Вольга Валадзько: “Трэба туліцца да людзей – і тады ўсё атрымаецца”

11:07 / 10.10.2021
354
Прафесійны шлях Вольгі Валадзько нельга назваць простым. У дзяцінстве яна марыла аб фельчарстве, вывучылася на заатэхніка, больш дзесяці гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўлі, паспрабавала сябе ў ролі бухгалтара і бібліятэкара, а ў выніку ўзначаліла Дом культуры ў Падольцах. Думала, часова, а працуе ўжо трыццаты год. 

2.jpg

Няспраўджаныя мары

Нярэдка абставіны, якія на першы погляд здаюцца трагедыяй, з’яўляюцца накіроўваючым штуршком лёсу – маўляў, не збочвай. Так атрымалася і ў Вольгі. Праз дарогу ад яе дома знаходзіўся ФАП, таму з маленства дзяўчынка ўяўляла сябе толькі фельчарам і пасля 8 класа паехала ажыццяўляць мару. Якім жа было расчараванне, калі яе, выдатніцу, чый партрэт не сыходзіў са школьнай дошкі гонару, раптам «зрэзалі» «тройкамі», не паказаўшы пры гэтым экзаменацыйных работ, у якіх яна дапусціла столькі памылак. Класны кіраўнік пасля доўга не магла супакоіцца, а Вольга даведалася, што пры паступленні часам улічваюцца не толькі веды. На наступны год бацькі ўгаворвалі паспрабаваць яшчэ, але яна наадрэз адмовілася, рыхтуючыся пайсці ў 10 клас. Планы змяніліся пасля прыезду бацькавага брата, які між справай расказаў пра аграрны тэхнікум у Ваўкавыску. Дзяўчынка тут жа сабрала патрэбныя дакументы, напісала заяву і аб’явіла родным, што паедзе паступаць на заатэхніка. Выбар аргументавала проста: любіць жывёл, да таго ж на канікулах шмат часу праводзіла з хроснай, якая працуе на свінаферме, таму ведае, куды ідзе. Бацькам нічога не заставалася як даць дачцэ «дабро» і блаславіць у дарогу. На іспытах Вольга прадэманстравала бліскучыя веды: адна з трохсот чалавек у патоку здала іх на «выдатна». Лёс не ўмешваўся – усё ішло як трэба. 

Падольцы  

– Вучыцца мне падабалася, гэта быў самы цікавы і вясёлы час, – успамінае жанчына. – Сёння мы ехалі ў адзін калгас – каня запрагалі, назаўтра ў другі – кароў даілі, праз дзень у трэці – парасят кармілі. Так і падмацоўвалі тэорыю практыкай. А вядома ж, моладзь – жарты, песні, танцы, знаёмствы. Я родам са Шчучыншчыны, а ў Астравецкі раён на размеркаванні папрасілася. Чаму? Перад гэтым 2 месяцы ў Рымдзюнах на вытворчай практыцы была – вельмі спадабаліся людзі і хараство прыроды, таму і рашылася сюды на працу прыехаць. А яшчэ з мясцовым хлопцам пазнаёмілася – ён у адно мне лісты пасля пісаў. Так усё ў адно і склалася. У райцэнтры хацелі спачатку ў Страчу адправіць, але ў выніку я трапіла ў саўгас «Падольскі». У той час гэта была элітная гаспадарка – мы грымелі на ўсю рэспубліку і па-за яе межамі. Каўнас, Талін, Рыга – куды толькі жывёлу ні вазілі, дзе толькі ў камандзіроўках ні даводзілася пабываць. Мяне ўсё задавальняла: работа цікавая, калектыў добры, людзі прыветлівыя.

Але не справай адзінай жыве чалавек. Вечарамі моладзь збіралася ў невялікім драўляным доме, дзе размяшчаўся сельскі клуб. Тут ладзілі вечарыны, круцілі кіно, гулялі ў розныя гульні, праводзілі конкурсы мастацкай самадзейнасці. Вясёлая, ініцыятыўная, прагная да ўсяго новага Вольга адразу стала актывісткай культурнага жыцця. У яе выдатна атрымлівалася арганізоўваць мерапрыемствы і згуртоўваць вакол сябе людзей. І пакуль дзяўчына нічога не падазравала, лёс ужо рыхтаваў для яе новае прызначэнне.

1.jpg

Культура

У Падольцы Вольга прыехала ў красавіку, а на Новы год вёска гуляла на яе вяселлі. Дарэчы, суджаным стаў не той, рымдзюнскі, дзеля якога яна прыехала на Астравеччыну, а мясцовы хлопец, які не прыгожымі словамі, а настойлівасцю, цярплівасцю, учынкамі і ўвагай скарыў дзявочае сэрца. Сямейныя клопаты, нараджэнне сыноў, 14 гадоў працы ў саўгасе, спробы новага (падчас падмены дэкрэтнага адпачынку) – на пасадзе бухгалтара і бібліятэкара, вяртанне ў жывёлагадоўлю і раптам прапанова – узначаліць мясцовы Дом культуры. 

– Тагачасныя загадчык раённага аддзела культуры Данута Чарнушэвіч і старшыня сельсавета Віктар Закудоўскі даўно намякалі на мае арганізатарскія здольнасці і сваталі на гэтую пасаду, – успамінае Вольга Віктараўна. – Гэта быў складаны час – пачатак 90-х, калі ўсё развальвалася. Яшчэ раней у Падольцах узвялі цудоўны будынак, у якім мы зараз знаходзімся, – Дом культуры. Гэта ўнікальная, шыкоўная, адзіная ў сваім варыянце пабудова ў раёне, якую неабходна шанаваць і захоўваць. У той час ён быў зусім новы, але нават самы трывалы будынак хутка зачахне без гаспадара. Загадчыкі змяняліся праз некалькі месяцаў, і толку ў клубе не было. Назіраць, як будынак марнуецца было прыкра, да таго ж у саўгасе быў крызіс, вось я і падумала: можа, і сапраўды пайсці ў культуру, хаця б часова? Урэшце згадзілася на прапанову. Спачатку было няпроста: некалькі тыдняў наводзілі парадак у клубе і вакол яго. Пашанцавала, што, як нядаўнюю калегу, трактарысты і шафёры мяне слухалі і дапамагалі вывозіць смецце, выкарчоўваць кустоўе. Так агульнымі намаганнямі прывялі Дом культуры ў належны выгляд. А пасля справа наладзілася. Я змяніла месца працы, але ж не пазбавілася сяброў! Трэба канцэрт правесці, я да іх – так і так, дзяўчаты, дапамагайце. Правялі адзін-другі-трэці, а пасля мае артысткі самі ў клуб пацягнуліся. Маўляў, калі зноў спяваць будзем? Ох, якая ў нас цудоўная каманда была! (Усміхаецца.) Рычард Саўко цудоўна граў на акардэоне, а Барыс Качкан – на баяне. Што мы толькі ні арганізоўвалі: «Дажынкі», агеньчыкі на прафесійныя святы, провады на пенсію шаноўных работнікаў і проста канцэрты для вяскоўцаў. Дзе мы толькі ні выступалі:  вяселлі, юбілеі, хрэсьбіны! Усе вёсачкі сельсавета па некалькі разоў з канцэртнай праграмай наведвалі. Спачатку мы спяваем, а затым мясцовыя жыхары свае прыпеўкі, байкі, танцы ўспамінаюць – бывала, да самай раніцы разысціся не можам. І дзеці, моладзь да клуба гарнуліся, на дыскатэкі з суседніх вёсак прыязджалі. Пра святы, асабліва Новы год, наогул маўчу: яблыку не было дзе ўпасці. Словам, весела і дружна жылі і працавалі. 

Гэта спачатку жанчына адна клуб аднаўляла, а пасля ў яе з’явіліся верныя памочніцы. На­дзея Вайцяховіч і Алёна Якубцэвіч, якія цяпер узначальваюць Міхалішкаўскі і Кямелішкаўскі дамы культуры, пачыналі культурную дзейнасць пад крылом Вольгі Віктараўны і называюць яе сваёй настаўніцай. Тут жа, у Падольцах, доўгі час працавала і нявестка жанчыны, дарэчы пасля замужжа, поўная яе цёзка – Вольга Віктараўна Валадзько.

– Люблю жывёл, чытаць прэсу, вершы землякоў, – пералічвае захапленні мая суразмоўца. – Ды я шмат што люблю, але больш за ўсё – стасункі з людзьмі і рух. Напэўна, таму ніколі і не выступала на сцэне адна, а заўсёды ў калектыве. Бо, каб любіць сваю справу, трэба перш за ўсё туліцца да людзей – тады ўсё атрымаецца. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений