Былых не бывае: супрацоўнік газеты Канстанцін Собаль

10:58 / 15.09.2021
Пошукі звестак пра былых супра­цоўнікаў рэдакцыі часам нагадваюць следства па справах даўно забытых дзён. І вялікая ўдача, калі ўдаецца адшукаць сведкаў…

Так было з Канстанцінам Собалем. Заметкі за лаканічным подпісам якога з 1952 года сталі час ад часу з’яўляцца на старонках тады яшчэ «Сталінскай праўды». А з 1954 артыкулы К. Собаля сталі друкаваць так часта, што ўзніклі падставы меркаваць, што ён пачаў працаваць у штаце рэдакцыі. 

Далейшае вывучэнне архіўных падшывак не толькі пацвердзіла гэтыя здагадкі, але дапамагло даведацца другі ініцыял – пэўны час газету падпісваў за рэдактара К.М. Собаль. 

А вывучаючы звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жылі ў раёне, супрацоўнікі рэдакцыі знайшлі знаёмае прозвішча і даведаліся, што Собаля звалі Канстанцін Мітрафанавіч.

– Собаль? Канстанцін Мітрафанавіч? Ну канешне ж, памятаю! – усклікнуў астравецкі фермер Часлаў Лабачэўскі, калі я пацікавілася, ці ведаў ён супрацоўніка колішняй рэдакцыі з такім прозвішчам. – Мы ў будынку былога райкама партыі працавалі побач, рэдакцыя і спартыўнае таварыства «Ураджай», якое я ў той час узначальваў. Сябравалі, святы разам адзначалі, мерапрыемствы ладзілі. Канстанцін Мітрафанавіч старэйшы за нас, нядаўніх школьнікаў, вайну прайшоў. У яго правая рука была пашкоджана, дрэнна рухалася. Мы яго з сяброўскім гумарам назвалі «Здрам-жалам»: ён заўсёды вітаўся пры сустрэчы «Здравія жалаю!» Харошы быў чалавек, добразычлівы. Зрэшты, што я вам расказваю – яго ж сын Валера ў Астраўцы жыве.

1.jpg

– Не ўпэўнены, што я вам моцна дапамагу, – сказаў пры сустрэчы Валерый Канстанцінавіч Собаль. – Я вельмі мала ведаю пра бацьку. Нават тое, што ён працаваў у рэдакцыі, для мяне – навіна. Зрэшты, у мяне ёсць апраўданне: бацька таксама не ведаў, у якіх класах мы з братам вучыліся. Не таму, што ён быў дрэнным, – жыццё тады было такое. Мы змалку рабіліся вельмі самастойнымі. Я, напрыклад, з чатырох гадоў захапіўся рыбалкай і днямі прападаў на рэчцы – але нікога гэта не хвалявала. Тым не менш, праблем мы бацькам не дастаўлялі, ім не даводзілася за нас чырванець. 

І ўсё ж сёе-тое пра былога адказнага сакратара нашай газеты ўдалося даведацца.

Нарадзіўся Канстанцін Мітрафа­навіч у 1927 годзе ў вёсцы Плешчаніцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Калі пачалася вайна, яму было 14 гадоў. 

– Бацька ніколі не ўспамінаў пры нас ні вайну, ні сваё дзяцінства. Я неяк спытаў у маці: чаму мы не ездзілі на бацькаву радзіму? Яна расказала, што аднойчы яны паехалі – бацька адтуль вярнуўся ледзь жывы… Разумееце, Плешчаніцы – гэта не Астравец, і вайна там была зусім іншай, чым тут. Успамінаць гэта, перажываць зноўку яму было вельмі цяжка, – тлумачыць Валерый Канстанцінавіч.

У вайну падчас акупацыі загінуў бацька Канстанціна Мітрафанавіча. Маці забіла маланкай. Яго самога нямецкая куля параніла ў руку –  застаўся інвалідам. 

Тым не менш, нягледзячы на калецтва і тое, што меў толькі 17 гадоў, хлопец трапіў у дзеючую армію – мусіць, прыпісаў сабе гады. 

Служыць Канстанціну Собалю давялося ў інжынерных войсках, у 146-м асобным чыгуначным батальёне. Дэмабілізаваўся ў Дзень Перамогі, 9 мая 1945 года.

– Я не ведаю, дзе жыў і працаваў бацька адразу пасля вайны. Маці расказвала, што яны пазнаёміліся ў Крывічах, гэта, здаецца, на Мядзельшчыне. У 1950 годзе пераехалі ў Астравец, – расказвае Валерый Канстанцінавіч. 

Жонцы Канстанціна Мітрафанавіча Ка­ця­рыне Дзмітрыеўне Лішаковай такса­ма давялося ў вайну паспытаць ліха. Родам яна з Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці, з глухой вёскі, дзе, па ўспамінах сына, нават у сярэдзіне 60-х, калі чалавек ужо асвойваў космас, не было электрычнасці. 

– Сям’я была вялікая, – узгадвае расповеды маці Валерый Канстанцінавіч. – Пасля смерці першага мужа бабуля выйшла замуж у другі раз і нарадзіла маме яшчэ двух братоў і трох сясцёр – адна дзяўчынка, праўда, не перажыла вайну. Мама была для іх нянькай і карміліцай. І ўмудралася вучыцца – да гэтага часу не разумею, як яна здолела ў тых умовах, пры лучыне, у лясной глухамані закончыць 8 класаў. І пры гэтым мела цудоўны, проста каліграфічны почырк.

 Менавіта добры почырк і неблагая па тым часе адукацыя і дапамаглі: дзяў­чына ўладкавалася машыністкай у Крывічах, дзе і сустрэла Канстанціна Міт­рафанавіча. А калі маладая сям’я перабралася ў Астравец, стала працаваць загадчыкам сектара ўліку ў райкаме партыі. Аддала гэтай справе больш за 35 гадоў. 

Трэба меркаваць, што ў нейкіх партыйных ці савецкіх органах працаваў да пераходу ў рэдакцыю і Канстанцін Мітра­фанавіч. 

Адказным сакратаром «Сталінскай праўды», якая затым была перайменавана ў «Астравецкую …», ён быў амаль 3 гады, з лютага 1954-га па студзень 1957-га. Мяркуючы па публікацыях, пяро ў Собаля было досыць вострым – вядома, з папраўкай на час і агульны ўзровень адукаванасці.

 Вось, да прыкладу, вытрымка з артыкула за подпісам К. Собаля пад назвай «Паслядоўнік Мічурына», дзе аўтар расказвае пра брыгадзіра калгаса імя Кірава Іосіфа Лаздоўскага:

«Неяк на адным з калгасных сходаў Іосіф Вікенцьевіч Лаздоўскі выказаў думку аб тым, каб арганізаваць у калгасе вырошчванне кавуноў.

– Вось нам аграном знайшоўся, – кпілі калгаснікі. – Ты ж тых кавуноў і ў вочы не бачыў. Гэта ж паўднёвая культура.
Але не такі чалавек Іосіф Вікенцьевіч. Ён ніколі не адступае ад пастаўленай перад сабой мэты. Так здарылася і на гэты раз. Ён усё ж вырашыў даказаць калгаснікам сваю правату.
(…) 

У свае 57 гадоў Іосіф Вікенцьевіч пачаў вучыцца. Ён чытаў творы Мічурына, брашуры аб вопыце перадавікоў, газетныя артыкулы, сам пачаў праводзіць доследы. Вопыты былі закладзены: насенне кавуноў пасеяна ў торфа-перагнойныя гаршчочкі. Хутка з’явіліся ўсходы. Яны радавалі Іосіфа Вікенцьевіча. Яшчэ большая была радасць, калі з’явілася завязь. Восенню былі атрыманы першыя плады, якія рассеялі думку калгаснікаў, што і ў нас можна вырошчваць кавуны. (…)

Дзе працаваў Канстанцін Мітрафанавіч пасля звальнення з рэдакцыі, сын не ведае. Валерый Канстанцінавіч расказвае, што напачатку 60-х бацька 3 гады вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе ў Магілёве, дзе студэнтам давалі веды не толькі па партыйнай палітыцы і ідэалогіі, але і па сельскай гаспадарцы. 
Пакуль ён атрымліваў адукацыю, Аст­равецкі раён расфарміравалі. Собалі пераехалі ў Ашмяны.

 Калі ж у 1965 годзе наш раён аднавілі, вярнуліся: Кацярына Дзмітрыеўна зноў стала працаваць у райкаме партыі, а Канстанцін Мітрафанавіч узначаліў Астра­вецкі райкам прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі, які быў створаны ў 1965 годзе. Гэтую пасаду займаў доўга, да 1988 года, пакуль ва ўзросце 60 гадоў не памёр – ціха, у сне.

Так вось, дзякуючы тым самым «пяці поціскам рук», чалавек, пра якога ў рэдакцыі да нядаўняга часу ведалі толькі прозвішча, стаў для сённяшніх супра­цоўнікаў «Астравецкай праўды» не проста вядомым, а ў нечым нават блізкім – членам калектыву, партрэт якога папоўніць галерэю нашых ветэранаў. 
Текст: Нина Рыбик