Астравецкія ўраджэнцы – у літоўскай энцыклапедыі

10:18 / 07.10.2021
Гэта цяпер Літва – Еўрасаюз, іншы свет, з якім у Беларусі не самыя простыя ўзаемаадносіны. А яшчэ не так даўно мы былі не толькі адной краінай, але і блізкімі па духу народамі. І многія ўраджэнцы Астравеччыны здабывалі славу суседзям – і наадварот.

Пра чатырох нашых землякоў, чые імёны ўвайшлі ў трохтомную «Малую літоўскую савецкую энцыклапедыю», у 1974 годзе на старонках «Астравецкай праўды» расказаў Адам Мальдзіс. З таго часу мінула амаль паўстагоддзя, і мы вырашылі, што не грэх узгадаць іх імёны і справы.  

Падпольшчык і дзеяч культуры Уладас Дрэма 

Уладас нарадзіўся ў Рызе, куды, ратуючыся ад галечы, паехалі яго бацькі. А вось бацька быў родам з вёскі Слабодкі – была такая каля Гальчун. 
Пакалясіўшы па свеце, бацькі вярнуліся на радзіму, і пачатковую школу Уладак заканчваў у Гальчунах.

2.jpg

Хлопчык рана асірацеў і жыў пад апекай сваякоў у Гервятах. Мясцовы ксёндз, пабачыўшы яго малюнкі, уладкаваў малога ў адзін з прытулкаў Вільні. З 1921 года Дрэма жыў там і вучыўся ў гімназіі імя Вітаўта Вялікага, наведваў мастацкую студыю Вітаўтаса Кайрукшціса. У 1936 годзе ён скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя.

У сваім артыкуле Адам Мальдзіс расказвае, што ў 1935 годзе Уладас Дрэма ўступіў у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, якая тады знаходзілася на нелегальным становішчы, але ўсяляк садзейнічала аб’яднанню дзвюх частак Беларусі. Выконваючы партыйныя заданні, ён неаднаразова прыязджаў у Гервяты да свайго дзядзькі Ягора Мацко, прывозіў падпольныя адозвы і газеты, а затым распаўсюджваў іх сярод вяскоўцаў, рызыкуючы свабодай. 

З прыходам савецкай улады Дрэма працаваў у Наркамаце асветы Літоўскай ССР, затым – у Вільнюскім мастацкім музеі, выкладаў у мастацкім інстытуце.

Уладас Дрэма – вядомы мастацтвазнаўца, яму належыць шэраг грунтоўных работ пра літоўскае і беларускае мас­тацтва, у тым ліку і манаграфія пра заснавальніка беларускай і літоўскай нацыянальных школ жывапісу Францішка Смуглевіча.

Ён і сам быў таленавітым мастаком, у прыватнасці, рэстаўрыраваў фрэскі ў касцёле Святога Яна ў Вільнюсе.

1.jpg

З гадамі аўтарытэт Уладаса Дрэмы і павага да яго працы павялічвалася. Рыхтуючы публікацыі для «Астравецкай праўды» ў 1974 годзе, Адам Мальдзіс не мог ведаць, што праз 20 гадоў ніхто не будзе ўспамінаць пра падпольную дзейнасць у радах КПЗБ вядомага мастацтвазнаўцы – але ў 1992 годзе яго ўзнагародзяць Нацыянальнай прэміяй ў галіне культуры і мастацтва, прысвояць ганаровае званне доктара Вільнюскай мастацкай акадэміі і ганаровага грамадзяніна Вільнюса. У 1999 годзе яго імем назавуць адну з вуліц літоўскай сталіцы.

І ўсё гэта наш зямляк, які, па ўспамінах Мальдзіса, цудоўна ведаў гісторыю не толькі літоўскага краю, але і Астравеччыны, і падказаў яму шмат цікавых фактаў. Напрыклад, расказаў, што на будаўніцтве славутага касцёла Пятра і Паўла ў Вільнюсе працавалі прыгонныя сяляне з Якентан, што ў Гервятах пачынаў мастацкую кар’еру вядомы літоўскі оперны спявак Кіпрас Пятраўскас, які ў 1900-1904 гадах іграў тут на аргане.

3.jpg

Інтэрнацыяналіст Юльян Гражуль з Бабраўнік

Юлюком Гражулём ён быў у Бабраўніках – у «Малую літоўскую савецкую энцыклапедыю» наш зямляк занесены пад іменем Юліуса Гражуліса. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі, адзначаны некалькімі ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку іспанскім медалём, які яму ўручыла знакамітая іспанская рэвалюцыянерка Даларэс Ібаруры, ён у свой час быў вядомым і паважаным чалавекам у Вільнюсе – Адам Мальдзіс расказвае, што адрас яму ў бюро даведак далі без удакладненняў, дадаўшы: «Дык хто ж тут Гражуля не ведае?»
Інтэрнацыяналістам баб­раўніцкага юнака зрабіў голад. Юлюк быў старэйшым сынам у парабка Фелікса Гражуля, пасля нарадзілася яшчэ шасцёра дзяцей. Парабкавала ўся сям’я, Юлюку, як старэйшаму, даставалася найбольш.

У 1928 годзе сям’я, якая не бачыла выйсця з беспрасветнага становішча, прадала апошнюю карову, каб купіць старэйшаму сыну білет на параход і адправіць у Амерыку: можа,  разбагацее, прышле грошай – і ўратуе ўсіх ад галечы?

Так летам 1928 года 24-гадовы юнак пасля двухтыднёвай баўтанкі на караблі апынуўся ў Аргенціне – без ведання іспанскай мовы, асаблівасцей клімату і працы ў трапічных лясах. Днём ён пакутаваў ад спякоты і смагі, ноччу – ад нашэсця маскітаў. І вельмі хутка апынуўся ў бальніцы: усё цела пакрылася пухірамі ад укусаў крыважэрных насякомых.

Але доўга лячыцца не выпадала – у галаве стрэмкай сядзела думка: дома чакаюць грошай, на Юлюка адна надзея. Ён пазычыў 46 долараў і адправіў родным, каб купілі карову. А сам застаўся працаваць – даўгі ж трэба аддаваць.

Тады і прыдачыніўся да камуністычнага руху: зярняты ідэі ўсеагульнай роўнасці ўпалі на ўзараную шматлікімі пакутамі глебу яго жыцця. Ён уступіў у камуністычную партыю Аргенціны – членскі білет, невялікі прамавугольнік з чырвонага кардону, беражліва захоўваў усё жыццё.

Затым была падпольная дзейнасць: Гражуль з сябрамі, сярод якіх, да слова сказаць, быў Сяліцкі з Быстрыцы, расклейваў лістоўкі, арганізоўваў забастоўкі, раззбройваў паліцэйскіх, змагаўся са штрэйкбрэхерамі… Яго арыштоўвалі, білі, садзілі ў турму, выпускалі, зноў арыштоўвалі…

Даведаўшыся, што ў Іспаніі пачалася грамадзянская вайна, ён дабраўся да Францыі і ў Парыжы запісаўся добраахвотнікам на новую вайну, ужо сапраўдную.

У Іспаніі Гражулю давялося перанесці нямала пакут – пасля ранення разрыўной куляй пачалася гангрэна. Урачы аднялі нагу, рана не зажывала. Аднойчы яго нават адправілі ў морг, палічыўшы мёртвым. Пасля таго як Францыю акупіравалі немцы, у шпіталі, дзе ён ляжаў, зрабілі канцэнтрацыйны лагер. Але савецкае пасольства дамаглося вяртання сваіх суайчыннікаў на радзіму. І ўрэшце эшалон праз Італію, Югаславію, Венгрыю прыбыў у Савецкі Саюз. Але Юліус не бачыў урачыстага вітання герояў: ён, бязногі, з незагойнай ранай, ляжаў у купэ і спяваў «Широка страна моя родная…» 

У чарговы раз яго ўратавалі ад смерці ў Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі, дзе знакаміты хірург зрабіў Гражулю дзве складаныя аперацыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Гражуліс далечваўся ў Кіргізіі. А ў 1947 годзе ён вярнуўся на радзіму. Ад вялікай некалі сям’і засталіся толькі маці і брат – той доўга не верыў, што гэта іх Юлюк, які некалі паехаў за мора на заробкі: мёртвыя не ўваскрасаюць. А калі ўсё ж прызнаў, выправіў з хаты: няма чаго бязногаму ў вёсцы рабіць. Так і пасяліўся герой грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў Вільнюсе – у яго на той час ужо была сям’я – і стаў Юліусам Гражулісам…

Урач Стасіс Трапшыс з Рымдзюн

У адрозненне ад прафесія­наль­нага рэвалюцыянера Юліуса Гражуліса, якога не пазнаў нават родны брат, Стасіса Трапшыса на Астравеччыне ведалі многія, а ў гервяцкім краі – амаль усе. Яго і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць многія астраўчане старэйшага пакалення, каму ён вярнуў здароўе ці нават уратаваў жыццё.

Стасіс Трапшыс нарадзіўся ў 1928 годзе ў Рымдзюнах. Бацька яго меў усяго 2 гектары зямлі, але хацеў вучыць сына. Пачатковую школу хлопец закончыў у сваёй вёсцы, затым хадзіў у Гервяты. Давучыўся Стасіс да шостага класа – на большае ў бацькі не хапіла грошай, – і пайшоў у парабкі.

Але хлопцу хацелася вучыцца. Падлеткам ён уцёк у Вільнюс, дзе, памыкаўшыся па чужых кутах і розных работах, трапіў у літоўскую гімназію імя Вітаўтаса. Марыў пра ўніверсітэт, толькі не ведаў, які факультэт выбраць, юрыдычны ці медыцынскі. Урэшце спыніўся на медыцыне, але паступіць змог толькі ў 1948 го­дзе.

Універсітэт Трапшыс закончыў з адзнакай, быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні ЦК Літоўскага таварыства Чырвонага Крыжа, але заставаўся лекарам, шмат практыкаваў. І калі ў Вільнюсе пабудавалі новую бальніцу, яму прапанавалі пасаду галоўнага ўрача. Паступова гарадская бальніца на Антокалі стала самай буйной лячэбнай установай не толькі Вільнюса, але і Літвы.

Трэба сказаць, што тут заўсёды знаходзілася месца для землякоў галоўнага ўрача. Трапшысу неаднаразова даводзілася з-за гэтага выслухоўваць папрокі ад калег – але ён не мог адправіць астравецкіх лячыцца «па месцы жыхарства», асабліва калі выпадак быў складаны ці час ішоў на хвіліны: разумеў, што да Вільнюса ім нашмат бліжэй, чым да Гродна ці Мінска.

Працуючы галоўным урачом, Трапшыс абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме развіцця акушэрска-гінекалагічнай дапамогі ў вільнюскім краі – дарэчы, па словах, Адама Мальдзіса, стаў першым кандыдатам медыцынскіх навук з Астравеччыны. У час, калі Савецкі Саюз ад астатняга свету аддзяляла «жалезная заслона», аб’ехаў палову свету – пабываў у Польшчы, ГДР, Чэхаславакіі, Грэцыі, Тунісе, Італіі, Швецыі, Англіі – удзельнікам навуковых кангрэсаў і турыстам.

Але больш за ўсё любіў радзіму: амаль кожныя выхадныя прыязджаў у Рымдзюны – сустракаўся з роднымі і землякамі, хадзіў у грыбы, вудзіў рыбу…

Біёлаг Геня Янкавічуце з Міцюн

Кандыдат біялагічных навук Геня Янкавічуце нарадзілася ў 1938 годзе ў Міцюнах. Дзяцінства, як і ў яе вясковых равеснікаў, было запоўнена працай і гульнямі на ўлонні прыроды. Хіба што Геню больш, чым іншых, вабіла мясцовая рачулка: яна гадзінамі магла ляжаць на паваленым дрэве, углядваючыся ў водныя глыбіні, назіраць за падводнымі раслінамі і жыхарамі.

Гэтая цікавасць і любоў да прыроды і вызначылі яе будучыню: пасля школы Геня паступіла на біялагічны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта, а закончыўшы яго, стала працаваць у Акадэміі Навук Літоўскай ССР і прафесійна займацца фітапланктонам. Стала прызнаным спецыялістам у гэтай галіне, абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фітапланктон возера Дзісна і яго дынаміка».

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик