў пачалося на 2 тыдні пазней, чым звычайна. Ёсць такая вывераная часам за­канамернасць: чым раней вый­­дзе ў поле жывёла, тым раней атрымаеш малако і цэлы год будзеш плюсаваць. Сёлета сітуацыя ад­варотная: трава вель­мі позна пачала вегэтыраваць, у выніку па малаку цягам усяго летне-пашавага перыяду і цяпер мы крыху не дацягваем да паказчыкаў міну­ла­га года, праўда, «мінус» гэты зусім невя­лікі. Значна ўніз у гэтым сэн­се сярэднераённы паказчык пацяг­нуў КСУП «Варняны», дзе выт­ворчасць сельгаспрадукцыі ў жы­вёлагадоўлі ў параўнанні з 2020-м склала ўсяго 57%. 

– Ні для каго не сакрэт незай­здроснае эканамічнае ста­но­вішча КСУП «Варняны». Акрамя варнянскіх зямель, сёлета перададзены ў арэнду 2 малочна-таварныя комп­лексы гэтай гаспадаркі. КСУП «Гудагай» адышлі «Кярняны», а «гервятцы» атрымалі ў нагрузку МТК «Газа». Якой вам бачыцца будучыня гэтай гаспадаркі? 

– Варнянскія малочна-тавар­­ныя комплексы, у тым ліку збу­даванні, малочнае абсталяванне, жывёла будуць перададзены ў арэнду іншым, больш паспяховым гаспадаркам па ўсіх нормах і заканадаўчых патрабаваннях. Галоўная мэта гэтага – не зрабіць камусьці горш, а, наадварот, лепш. У свой час усе малочна-таварныя комплексы будаваліся ці пад іх стварэнне рэканструіраваліся фермы за бюджэтныя грошы, таму самая галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, – павысіць эфектыўнасць іх работы. Гэта ў сваю чаргу павінна стымуляваць павышэнне вытворчасці прадукцыі – адпаведна і заработнай платы.

Для цікавасці і параўнання з тым, як было раней, зазірніце цяпер на комплекс у «Кярняны»: у кароўніках падаслана, праводзіцца рамонт даільнага і стойлавага абсталявання, цалкам вывезены гной – за такі невялікі прамежак часу змянен­ні відавочныя. І людзям, і буйной рагатай жывёле ў выніку будзе лепш. 

Зразумела, што непрадук­цый­­ныя галовы будуць выбра­коўвацца – гэта закон малочнай вытворчасці, але сродкі ў гэтым выпадку паступяць на рахунак «Варнян». Наколькі ведаю, КСУП «Гудагай» да канца 2022 года плануе цалкам замяніць дойны статак высокапрадукцыйнымі каровамі сваёй гадоўлі і атрымліваць прадукцыю на годным узроўні. Такі комплекс, як «Кярняны», павінен даваць мінімум 6-7 тон малака, а ніяк не 2. У планах у 3 разы павысіць малочную вытворчасць. 

Што тычыцца другой часткі пытання, то на далейшы лёс КСУП «Варняны» варта глядзець рэа­лістычна. Хоць пасільную дапамогу на многіх сельскагаспадарчых работах «Варня­нам» аказвалі іншыя прадпрыем­ст­вы, апошнія гады ні тэхнічнай ас­наш­чанасці, ні магутнасцей гас­падаркі не хапала, каб улас­ны­мі сіламі апра­цоўваць землі – заараць, пасеяць і ўбраць ураджай – і нарыхтоўваць кар­мы пад патрэбу трох малочна-таварных комплексаў і некалькіх ферм. Выйсце – здаваць у арэнду землі і комплексы – і атрымліваць за гэта аплату. 

Каля паўтары тысячы сельгас­угоддзяў КСУП «Варняны» на платнай аснове далі ў карыстанне прыватнай кампаніі «Бел­агразобр», якая спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы абердзін-ангускай пароды. Частку ворыўных плошчаў арандуюць КСУП «Гудагай» і «Гервяты». 

Памеры КСУП «Варняны» аптымізуюцца для далейшага развіцця гэтай гаспадаркі. Варта разумець: арэнда, якую заўсёды можна скасаваць, – гэта абарачальны працэс, і не трэба блытаць яе з продажам. 

На мой погляд, каб змяніліся справы ў КСУП «Варняны», патрэбны інвестар, пошукам якога і займаемся. 

134.png

– Калі не памыляюся, напрыканцы гэтага года плануецца запуск першай чаргі новага малочна-таварнага комплексу ў Смілгах. У дадатак да гэтага КСУП «Гудагай» яшчэ і арандуе кярнянскі. Гэта не адаб’ецца адмоўна на фінансах гаспадаркі?

– Мне здаецца, наадварот. Зразумела, што не адразу, але паступова з наладжваннем кармлення жывёлы і адпаведным доглядам за ёй, правядзеннем грунтоўнай селекцыйнай работы па аднаўленні малочнага статка МТК «Кярняны» стане прыносіць прыбытак КСУП «Гудагай». Лічу, што гэтая гаспадарка дасягнула такога ўзроўню развіцця, што ім патрэбна пашырацца. Будаўніцтва комплексу ў Смілгах і арэнда ў Кярнянах – гэта толькі адзін з этапаў. 

– Іван Мар’янавіч, каго вы назвалі б чалавекам года ў сельскагаспадарчай галіне раёна? Гэта можа быць не адна асоба, а цэлы калектыў. 

– Год быў вельмі складаны – пра гэта вам скажа любы работнік аграпрамысловага комп­­лексу. Нездарма кажуць: адзін у полі не воін – і гэта пры­маўка найбольш поўна адпа­вядае спецыфіцы работы сельскай гаспадаркі. Найбольш годна, на мой погляд, з праблемамі і вык­лікамі 2021-га справіўся КСУП «Гудагай» – дырэктар Эдуард Іванавіч Садоў­скі і яго ка­манда. Нягледзячы на ўзнікаючыя складанасці, гэтае сельскагаспадарчае прадпрыемства працуе стабільна, рэнтабельна і здольна ўкладваць сродкі ў далейшае пашырэнне вытворчасці. Больш таго, ак­тыў­на гэтым займаецца. А гэта значыць, што ў гаспадаркі ёсць будучыня. Той, хто будуе, – той жыве.

– А як вы ахарактарызуеце пастаянных сярэбраных прызёраў раённага спаборніцтва ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі – КСУП «Гервяты»?

– Адзначу іх стабільную работу. У дырэктара Ігара Уладзіміравіча Жданава ў пла­нах рэканструкцыя і мадэр­­ні­за­цыя комплексу па дарошч­ван­­ні і адкорме буйной ра­­га­тай жывёлы. На тэрыторыі гэта­га жывёлагадоўчага аб’екта ак­тыў­­­на будуецца цэх па пера­працоўцы насення рапсу – у апошнія гады гэта вельмі рэнта­бельная культура. На экана­мічным рынку попытам карыстаецца натуральнае масла, а адыходы, ці рапсавы жмых, з’яўляюцца каштоўным бялковым кормам для жывёлы. 

– Прапаную вам са старонак газеты павіншаваць калег, ветэранаў і работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна з прафесійным святам. 

– Самае галоўнае ў наш няпросты час – здароўе. Будзе яно – будзе, адпаведна, наст­рой на работу і на працоў­ныя дасягненні. Шчыра жадаю дабрабыту і ладу ў сем’ях. Спа­дзяюся, што наступны год стане больш паспяховым, удач­ным і спрыяльным. 

– І вас, Іван Мар’янавіч, з надыходзячым святам. Няхай задуманае абавязкова ажыц­цяўляецца!

3.jpg

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива «АП»
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений