Малочна-таварная ферма «Смілгі»: лёсы людзей і фермы

15:10 / 25.10.2021
Што будучыня сельскагаспадарчай вытворчасці за магутнымі малочна-таварнымі комплексамі, дзе ўтрымліваецца па 700, а то і больш галоў, – неаспрэчны факт. Тым не менш, маленькія «малалітражныя» фермы ў параўнанні са сваімі сучаснымі братамі маюць адзін вялікі плюс: падыход да жывёлы тут індывідуальны, а даяркі ведаюць кожную карову са сваёй групы. У гэтым упэўніўся карэспандэнт «АП», завітаўшы на малочна-таварную ферму «Смілгі» КСУП «Гудагай». 

Малочна-таварную ферму «Смілгі» КСУП «Гудагай» выбрала невыпадкова: цікава, чым жыве ферма і яе калектыў у пераходны ў многіх сэнсах час. Па-першае, вырашыла даведацца, як адбыўся пераход жывёлы ад летне-пашавага да зімне-стойлавага ўтрымання. Па-другое, распытаць, пра што думаюць і мараць жывёлаводы фермы, якая неўзабаве трансфармуецца ў комплекс.

Для тых, хто не ў тэме: будаўніцтва малочнага гіганта на 600 галоў распачалося ў 2020 годзе. Гэта будзе трэці малочна-таварны комплекс у КСУП «Гудагай». Праект па яго стварэнні прайшоў конкурсны адбор і трапіў у лік лепшых у рэспубліцы – на яго рэалізацыю гаспадарка атрымала дзяржаўную падтрымку.

Увод у эксплуатацыю малочнай «фабрыкі» запланаваны на май 2022-га. Па папярэдніх разліках, на поўную магутнасць комплекс выйдзе не раней за люты 2024 года. 

Па задуме, МТК «Смілгі» – гэта 24 новыя працоўныя месцы, малочны блок з даільнай устаноўкай «паралель», кароўнікі з боксавым утрыманнем жывёлы і іншае. 

ЗАГАДЧЫК

Пакуль «Смілгі» – гэта невя­ліч­кая малочна-таварная ферма, дзе 13 працаўнікоў, у асноў­ным гэта мясцовыя людзі, у тым ліку некалькі сямейных падрадаў. 

Цяпер на ферме ўтрымліваецца крыху больш за 400 галоў: 131 дойная карова, 156 цялушак аднаўлення, 135 цялят дарошчвання. 

Пагалоўе зменшылася, бо ферма, неўзабаве «пераедзе» праз дарогу, у сучасныя, пабудаваныя з нуля  памяшканні. 

Наваселле, па словах пра­цаў­­нікоў, запланавана на канец ліста­пада, праўда, адкрыюць толькі адно жывёлагадоўчае па­мяш­­­канне для дойнага статка. Старую ферму зачыняць не пла­нуец­­ца: у кароўніках застануцца ця­­лушкі дарошчвання. Нядаўна тут абнавілі станкі пад асемяненне, залілі выгульную пля­цоўку, па­лепшылі  кар­мавыя сталы.  

3.jpg

Крыху больш за 30 гадоў загадчыкам малочна-таварнай фермы «Смілгі» працуе Зоя Доўкша.

– Жывёлагадоўля – гэта маё. Як прыйшла сюды ў маі 1989 го­дза, так і засталася, – сціпла ўсмі­хаючыся, расказвае жанчына. – Памятаю час, калі даілі ўручную ў спецыяльныя вёдры. Калі я прымала ферму, правялі малакаправод і перайшлі на механізаваную дойку.  

Зоя Уладзіславаўна нара­дзі­ла­ся на Іўеўшчыне. Бацькі, як і большасць тагачасных вяскоўцаў, працавалі ў сельскай гаспадарцы. 

– Мама 45 гадоў была сві­нар­­кай, а тата жывёлаводам на свінаферме ў калгасе «Суботнікі». Я дапамагала маме, жывёлу любіла. Да гэтага ча­су памятаю загадчыцу свіна­фермы, вельмі хацела быць па­доб­­най да яе, – успамінае Зоя Уладзіславаўна. – У сям’і нас было трое, я старэйшая. Маці вучылася на заатэхніка, але не паехала здаваць дзяржаўныя экзамены – не было з кім маю малодшую сястру пакінуць. 

Дарэчы сказаць, менавіта маці паўплывала на далейшы жыццёвы шлях Зоі – відаць, у дачушцы хацела рэалізаваць сваю няспоўненую мару. 

– Я збіралася стаць ветэрынарным урачом. Паехала паступаць у Ільянскі сельскагаспадарчы тэх­нікум, але там мяне з’агітавалі ісці на заатэхнічнае аддзя­ленне, – працягвае жанчына. – Пасля заканчэння вучобы мяне размер­кавалі на Астравеччы­ну, у калгас імя Чапаева. Год адпрацавала і выйшла замуж. З Францам пазнаё­мілася ў Трабах – ён адтуль родам – падчас вытвор­чай практыкі ў мясцовым калгасе. 

Абуладкоўваць сямейны быт маладыя пачалі на Ашмяншчыне, але хацелася мець уласны куток, дзе б, як кажуць, і сцены грэлі. 

– Швагерка, якая працавала ў калгасе імя Мічурына, падказала, што ў іх гаспадарцы будуецца жыллё. Муж пайшоў да старшыні прасіцца на работу шафёрам, той пацікавіўся, хто я па прафесіі. Калі даведаўся, што заатэхнік, хоць і ў дэкрэце, параіў не марудзіць з пераездам. Так мы пераехалі на Астравеччыну, – успамінае жанчына. – Калі прыйшла на ферму, даілі больш за 300 галоў, былі і свінаферма, і цялятнік. Працавала 6 даярак, з улікам падменных, – усяго больш за 25 чалавек. Цяпер тут працуюць ужо дзеці многіх з тых, з кім пачынала ў якасці загадчыцы. Напрыклад, сям’я Дарашкевічаў. 

Узгадваючы першыя крокі ў прафесію, Зоя Уладзіславаўна гаворыць, што цяпер жывёлаводам прасцей працаваць, чым іх папярэднікам, – тэхналогіі  не стаяць на месцы. 

– Памятаю, закладзём 400 тон сенажа – і цешымся: гэта ж так многа! Цяпер за суткі нарых­тоўваем каля тысячы тон. А карміць і тады, і цяпер трэба прыблізна аднолькавую колькасць  галоў. І падыходы ў ветэ­­рынарыі змяніліся: патэлефануеш – спецыяліст ужо на месцы – і галава не баліць, чым лячыць  цялятка. Тэхналогія даення змя­ні­лася непараўнальна: раней было вядро з анучай, а цяпер спе­цыяльныя сурвэткі, сродкі для апрацоўкі вымені да і пасля даен­ня, – параўноўваючы пачатак прафесійнай дарогі з сучасным станам спраў у жывёлагадоўлі, працягвае Зоя Доўкша. – Не выпадае дзівавацца, чаму так пабольшалі надоі і палепшала якасць малака. Гадоў 30 назад атрымлівалі ўсяго 1,5 тысячы кілаграмаў, цяпер 5 тысяч – самы ніжэйшы паказчык сярод фермаў нашай гаспадаркі. Памятаю, здавалі малако,сабранае за трое сутак, – замярзала, не маглі выкачаць. Таксама трэба было самой мыць халадзільнік. Цяпер усё аўтаматычна. 

Як і ўсюды, работа загадчыка фермы не абыходзіцца без нер­ваў, праблем, непаразуменняў у калектыве. Здараюцца моманты, калі ўнутраны голас гаворыць Зоі Уладзіславаўне: усё, хопіць! Але праз імгненне, аправіўшыся ад негатыўных эмоцый, жанчына разумее, што душой прыкіпела да фермы, людзей, жывёлы… І злосць як рукой здымае. 

Дарэчы, муж Зоі Уладзісла­ваўны таксама працуе на МТФ «Смілгі», займаецца штучным асемяненнем цялушак і сочыць за станам малакапровада. Дзеці стварылі свае сем’і і падарылі бацькам чатырох унукаў: у сына – Ангеліна і Эрыка, у дачкі падрастаюць Глеб і Ілля. 

– Калі маладзейшымі былі, трымалі карову. Цяпер у хлеў­чу­ку рохкаюць свінкі, зярняты на падворку шукаюць куры. Раней і на работу хадзілі, і цэлае лета сенавалі, каб было зімой чым жывёлу карміць. Цяпер у нашым калгасе, каму трэба, сена пад хату прывязуць, і саломы бяры, колькі хочаш. Раней восенню трэба было пабегаць, каб бульбу скапаць, – цяпер ніякіх праблем, – працягвае жанчына. –  З упэўненасцю магу сказаць, што стала прасцей працаваць, але ўжо сілы і здароўе не тыя. Калі пайду на новы комплекс, то толькі памочнікам начальніка. Дарогу трэба маладзейшым даваць. Вучацца ж дзеці, абіраюць прафесію ветурачоў і заатэхнікаў. Хочацца верыць, што сельская гаспадарка будзе жыць нягледзячы ні на што. А як жа інакш? Калі будуць будаваць такія ж сучасныя малочна-таварныя комплексы, як у нас, калі працаўнікі будуць жыць у добраўпарадкаваных дамах з выгодамі, моладзь захоча заставацца ў вёсцы. 

ПРАЦАЎНІКІ 

Анатоль і Галіна Алёксы (іх здымак змешчаны на 1-й старонцы газеты) на ферме ў Смілгах з 2001 года. Яна працуе аператарам машыннага даення, ён – жывёлаводам. Быць побач 24 гадзіны ў суткі ім не замінае і не надакучвае, а, нааварот, аб’ядноўвае. У групе Галіны найбольш кароў – 52 галавы. Анатоль даглядае цялят з трохмесячнага ўзросту, пакуль яны не набяруць вагу 350 кілаграмаў. Развозіць кармы мужчыне дапамагае кабыла Белачка. 

Цікаўлюся ў Алёксаў гісторыяй  іх знаёмства. 

– У клубе ў Смілгах убачыў дзяўчыну, маленькую, спрытную, ладную. Ну, думаю, мой лёс! Так і сталася, – раз-пораз паглядаючы ў бок жонкі, расказвае Анатоль. 

– Так і жывём, – сарамліва ўсміхнулася Галіна. – Дачушкі Дзіяна, Даша, Антаніна ўжо падгадаваліся.  І дома, і на рабоце разам – так і весялей, і шпарчэй. 

2.jpg

***
Калі загадчык расказвала не пра адно пакаленне сямей, якія працуюць на ферме, яна мела на ўвазе і аператара машыннага даення Алену Дарашкевіч. 

– На МТФ «Смілгі» я з 2003 года. Да дэкрэта – дачцэ Віялеце ўжо 13 – крыху працавала начным вартаўніком, а так з большага – даяркай. У маёй групе амаль 40 кароў. Ведаю кожную па пысе. Дарэчы, і муж працуе ў нас жывёлаводам. Так што ў «Смілгах» не адзін сямейны падрад. 

1.jpg

***
Аператар машыннага даення Наталля Дрокіна ў дзяцінстве марыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Больш таго, нават паступіла ў Лідскае педагагічнае вучылічша – а калі надышоў час экзаменаў, уцякла з горада і вярнулася ў родную Газу. 

– Спалохалася, – прызнаецца жанчына. – Настаўніцы пачатковых класаў павінны былі абавязкова ўмець іграць на гармоніку. Дзе я – а дзе музычны інструмент!

4.jpg

Наталля з маленства любіла дзяцей і жывёлу, таму без ваганняў пасля замужжа пайшла працаваць на ферму.

– Адзін год глядзела цялятак, а так увесь час на дойцы – у маёй групе цяпер 47 кароў. Дарэчы, сын Дзяніс таксама працуе ў КСУП «Гудагай» – жывёлаводам на малочна-таварнай ферме «Ліпнішкі», – расказвае аператар машыннага даення. – Хоць настаўніцай так і не стала, але не шкадую. Камусьці трэба і на ферме працаваць.

ЗІМОЎКА 

На МТФ «Смілгі», як і на іншых фермах, летам рагулі кругласутачна ласаваліся травой на пашы. Два разы на дзень іх прыганялі на дойку. З наступленнем халадоў жывёлу перавялі ў памяшканні, праўда, праменады на свежым паветры засталіся ў распарадку дня рагуль.

– Як таго і патрабуе тэхна­логія, перавод кароў з лет­не-пашавага на стойлавае ўтрыманне адбываўся па­ступова, каб у жывёлы не было парушэнняў у страваванні. У верасні, напрыклад, на пашу статак ганялі толькі днём, а з кастрычніка перавялі на прагулкі, – тлумачыць загадчык. – Хваліцца надоямі не выпадае: як кажуць, «на чамаданах», у чаканні пераезду – таму і першацёлак да нас не прывозяць. Але ў параўнанні з мінулым годам сёлета плюсуем амаль на 50 кілаграмаў: ад каровы за 9 месяцаў надаілі 3 991. Прывагі таксама з плюсам: у сярэднім за суткі жывёлы папраўляецца на 713 грамаў (+134 г да 2020-га). 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич