Партрэты гудагайскіх сейбітаў
10:37 / 10.09.2021
Адзіная на Астравеччыне насенняводчая гаспадарка, КСУП «Гудагай», у гэтым сэнсе паказальная: сяўба збожжавых культур тут узведзена ў ранг стратэгічных, а займаюцца гэтым на кожным тэхналагічным этапе адказныя і сумленныя механізатары.
Сяўба – Пётр Сяргей:
– Не хопіць пальцаў на абедзвюх руках, каб падлічыць, якая гэта пасяўная ў маім жыцці. З 1989 года, калі пачаў працаваць у гаспадарцы, кожны сезон сею. Хоць у раслінаводстве мяняюцца падыходы вырошчвання культур, у хлебароў з’яўляецца новая тэхніка, а вучоныя выводзяць новыя сарты збожжавых, нязменнай застаецца наша работа: нездарма гавораць, што пасееш – я б яшчэ дадаў: і як! – залежыць, што будзеш пажынаць. Не першы сезон на трактары «Джон-Дзір», які працуе ў счэпцы з сучасным пасяўным агрэгатам нямецкай вытворчасці, прыгортваю насенне ў глебу… Прамалінейнасць радкоў, добрае закрыццё зярнят і многае іншае залежаць менавіта ад сейбіта – настрой, як і кожны год, баявы!
Унясенне мінеральных угнаенняў – Аляксандр Пазняк:
– Больш за 10 гадоў працую ў КСУП «Гудагай». Апошнія некалькі сезонаў на раскідвальніку ўношу пад сяўбу азімых «мінералку». Сёлета раблю гэта на новым трактары «Беларус». У сярэднім за дзень адольваю каля 130 гектараў.
Падвозка ўгнаенняў і ЗБОЖЖА – Аляксандр Бразевіч:
– Сёлетняя сяўба для мяне трэцяя. Вучыўся ў Вілейцы, практыку праходзіў у КСУП «Гудагай». Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную гаспадарку. На поле падвожу ў асноўным мінеральныя ўгнаенні, а, здараецца, што і насенне.
Культывацыя – Сяргей Трусевіч:
– У апошнія гады час стаў ляцець, бы ашалелы – здаецца, толькі нядаўна з напарнікам Сяргеем Семянцовым абмалочвалі нівы – а ўжо пара рабіць задзел на ўраджай 2022-га.
Прыемна, што сёлета мне даверылі новы глебаапрацоўчы культыватар «Віфмер – 8 000». Наколькі ведаю, ідэя і распрацоўка чэшская, а зборка наша, айчынная. Ён нечым падобны да старых камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, праўда, захоп складае ажно 8 метраў і заднія каткі дапрацаваны. Летась таксама культываваў глебу, потым сеяў. Можа, і сёлета буду прыкрываць насенне ў глебу, якое на наступны год аддзячыць добрым ураджаем.
Азімы клін збожжавых КСУП «Гудагай» – 2 300 гектараў. На раніцу 9 верасня аргарыі пасеялі 395 гектараў культур, што складае 17% ад плану.