Чым зацікавіць юных чытачоў, ведаюць у дзіцячай бібліятэцы

09:29 / 15.09.2021
202
Яны, нібы чараўнікі, адгадваюць тое, што цікавіць маленькіх і юных астраўчан, і могуць прапанаваць ім не толькі карысную ці захапляльную кнігу, але і вандроўку ў казку, пазнавальную гульню ці незвычайнае знаёмства з навакольным светам. Гэты калектыў дарослых людзей заўсёды на хвалі, на якой жывуць дзеці, таму ў дзіцячай бібліятэцы амаль ніколі не бывае ціха. 

1.jpg

За тое, што сюды, як магнітам, цягне чытачоў (дарэчы, нават для дарослых тут заўсёды адкрыты дзверы), трэба дзякаваць зусім невялікай колькасці людзей – у дзіцячай бібліятэцы працуе 5 чалавек. Невялікі калектыў застаецца нязменным ужо не адзін год – і, магчыма, гэта ў спалучэнні з прафесіяналізмам і творчым падыходам дае добры вынік.

Больш за ўсіх у Астравецкай дзіцячай бібліятэцы працуе Таццяна Гірдзей – з 1988 года, з 1991-га з’яўляецца загадчыкам. 

– Пачынала я з вясковай бібліятэкі на Мядзельшчыне, адразу пасля школы, – успамінае жанчына. – Мне спадабалася. Вырашыла вучыцца на бібліятэкара, потым мяне размеркавалі ў Астравец. 

Самы малады работнік – Таццяна Кошчыч, яна тут 13 гадоў. 

Жанчына  мэта­накіравана вывучылася на бібліятэ­кара і настаўніка беларускай мовы і літа­ратуры: ёй адначасова хацелася працаваць з дзецьмі і кнігамі – і жаданне цалкам спраўдзілася.

Дарэчы, месца працы Таццяны Андрэ­еў­ны стала лёсавызначальным. Дзіўна, але менавіта ў дзіцячай бібліятэцы яна сустрэла сваю другую палавінку: будучы муж прыйшоў правяраць сігналізацыю ў памяшканіі.

Ганна Керэль мае 3 прафесіі: бібліятэкара, журналіста і настаўніка беларускай мовы і літаратуры – і ўсе яны гарманічна спалучаюцца ў яе рабоце. 

Жанчына з лёгкасцю правядзе літа­ратурна-гульнявы занятак з юнымі чыта­чамі і напіша пра гэта артыкул для «Астравецкай праўды». Ганна Іванаўна, як кажуць яе калегі, сапраўдны фантан ідэй, пры тым што ўсе мерапрыемствы яны прыдумваюць разам.

Выпадкова (ці не?) прафесію выбрала Людміла Сакалоўская. 

– Хацела стаць медсястрой, цэлы год узмоцнена вучыла біялогію. А ў 9-м класе да нас прыйшлі бібліятэкары, сталі расказваць пра сваю работу. Маё жаданне імгненна змянілася: я закінула біялогію і пачала вучыць літаратуру. У выніку атрымала прафесію, якая мне падабаецца.  

Шмат гадоў з’яўляецца паўна­праўным членам калектыву бібліятэкі Ала Парчынская. 

Яна – тэхнічны ра­ботнік, але без яе не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Жанчына ідэю прапануе цікавую і дапаможа падрыхтаваць сустрэчу ці свята. Творчы чалавек з тонкім густам – так гавораць пра Алу Аляксандраўну бібліятэкары.

– Увогуле, добра, калі ў калектыве ад­чуваеш падтрымку, – гаворыць Ала Аляк­сандраўна. – Калі ў цябе ёсць думка, чаму б не падзяліцца ёй з калегамі, не падказаць іншы варыянт задання! Калі ты ўмееш нешта зрабіць, чаму б не дапамагчы!

Тут знаходзяць падыход да кожнага чытача – і гэта не проста словы. Бібліятэкары – як прафесіяналы і як бацькі – добра ведаюць, што інтарэсы і запыты дзяцей змяняюцца не толькі з пакаленнем, але і з узростам. 

Даўняе сяброўства звязвае дзіцячую бібліятэку з цэнтрам карэкцыйна-разві­ва­ю­чага навучання і рэабілітацыі. Асаблівыя дзеці патрабуюць асаблівага падыходу – але і з гэтым бібліятэка справілася.

Штуршком да мерапрыемства могуць стаць падзеі і людзі. Так, шмат сустрэч у бібліятэцы прымеркавана да каляндарных дат: дзяржаўных, гістарычных, дзён нара­джэння пісьменнікаў. Але каб дзецям было цікава, тут імкнуцца паказаць ім свет з розных бакоў і прапануюць вольныя тэмы.

– Штосьці ў нас прыжылося. Напрыклад, бібліяноч стала традыцыйнай, – расказвае Таццяна Гірдзей. – А гэтым летам упершыню правялі свята марожанага: такі аншлаг быў – самі не чакалі. Прыемна, што дзецям падабаецца!

– На Сусветны дзень катоў мы папрасілі прынесці хатніх любімчыкаў. О, з якім задавальненнем нашы ўдзельнікі паказвалі і расказвалі пра іх! – успамінае Людміла Сакалоўская.

Бібліятэкары аднагалосна сцвярджаюць, што ім цікава працаваць з дзецьмі, гэта добрая і ўдзячная аўдыторыя, якая адгукаецца на ўсё і дорыць усмешкі. 
Самыя актыўныя чытачы з’яўляюцца ўдзельнікамі клуба пры бібліятэцы і таксама дапамагаюць праводзіць мерапрыемствы, ставіць тэматычныя спектаклі. Дарэчы, свой «тэатр» тут існуе даўно. Адзін з колішніх яго ўдзельнікаў, які зараз стаў прадпрымальнікам, калі-нікалі заходзіць у бібліятэку і ўспамінае, як добра было выступаць на сцэне. Дзеці не проста чыталі словы, а ўжываліся ў ролю, каб перадаць характар героя, выкарыстоўвалі грым – рыхтаваліся, нібы сапраўдныя акцёры.

Бібліятэкары прызнаюцца, што старэйшыя школьнікі прыходзяць радзей.  

Што прыносіць асаблівую радасць работнікам дзіцячай бібліятэкі? Тое, што нават на канікулах кнігі знікаюць з паліц. А выданняў тут шмат на любы густ і ўзрост – пералічваць не будзем, прыходзьце і ўбачыце самі. 
– Кніга ўсё роўна нікуды не знікне! Калісьці гаварылі, што і тэлевізары будуць непатрэбныя, але нешта не бачыла, каб іх на сметнік выкідалі.

Людміла Сакалоўская.

– Калі ў сям’і чытаюць бацькі, то і дзеці будуць сябраваць з кнігай. Прыклад – лепшы настаўнік. Па сваёй дачцэ ведаю: калі чытаю я, яна з кніжкай у руках садзіцца побач. Таксама дзядуля для яе добры прыклад у гэтай справе.

Таццяна Кошчыч.

– Неаднойчы было, што дзеці прыходзілі за кнігай, якую ім параілі прачытаць тата ці мама. Нядаўна бралі «Баранкин, будь человеком». А бывае, што пытаюцца пра кнігі, якія да нас яшчэ не дайшлі: бачылі навінку ў інтэрнэце.

Таццяна Гірдзей.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений