Ці ўрадзіла бульба ў КСУП “Гервяты”?

10:07 / 12.10.2021
У беларусаў здавён бадай што самым любімым прадуктам лічыцца бульба – нават гультаяватая гаспадыня з яе можа прыгатаваць па меншай меры некалькі страў. Але сёлета на Астравеччыне ў многіх вяскоўцаў другі хлеб урадзіў не вельмі добра.

IMG_1132.jpg

 Якая бульба вырасла на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, вырашыў даведацца наш карэспандэнт і адправіўся ў КСУП «Гервяты». 
Дарэчы сказаць, апошнія гады вытворчым вырошчваннем другога хлеба на Астравеччыне займаюцца толькі дзве гаспадаркі – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Пад гэтую культуру яны сёлета адвялі 90 і 40 гектараў адпаведна. 
У дзень майго прыезду гервятцы капалі «крухмалістую» за аграгарадком Дайлідкі – працэс бульбакапання ў гаспадарцы цалкам механізаваны. На трактары МТЗ з прычапной сучаснай вялізнай капалкай айчыннай зборкі гэтым займаецца Дзмітрый Янковіч. Механізатар у пэўнай ступені пажынае свае плады: ён вясной садзіў бульбяныя клубні. 

IMG_1124.jpg

– У нашай гаспадарцы адзін бульбаўборачны камбайн, які набылі ў 2012-м, – расказвае капітан вялікага «капача». – На ўборцы бульбы працую з 2016 года. Спачатку, канешне, нязвыкла было кіраваць такой тэхнікай, а потым, як кажуць, набіў руку. Ураджай сёлета горшы, чым летась: бульба менш плодная і драбнейшая. Надвор’е сёлета прынесла не адзін сюрпрыз: спачатку ліло бесперастанку, потым сонца паліла. 
Словы хлебароба пацвярджаюць і лічбы: гервятцы на круг накопваюць 235 цэнтнераў, летась – бралі 267 цэнтнераў. Сёлета ў гаспадарцы зрабілі стаўку на 3 сарты – «янка», «вектар» і «маніфест». 
Калі няма шмат камянёў, то за дзень Дзмітрый Янковіч выкопвае бульбу на плошчы каля трох гектараў, за змену атрымліваецца 100-120 тон «крухмалістай». 
Хоць працэс бульбакапання ў КСУП «Гервяты» і механізаваны, але без ручной працы ўсё ж не абысціся. Чатыры работнікі, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, выдаляюць камяні з транспарцёра, па якім перасоўваецца паток клубняў. Калі набіваецца бункер, бульба трапляе ў кузавы аўтамабіляў. 
Мікіта Уласенка, які адвозіць ураджай з палёў, працуе ў КСУП «Гервяты» трэці год. У сельскую гаспадарку малады чалавек прыйшоў пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа. 

IMG_1137.jpg

– Цяпер бульба ідзе на продаж насельніцтву, – расказвае вадзіцель. – З поля заязджаем на вагавую, а потым едзем па адрасах. 
Па словах агранома-насеннявода Антаніны Дзерван, «крухмалістую» ў асноўным прадаюць насельніцтву – але толькі працаўнікам КСУП «Гервяты». За тону бульбы, якую прывязуць прама на панадворак, трэба бу­дзе заплаціць 150 рублёў. Нескладанымі матэматычнымі вылічэннямі атрымліваецца, што кілаграм «калгаснай» бульбы пацягне ўсяго на 15 капеек – не тое што ў магазіне. Эканомія відавочная. Дарэчы сказаць, набыць гервяцкую і гудагайскую бульбу можна бу­дзе на традыцыйным раённым кірмашы ўжо ў гэтую суботу. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Алена Ганулич