Першыя лінатыпісты “Астравецкай праўды”

11:24 / 25.10.2021
У 1965 годзе ў друкарні раённай газеты з’явіла­ся цуда-машына – лінатып, вынайдзеная ў Аме­рыцы амаль 100 гадоў таму і «даклыпаўшая» ад таго часу да нашых «раёнак».

Цяпер можна было газету набіраць не ўручную, па адной літары, а цэлымі радкамі, якія адліваліся разумнай машынай са свінцовага сплаву, падпарадкоўваючыся спрытным пальцам ліна­тыпістаў. Вялікі крок наперад! Лінатып нашмат аблягчаў работу наборшчыкаў і паскараў выдавецкі працэс. Але! На той час не тое што ў друкарні – у Астраўцы не было ніводнага чалавека, які б умеў абыходзіцца з гэтым жалезным монстрам.

Тым не менш, жадаючыя асвоіць новую тэхніку знай­шліся.

– Наша сям’я пераехала на Астравеччыну з моцна пацярпелай у гады вайны Курскай вобласці ў 1952 годзе. Тут, у Гудагаі, ужо жыў бацькаў старэйшы брат Сямён Фяцісаў. Ён і тату, які ў баях за вызваленне Беларусі быў цяжка паранены і застаўся інвалідам з адной нагой, паклікаў да сябе. Я ў 1954-м пайшла ў Дайноўскую сямігодку, потым – у Астравецкую сярэднюю школу. Пакуль тут вучылася, кватаравала ў работнікаў друкарні Альберта і Сабіны Сысоў, – расказвае Ганна Віктараўна Штура, у дзявоцтве – Фяцісава.

2.jpg

Гэтая акалічнасць і стала лё­савызначальнай: калі пасля школы спроба паступіць у Гродзенскі інстытут на настаў­ніцу рускай мовы і літаратуры ака­залася няўдалай, Альберт Сыс, у той час брыгадзір дру­карні, прапанаваў Ані: «А ты прыходзь да нас. Нам машыну наборную далі – лінатып, а працаваць няма каму».

Што за звер такі – лінатып, з якога боку да яго падыхо­дзіць, дзяўчына не ведала. І ніхто ў Астраўцы не ведаў. Вырашыла паспрабаваць…

18 ліпеня яе залічылі ў штат дру­карні вучаніцай ліна­ты­пісткі. І амаль адразу з яшчэ адной перша­адкры­вальніцай новай справы Янінай Кацінель яны адправіліся ў Грод­на, дзе ў аблас­ной дру­­карні асвойвалі новую тэхніку. У ліста­па­дзе новаспечаныя спе­­цыялісты вярну­ліся і пры­ступілі да работы.

Ганна Віктараўна ўспамінае, што друкарня тады знаходзілася ў невя­лікім драўляным будын­ку на вуліцы Савецкай, 10 – раней там размяшчалася КПЗ, дзе трымалі арыштаваных, пра гэта нагадвалі рашоткі на вокнах. Пад лінатып выдзелілі малюсенькі пакойчык, туды толькі ўлезла машына і крэсла лінатыпіста. Праціснуцца ў гэты «кабінет» можна было яшчэ толькі аднаму чалавеку – як правіла, сувязным з друкарняй быў адказны сакратар рэдакцыі – ім у той час працаваў Яраслаў Хадкевіч. Далей быў пакой, у якім стаяла друкавальная машына, за ім – цэх ручнога набору. У двух маленькіх пакойчыках у другім канцы месціўся ўвесь штат рэдакцыі. Цесната была неймаверная!

– Працавалі мы з Яняй пазменна: на плечы разумнай машыны адразу лёг увесь набор газеты, – расказвае Ганна Штура. – Лінатып часта ламаўся, для яго рамонту выклікалі спецыяліста з Маладзечна. Але ж газета чакаць не будзе, пакуль тэхніка запрацуе, – усе «вольныя штыкі» станавіліся на ручны набор.

Пазней, калі маладыя ліна­ты­пісткі лепш асвоілі новую справу, яны і самі навучыліся ўхі­ляць дробныя непаладкі, а на­пачатку было складана: не­прад­бачаныя абставіны зда­­раліся часта, а спытаць, па­прасіць дапамогі не было ў каго, да ўсяго трэба было дахо­дзіць самім.

Яніна Кацінель, дзяўчына яркая, неардынарная, артыс­тычная, у 1969 годзе завербавалася вольнанаёмнай у групу савецкіх войскаў у Германію – там таксама працавала ў паліграфіі. Вярнуўшыся ў 1972 годзе, папрацавала ў астравецкай друкарні 4 месяцы, а затым паехала ў Вільнюс, дзе таксама ўладкавалася лінатыпісткай.  

Два гады, з 1967-га па 1969-ты, працавала ў Астраўцы на машынным наборы выпускніца Мінскага ГПТУ-32 Марыя Ста­ні­славаўна Сікорская. Але таксама доўга не затрымалася, як і многія іншыя.

І ў Ані Фяцісавай было жаданне пашукаць шчасця ў вялікім горадзе. Аднойчы яна папрасіла ў сектары друку абкама партыі накіраваць яе ў іншую друкарню. Прапанавалі Слонім. У ліпені 1967 года дзяўчына змя­ніла месца жыхарства.

– Мне падабаўся Слонім, падабалася работа ў друкарні, – успамінае Ганна Віктараўна. – Але ў жніўні 1968 года Савецкі Саюз увёў войскі ў Чэха­славакію, міжнародная абста­ноўка была напружаная, і маці, напужаўшыся, што пачнецца вайна, у адно тэлефанавала і прасіла: прыязджай, што ты будзеш рабіць адна на чужыне, калі раптам што здарыцца. І я вярнулася ў Астравец.

Як аказалася, ненадоўга: у 1970 годзе яна выйшла замуж і паехала з мужам у Кіеў. Перад тым паступіла ў Ленінградскі выдавецка-паліграфічны тэхнікум на завочнае аддзяленне – на сесіі ездзіла ўжо з Украіны, «падкідваючы» па дарозе дачушку маме ў Астравец. Але дыплом не дапамог знайсці работу па спецыяльнасці тэхнічнага рэдактара кніг і часопісаў – ва ўсіх выдавецтвах, куды звярталася, Ані адмаўлялі: дзе з-за няведання ўкраінскай мовы, дзе з-за адсутнасці пастаяннай прапіскі. Да таго ж жыццё ў маладой сям’і не ладзіліся, і яны вярнуліся ў Астравец, спадзеючыся, што тут нешта зменіцца. Сям’ю гэта не ўратавала, але тут, у краі, які стаў ёй родным, сярод блізкіх людзей яна адчувала сябе больш упэўненай і абароненай, чым на чужыне.

1.jpg

Тады Ганна Віктараўна ў трэці раз прыйшла ў друкарню – вядома ж, лінатыпісткай.

– Мне заўсёды па душы была мая работа. Падабалася першай чытаць артыкулы журналістаў, даведвацца ўсе навіны. Не зважала нават на тое, што з работы часта вярталася па другі бок ночы. Жылі ў адным доме на Ленінскай, 8 – Галя Бунчук, Аляксандр Пятровіч Сыч і я – бацьку, як інваліду вайны, далі кватэру. Часта ішлі разам дахаты ў дзве, тры гадзіны ночы – то лінатып псаваўся і даводзілася набіраць газету ўручную, то ў Маскве партыйны з’езд ці пленум праходзіў – і пакуль машыністка прыме паведамленні ТАСС ці БелТА, якія перадаваліся па радыёпрыёмніку, пакуль мы набяром іх, сакратар і рэдактар вычытаюць, паправім памылкі… Але ніхто не абураўся: газета, што б ні здарылася, павінна прыйсці да чытача своечасова, гэта было галоўным прыярытэтам, і нашы асабістыя нязручнасці нікога не хвалявалі.

Так бы, магчыма, і працавала Ганна Віктараўна ў друкарні да выхаду на пенсію, але стала балець сэрца. Звярнулася да ўрачоў, тыя накіравалі на кансультацыю ў Гродна. Пасля абследавання сказалі: трэба кідаць шкодную для здароўя работу. Пастаянная праца з расплаўленым свінцом, удыханне яго пароў – вентыляцыі ў новым будынку друкарні практычна не было – пагражалі сур’ёзнымі наступствамі. 

І Ганна, якая да таго часу насіла ўжо прозвішча Штура, звольнілася. Працавала на заводзе агульнапрымяняльных дэталяў і вузлоў, у падсобным цэху саўгаса «Кямелішскі». Работа там, можа, была і лягчэйшай, але не такой цікавай.

А ў душы, ды і ў гісторыі нашай газеты Ганна Віктараўна Фяцісава назаўсёды застанецца першай лінатыпісткай астравецкай рэдакцыі.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик