Уладзімір Кляпцоў: «Любоў да музыкі – захапленне на ўсё жыццё»

08:10 / 01.10.2021
Былі часы, калі Астравеччына славілася  музычнай творчасцю і мастацкай самадзейнасцю. Толькі ў райцэнтры  было некалькі  вялікіх галасістых харавых калектываў: на заводзе агульнапрымяняльных дэталяў і вузлоў (цяперашні «Радыёдэталь»), у райсельгастэхніцы, бальніцы, быткамбінаце і, вядома ж, пры раённым Доме культуры. А яшчэ вакальныя гурты, квартэты, аркестры... Слава іх сягала далёка за родныя межы. І славу гэтую стваралі і падзялялі таленавітыя музыкі-інструменталісты браты Кляпцовы. Сярэдні з іх, Уладзімір Іванавіч, хоць ужо і не выступае на сцэне, з музыкай сувязь не страціў і ахвотна згадзіўся вярнуцца ва ўспамінах у маладосць.

Радавод музыкантаў Кляпцовых

1.jpgбярэ пачатак на Віцебшчыне. Бацькі  Іван Антонавіч і Вольга Іванаўна жылі ў вёсцы Кублічы, працавалі ў калгасе, старшынёй якога быў дзед Іван. Па даносе ён быў арыштаваны і высланы ў Сібір, адкуль не вярнуўся.

 – Усіх у сям'і Бог надзяліў выдатным музычным слыхам і голасам, – распавядае Уладзімір Іванавіч. –  Мама і старэйшы брат гралі на гармоніку, 2 браты – Уладзімір і Пётр – на скрыпцы і цымбалах. Без аніякай школы, самі навучыліся. Незадоўга да вайны Валодзя з Пецем выехалі ў Ленінград – хацелі набыць рабочыя спецыяльнасці,  але ў блакаду прапалі без вестак.

Ушаччына – партызанскі край.  Бацькі ваявалі  ў атрадзе народных мсціўцаў. Іван Антонавіч  быў двойчы цяжка паранены, меў баявыя ўзнагароды. Калі фронт адкаціўся на захад і Віцебшчына стала вольнай, сям'я вярнулася дадому. Але застала адно папялішча. Вёску спалілі дашчэнту, ні прытуліцца  дзе, ні нанова будавацца. І Кляпцовы разам з іншымі землякамі рушылі ў заходнюю частку Беларусі. Прыпыніліся на Астравеччыне. Іх прынялі добрыя людзі на хутары Дашышкі (паблізу Ліпнішак, зараз яго ўжо няма). У гаспадароў была хата на 2 канцы. У адной палове яны жылі самі, у другую пусцілі перасяленцаў. Бацька  ўмеў шыць абутак, майстраваў розны сталярны інструмент і адразу знайшоў сабе справу, а маці дапамагала гаспадыні ў агародзе і хатніх справах. Тут у сям'і  нарадзілася  трое сыноў. Вольга Іванаўна пажадала назваць іх у гонар братоў – Іванам, Уладзімірам і Пятром. Была ў сям'і яшчэ старэйшая дачушка Соня, ды памерла ў вайну. Ужо адышлі ў лепшы свет і Іван з Пятром...

Крыху абжыўшыся, Кляпцовы перабраліся ў Астравец, пабудаваўшы  дом на вуліцы Зарэчнай. Гаспадар уладкаваўся экспедытарам у хлебапякарню.

Першы гармонік – матулін

Не, не той, што быў у Кублічах. Той, адыходзячы ў партызанскі атрад, маці схавала ў дупло старога дрэва, а калі выйшла з лесу, не знайшла ні дрэва, ні  вёскі – усё згарэла. Новы гармонік Вало­дзя выпрасіў у мамы ўжо будучы школьнікам – так карцела прабегчы пальцамі па бліскучых кнопачках і зайграць што-небудзь вясёлае.  І Вольга Іванаўна купіла сыну жаданы інструмент, аддала ўсю сваю зарплату прыбіральшчыцы ва ўнівермагу.

– У школе ўрокі спеваў вёў Генадзь Адольфавіч Стаціна, акампаніраваў нам на баяне. Аднойчы я папрасіў у  настаўніка інструмент дадому. І цэлы дзень яго асвойваў. Ноты  ўжо ведаў, бо з пятага класа іграў у духавым аркестры, на барытоне, у якім працаваў потым доўгі час.

Універсал 

Акрамя баяна і некалькіх духавых  Уладзімір Іванавіч «падпарадкаваў» сабе  яшчэ і акардэон. Дома сабралася ўжо цэлая калекцыя музычных інструментаў. І ўсе дарагія сэрцу, бо з кожным звязаны пэўныя ўспаміны. 

А вось адпаведную адукацыю ён набыў не адразу. Музычную школу не наведваў, таму паступаць у Гродзенскае музвучылішча не адважваўся. Скончыў яго пазней, завочна. У дыпломе запісаны аж 3 спецыяльнасці: «дырыжор народнага хору», «выкладчык сальфе­джыа» і «настаўнік музыкі і спеваў у агульнаадукацыйнай школе». Але яны ішлі паралельна з рабочымі: Кляпцоў працаваў вадзіцелем у камбінаце будматэрыялаў, потым – слесарам-рамонтнікам на АЗАДВ і нейкі час майстрам. Удзельнічаў у заводскім хоры, якім кіраваў Генадзь Адольфавіч Стаціна. Гэта быў моцны творчы калектыў, пераможца многіх раённых і іншых конкурсаў. Узнагарод рознай вартасці – безліч. Калі хор выступаў у Доме культуры, зала была поўная. 

Нейкі час Уладзімір Іванавіч працаваў акампаніятарам у другім вядомым у раёне калектыве – хоры цэнтральнай раённай бальніцы, якім кіравала выкладчык дзіцячай музычнай школы Святлана Барысаўна Павалоцкая. А калі выйшаў на пенсію ў 2008 годзе, прыняў ад Аляксандра Мікалаевіча Антановіча ўзорны духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў і некалькі гадоў з ім працаваў. 

2.jpg

Аднойчы і назаўсёды

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя кожнае саліднае прадпрыемства, установа або арганізацыя стараліся мець сваю мастацкую самадзейнасць. Быў творчы калектыў і ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання. Тагачасны дырэктар Ганна Мікалаеўна Варэйка запрасіла Уладзіміра Іванавіча  быць яго кіраўніком. Тут ён паспрабаваў свае сілы ў кампазіцыі: напісаў марш  КБА на ўласны тэкст. Калектыў выступіў з ім на абласным творчым конкурсе  прадпрыемстваў службы быту  і заняў прызавое месца. 

Дарэчы,  на рэпетыцыях і  канцэртах Уладзімір Іванавіч пазнаёміўся са сваёй палавінкай – Сафіяй Максімаўнай. У каханні ды згодзе дажылі да залатога вяселля,  якое адзначаць сёлета 6 лістапада ў цесным сямейным коле з сынамі Аляксандрам і Юрыем, нявесткамі ды ўнукамі. Сыны не сталі музыкантамі (хаця Юрый і скончыў музычную школу па класе баяна), выбралі  тэхнічныя спецыяльнасці, а вось адна з унучак з задавальненнем грае на піяніна.

Так і стала любоў да музыкі для Уладзіміра Іванавіча галоўнай справай, захапленнем на ўсё жыццё. Як, дарэчы, і для яго старэйшага брата Івана Іванавіча. Той таксама актыўна  працаваў з творчымі калектывамі.

Зараз Уладзімір Іванавіч баян бярэ  рэдка. Пасля перанесенага інсульту рукі страцілі ранейшы спрыт, не так шпарка бегаюць па кнопачках ды клавішах. Але музыка жыве ў яго сэрцы заўсёды.

3.jpg


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: