Айца Леанарда Цеханоўскага ўспамінаюць людзі, якія яго ведалі і любілі

12:03 / 05.11.2021
Заўтра светлай памяці айцу Леанарду Цеханоўскаму, які больш за 20 гадоў жыцця прысвяціў парафіям Астравеччыны ў мястэчку Гудагай і Градаўшчызне, споўнілася б 64 гады. Людзі, якія жылі, працавалі пробач з ім, ведалі і любілі яго, дзеляцца ўспамінамі пра брата, святара, духоўніка і сябра.

4.jpg

Сястра Тэрэсіна Стэх, ордэн кармелітанак Дзіцяткі Езуса:

– Айца Леанарда я ведала з першага дня, як ён прыехаў на Астравеччыну. Гэты чалавек мяне адразу зацікавіў: ён любіў кветкі і іншыя расліны – усё жывое… Апрача якасцей характару, мне ў ім імпанавалі глыбокая духоўнасць, розум, чалавечнасць. Ён быў духоўным спаведніком касэкраваных асоб усяго Астравецкага дэканату. Я вельмі любіла прысутнічаць на імшах айца Леанарда. У любым момант і па любым пытанні да яго можна было звярнуцца за парадай. Калі мне было цяжка, магла з айцом паразмаўляць пра ўсе свае праблемы. Ён заўсёды знаходзіў добрыя, трапныя і патрэбныя менавіта ў гэты момант словы і пастаянна нагадваў, што як бы ні было складана, у каплічцы ёсць Той, хто нас паклікаў, хто нас заўсёды падтрымае і дасць сілы зрабіць крок далей.  

Ісці дарогай святарства – няпросты крыж. Неяк пасля імшы пацікавілася ў айца Леанарда, як у яго гэта атрымліваецца і як увогуле не збочыць з дарогі служэння Богу і людзям. А ён па-просту і шчыра прамовіў: «Сяст­ра, благаславёныя – тыя, хто вытрывае да канца, нягледзячы на пера­шкоды, цяжкасці і нейкія свае чалавечыя слабасці». Гэтыя словы я пачула ў вельмі патрэбны момант свайго жыцця… 

Бязмерна ўдзячна Богу, што на сваім жыццёвым шляху сустрэла айца Леанарда. Мне вельмі не хапае яго навукі і споведзі. 

2.jpg

Ева Шэвільярд, сястра:

– Мой брат сваё імя прынёс з нараджэннем – на свет ён з’явіўся 6 лістапада. Бацькі, не ведаючы, як назваць дзіця, зазірнулі ў каталіцкі каляндар: на гэты дзень прыпадаў успамін святога Леанарда. Яны ўпэўніліся, што гэта імя цалкам падыходзіць іх першынцу. 

Падчас вучобы брат праяўляў незвычайныя здольнасці да хіміі. Перспектыва далейшага навуковага накірунку ў жыцці здавалася відавочнай, але Леанард быў нерашучы ў выбары далейшага шляху. Многія раілі яму зрабіць канкрэтны крок: урэшце, ты ідзеш направа ці налева?  Тады ён адказаў «Ні на права, ні на лева, пайду прама» – і паступіў у духоўную семінарыю. Але цікавасць да навуковых эксперыментаў не знікла, а ператварылася ў захапленне фітатэрапіяй. Пасля 3-га курса пакліканне маладога семінарыста набыло новы характар: пачалося яго падарожжа па слядах святых Іллі, Тэрэзы ад Езуса, Яна ад Крыжа і іншых святых кармелітаў. Падчас пастырства ў Вроцлаве Леанард трапіў у цяжкае дарожна-транс­партнае здарэнне. Хоць урачы не давалі шанцаў на аднаўленне рухомасці левай нагі, брат не перастаў хадзіць. Ён прывык да болю, як да дыхання, – гэта не перашкаджала яму падтрымліваць адносіны з іншымі і быць душой кампаніі. Ён казаў: «Мы не маем права казаць, што нам нешта не падабаецца, пакуль гэтага не паспрабуем», – гэты дэвіз суправаджаў яго ў шматлікіх паездках. З сябрамі і роднымі. 

Па прыездзе ў Беларусь ён быў у захапленні ад менталітэта мясцовых парафіян. Казаў, што яны мала маюць, але дзеляцца ўсім. Яны шчырыя ў радасці, якой не сустрэнеш сярод багатых. Служыць такім цудоўным людзям, якія аддаюць больш, чым атрымліваюць, – сапраўдны гонар. Таксама прызнаваўся, што ў Гудагаі яго месца, сярод тых, хто яго прыняў з любоўю.  

Два гады таму Леанард падзяліўся са мной прадчуваннем блізкага канца свайго зямнога шляху. 

Не плачам, што адышоў, Брат, але дзякуем Богу за магчымасць спаткаць цябе на нашай дарозе.
Марыя Дудзень, парафіянка санктуарыя Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі:

– Як святар, айцец Леанард быў на сваім месцы – верай і праўдай служыў Богу і людзям. Пры маёй памяці ён ніколі ні ў чым не адмовіў мясцовым жыхарам. Мае продкі нарадзіліся і жылі ў Стасюкішках – хутар Гудагайскай парафіі. Пазней бацькі пераехалі ў Рукшаны, якія адносяцца да Цудзенішскай парафіі Ашмянскага дэканату.  Калі не стала мамы, айцец Леанард адразу пагадзіўся адслужыць пахавальную імшу. Калі моцна хворы тата ляжаў у бальніцы, святар адведаў яго, паспавядаў і даў намашчэнне хворых. І ў апошні шлях таксама малітвамі праводзіў.  

Айцец Леанард быў святаром ад Бога – гэта можа засведчыць не адзін чалавек. Вельмі шкода, што яго так рана не стала. 

3.jpg

Тарэса Прыбыльская, гаспадыня кляштара кармелітаў босых у мястэчку Гудагай:

– Сказаць, што айцец Леанард быў добрым, зычлівым, спагадлівым – гэта вельмі мала… Для мяне ён быў і братам, і айцом, і сябрам.  У нас здараліся і спрэчкі наконт прыгатавання ежы, але шмат чаго я пераняла і навучылася менавіта ў яго. У айцы гарманічна спалучалася некалькі іпастасяў. Па-першае, ён быў непараўнальна глыбокім духоўнікам, які ўнутрана перажываў тое, што нажыў праз гады, – хабіт. Па-другое, прыроджаным псіхолагам: умеў выслухаць, параіць, дапамаг­чы. Святар быў цудоўным кулінарам, захопленым кветкаводам – моцна перажываў за кожную раслінку, а яшчэ любіў дзяцей. Мой сын Міша і да гэтага часу ўзгадвае музычны дыск з сімвалічнай назвай «Дарога да неба» са спевамі хору, з якім у Польшчы працаваў айцец Леанард. Ён быў спаведніком, як кажуць, ад Бога...  

Леанард сумаваў па радзіме, але завяшчаў пахаваць яго тут, у мястэчку, дзе прайшло столькі гадоў душпастырства. Айцец вельмі любіў, калі прыязджала яго сястра Ева. Відаць, на падсвядомым узроўні яна злучала яго з дзяцінствам, радзімай, каранямі. Яны часта разам гасцілі ў нас у Дэбесях. Колькі радасці было ў айца Леанарда, яго брата Збігнева, сяст­ры Евы і швагра Бернарда, калі яны ехалі на запрэжаных у сані конях па заснежаных вясковых і лясных дарогах! Я частавала іх начыненай бульбай кішкой ці бабкай – айцец Леанард  казаў, што гэта стравы яго дзяцінства. І сам ён цудоўна гатаваў: не раз дапамагала яму круціць галубцы – але не ў капусныя, а ў вінаградныя лісты.  

Айцец Леанард назаўсёды застанецца ў сэрцах, думках, успамінах і малітвах многіх людзей. 
Галіна Граблеўская, капліца БожайМіласэрнасці ў Лошы:

– Айцец Леанард Цеханоўскі змяніў айца Бернарда Ра­дзі­ка. Дзесяць гадоў я была захрыс­ціян­кай, шчыра прызнаюся: усяму мяне навучыў айцец Леа­нард. Калі ён толькі пачынаў у нас служэнне, я не пасаромелася і падышла да яго са  сваімі хваляваннямі: маўляў, ці ўсё так, ойчанька, раблю, можа, штосьці не так па касцёльных канонах. А ён з уласцівымі яму развагай і дабрынёй супакоіў мяне і параіў звяртацца па любых пытаннях. 

Айцу Леанарду цяжка давалася беларуская мова, перад імшой ён перачытваў літур­гіч­ныя тэкс­ты, рыхта­ваў­ся да службы. Хоць, бачна было, што перажываў, але ў яго хораша выхо­дзіла гаварыць на нашай мове. 

Раней вызначанага часу айцец Леанард ніколі не пачы­наў ім­шу: наадварот, раз-пораз вы­глядаў і чакаў да апошняга вер­ніка. Казаў, што зграшыць, калі пачне раней службу, а нехта спазніцца.

Мой малодшы ўнучок, зда­­ралася, калі бачыў айца, за­зна­чаў: «Мама, глянь, вунь бабці ксёндз». (Прыпыняецца.) Да дня нараджэння айца Леанарда мы загадзя запісвалі імшу за здароўе, а сёлета будзем маліцца аб супакоі яго душы. 
Марыя Замара, парафіянка санктуарыя Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі:

– Добры спавяднік і чалавек – гэта пра айца Леанарда. І пажартаваць святар мог пры нагодзе. Маліўся хораша і шчыра. Любіў кветкі. Найбольш маліўся па-польску.  Шкада, што адышоў у такіх гадах, – яшчэ жыць і жыць… Але, відаць, Божаньку ў небе больш патрэбны наш ксяндзулька.

1.jpg

Ксёндз Андрэй Горбач, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы: 

– Айцец Леанард – прыклад духоўнай глыбіні, непараўнальнага інтэлекту, развагі і павагі да кожнага чалавека. Ведаў я яго яшчэ з часоў вучобы ў духоўнай семінарыі. Мой сябар быў у мястэчку Гудагай на душпастырскай практыцы і расказваў пра гэтага разумнага і духоўна багатага святара, пра светлай памяці айца Бярнарда Радзіка і іншых кармелітаў. 

Пасябравалі мы дзесьці гадоў 10 назад, калі я прыехаў на Астравеччыну. Што нас аб’ядноўвала? Мы часта абмяркоўвалі розныя гістарычныя падзеі і гісторыі жыцця святых і іншых выбітных людзей – айцец Леанард быў вельмі адукаваным і начытаным чалавекам. Ён заўсёды мог даць слушную параду, выслухаць, падказаць. Ён любіў усіх і не падзяляў людзей па розных прынцыпах. Ніводнага разу не чуў, каб айцец Леанард сказаў пра кагосьці штосьці дрэннае, ён быў увасабленнем біблейскага выслоўя «не судзі – і не судзімы будзеш». Для яго ўсе былі апрыёры добрымі. 

Родная сястра Леанарда жыве ў тым рэгіёне Францыі, дзе і мой сябар, – гэта таксама нас крыху аб’ядноўвала. Мы дзяліліся ўражаннямі ад наведвання гэтай краіны. 

Пры нагодзе я заўсёды стараўся завітаць у мястэчка, каб перакінуцца з ім некалькімі словамі. Апошні раз перад яго смерцю бачыліся ў ня­дзелю. Мы столькі з айцом Леанардам яшчэ не дагаварылі... 

Айцец Леанард любіў літа­ра­туру. Мы абмяркоўвалі розныя творы. Апошняя кніга, якую ён мне параіў, – гэта жыццяпіс аднаго з італьянскіх святых. 

Я ўпэўнены, што шчаслівым айца Леанарда рабіла служэнне Богу і людзям. Прыкладам свайго душпастырства ён заслужыў добрую памяць.

…Апачывай у пакоі, дарагі сябар! 
Крысціна Ковель, парафіянка санктуарыя Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі:

– Памятаю часы, калі ў нашай парафіі не было сваіх святароў – адпраўляць імшу прыязджаў ксёндз Алёйза з Астраўца. Таму мы з адкрытымі душамі і сэрцамі віталі кожнага кармеліта, які прыязджаў  у мястэчка, – без перабольшвання, мы былі шчаслівымі. 

Айцец Леанард быў пробашчам гудагайскай і градаўшчызненскай парафій да 2005 года. 

Святар быў вельмі прытульным, блізкім і родным. Ён ніколі не праходзіў міма чалавека, не павітаўшыся ці не загаварыўшы. Здаралася, што і некалькі разоў праязджаў на машыне праз вёску, але ўсё адно кожны раз вітаўся. 

Кветкі, дэкара­тыўныя кусты і іншыя расліны займалі значнае месца ў жыцці айца.  А якую ён прыгажосць зрабіў ля касцёла! Прыходзілі, канешне, жанчыны дапамагаць палоць ад пустазелля клумбы, але гэтая ландшафтная кампазіцыя цалкам задумана і ўвасоблена айцом Леанардам. На імяніны і народзіны, якія святар адзначаў у адзін дзень, мы заўсёды стараліся дарыць вазоны – казалі, у яго пакоі была сапраўдная аранжарэя. 

Да нас святар прыязджаў напярэдадні каляднай вігіліі за сенам. Не верыцца, што і на куццю, і ўвогуле ніколі мы ўжо не ўбачымся і не пагаворым… У першую нядзелю пасля яго смерці пасля імшы выйшлі айцы Казімір і Юрый, а мне перад вачыма на хвілінку і постаць айца Леанарда паказалася і прапала. Мы ўсе яшчэ доўга будзем яго ўспамінаць.

5.jpg

Фото catholic.by


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: