Здзяйсненне мар, насуперак абмежаванням і краіна ўзыходзячага сонца – астравецкія алімпійцы расказалі пра Алімпійскія гульні ў Токіа

09:58 / 30.08.2021
Месяц назад увесь свет, затаіўшы дыханне, сачыў за легендарнымі гульнямі, дзеля якіх спыняліся войны. З асаблівым (трайным!) захапленнем, гонарам і хваляваннем глядзелі Алімпіяду ў Токіа і астраўчане, бо ў складзе беларускай каманды выступалі трое нашых землякоў: баксёр Віталь Бандарэнка, лёгкаатлеты Анастасія Рароўская і Аляксандр Ляховіч.

Алімпійскія гульні завяршыліся, жарсці супакоіліся, удзельнікі спаборніцтваў крыху перавялі дух – і мы, нарэшце, змаглі звязацца з астравецкімі алімпійцамі і распытаць пра Алімпіяду, прапанаваўшы 5 пытанняў.

1. Якія ўражанні засталіся ад арганізацыі спа­бор­ніцтваў?
2. Як ацэньваеце сваё выступленне?
3. Самы запамінальны момант? 
4. Чым уразіла і здзівіла Японія?
5. Токіа вам скарыўся ці будзе штурм Парыжа? 

Віталь Бандарэнка,
● майстар спорту між­на­роднага класа па боксе, 
● капітан нацыянальнай зборнай, 
●  шматразовы чэмпіён Беларусі, 
●  чэмпіён свету сярод студэнтаў, 
●  прызёр Кубка свету нафтавых краін, 
●  пераможца і прызёр турніраў класа «А». 

2.jpg

1. Упершыню спрабаваў пра­біц­ца на Алімпійскія гульні яшчэ маладым і «сырым» спартсменам у 2008 годзе. Пасля быў доўгі шлях з удач, спадзяванняў, несправядлівасці, расчараванняў і сумненняў. Аднак пад канец сваёй кар’еры спарт­смена, я ўсё ж змог прабіць жалезную сцяну – і гэта неверагодна крута! Кажуць, што Алімпіяда ў Токіа адрознівалася ад папярэдніх спаборніцтваў з-за абмежаванняў супраць каронавіруса. Не магу параўноваць, але, прыехаўшы ў алімпійскую вёску, было адчуванне, што трапіў у другі свет. Атмасферу, што панавала, немагчыма апісаць. Там сабраліся мацнейшыя спартсмены з усіх кантынентаў, жывыя легенды! Усе былі прыветлівымі, таварыскімі, усмешлівымі. З-за абмежаванняў нельга было доўга стасавацца, аднак вылучыць момант, каб сфатаграфавацца і перакінуцца некалькімі словамі часу хапала. Што тычыцца арганізацыі, то ўсё было на вышыні.

2. Па жараб’ёўцы дастаўся моцны сапернік, аднак на Алімпіядзе не бывае іншых. Лічу, што я правёў бой нядрэнна. На жаль, паміж кваліфікацыйным турнірам і самім спаборніцтвам быў невялікі адрэзак часу – я не паспеў аднавіць сілы і не выйшаў на той пік актыўнасці і магутнасці, які мог бы прадэманстраваць. Вось у гэтым быў мінус. 

3. Безумоўна, адкрыццё Алімпійскіх гульняў, у якім мне пашчасціла ўдзельнічаць. Нават пры пустых трыбунах гэта было фантастычна і велічна. Усе махалі рукамі, вітаючы адзін аднаго. У такі момант разумееш, што з’яўляешся часцінкай неверагоднай дзеі, гістарычнай падзеі – і ганарышся. Думаю, аб гэтым марыць кожны спартсмен. 

4. На жаль, з-за пандэміі горадам давялося палюбавацца толькі праз  шкло аўтобуса і то нядоўга. Японская інфраструктура адрозніваецца цікавым і нязвыклым для нас размяшчэннем будынкаў. З-за кліматычных умоў там амаль няма высокіх дамоў. Усюды чысціня і парадак. Уразіў японскі народ – вельмі жыццярадасныя, прыветлівыя і гасцінныя людзі. Словам, цікавая краіна з ветлівымі жыхарамі. Дарэчы, даўно хацеў трапіць на Алімпіяду і пабываць у краіне ўзыходзячага сонца – сёлета здзейсніліся адразу дзве мары.  

5. Алімпіядай у Токіа я стаўлю кропку ў спартыўнай кар’еры. Не буду загадваць, але ў планах трэнерская дзейнасць. Хто ведае, можа, будучыя выхаванцы калі-небудзь таксама паедуць на спаборніцтвы такога ўзроўню, але гэта ўжо іншая мара. (Усміхаецца.)

Аляксандр Ляховіч, 
●  майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе, 
●  прызёр Кубка Еўропы,
●  шматразовы пераможца і прызёр першынстваў нацыянальнага значэння, 
●  удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў 2016 года.  

1.jpg

1. Параўноўваючы з Алімпійскімі гульнямі ў Рыа-дэ-Жанэйра 2016 года, дзе я ўдзельнічаў, арганізацыя спаборніцтваў у Токіа нічым не саступала, а ў многіх момантах нават пераўзыходзіла. Японія – вельмі развітая краіна – у гэтым упэўніўся асабіста. Узровень тэхналагічнасці не пераставаў здзіўляць. А яшчэ – кемлівасць, прадпрымальнасць і знаходлівасць людзей. Напэўна, у інтэрнэце ўсе бачылі відэа пра кардонныя ложкі – сапраўды мы спалі на такіх. Аднак вы не ўяўляеце, наколькі яны былі камфортнымі і зручнымі! Пералічваць такія нюансы можна доўга – арганізацыя была на вышэйшым узроўні. Адзінае, што засмуціла, – абмежаванні з-за каронавіруса. Па гэтай прычыне мы не змаглі пападарожнічаць і больш падрабязна пазнаёміцца з культурай Японіі. 

2. Мінулы і гэты год падрыхтоўкі былі складанымі. Карэктывы ўнёс і COVID-19: пастаянныя ПЦР-тэсты і абмежаванні пры пераездах і падчас спаборніцтваў выматваюць псіхалагічна і фізічна. Да таго ж, лічу, мне не хапіла збораў у Балгарыі і Кыргызстане, на якія не трапіў. На Алімпіядзе я выступіў як мог, але, канешне, заўсёды хочацца яшчэ лепш.

3. Непасрэдна сам старт спаборніцтваў. Тое, што мы трапілі на гульні, ужо нечага варта. Пагадзіцеся, кожны спартсмен марыць аб Алімпіядзе, але ажыццявіць гэта ўдаецца далёка не ўсім. Таму, калі выйшаў на старт, напалову выдыхнуў і ў думках сказаў: я зрабіў гэта! Усведамленне таго, што ты рыхтаваўся 5 гадоў, прайшоў такі шлях, пераадолеў столькі перашкод і выпрабаванняў і стаіш цяпер на старце легендарных спаборніцтваў – гэта і ёсць самы цудоўны момант.

4. Як ужо казаў, узроўнем развіцця і тэхнала­гічнасцю. Там на аўтастрадзе 4-х-5-ціўзроў­невыя эстакады! Наша алімпійская вёска нагадвала невялікі прыгожы сучасны горад – там усё было прадумана да дробязей. Японцы таксама пакінулі самыя прыемныя ўражанні – ветлівыя, добрыя, усмешлівыя, гатовыя заўсёды дапамагчы. 

5. Калі ўсё складзецца, хочацца пабачыць і Парыж. Спартыўная хадзьба не мае ўзросту. Сілы ёсць, жаданне таксама – таму буду рухацца наперад. Карыстаючыся магчымасцю, перадаю прывітанне жонцы і дачцэ, бацькам, родным і сябрам. Дзякуй усім за падтрымку – гэта важна.  

Анастасія Рароўская, 
●  майстар спорту міжнароднага класа па спартыўнай хадзьбе, 
●  прызёр Кубка Еўропы, рэспубліканскіх спаборніцтваў.

3.jpg

1. Гэта быў новы і незвычайны этап у жыцці, да якога я так старанна і мэтанакіравана рыхтавалася. Зразумела, ён пакінуў шмат уражанняў! Многія сцвярджалі, што Алімпіяда ў Токіа праходзіла ў сціплым варыянце, але калі нас прывезлі ў алімпійскую вёску, для мяне гэта было ваў! І справа не столькі ў знешнім выгля­дзе, колькі ў чароўнай атмасферы, што там панавала. Памятаю, тады падумала: «Супер! Я сапраўды на Алімпійскіх гульнях! Гэта каштавала ўсяго таго, праз што давялося прайсці». Абмежаванні з-за каронавіруса не здзівілі, бо да гэтага ўдзельнічала ў еўрапейскіх спаборніцтвах – і там былі падобныя ўмовы, з той розніцай, што японцы падышлі яшчэ больш сур’ёзна і адказна. У любым выпадку арганізатары, безумоўна, малайцы, што рашыліся правесці Алімпіяду, няхай і ў крыху іншым варыянце. 

2. Не магу ацаніць сваё выступленне, бо мне цяжка гэта зрабіць. Здаецца, і нядрэнна, але хацелася б лепш. Многія кажуць, што малайчына: стала першай сярод сваіх. Такую ж задачу ставіў і трэнер – і яна здавалася нерэальнай, бо абедзьве спартсменкі куды мацнейшыя за мяне. На старце шукала вачыма сваіх, а затым, калі мы пайшлі, толькі і думала, каб трымацца бліжэй і не адстаць. Памятаю, на 13-м кіламетры ногі ватныя, сілы зусім няма, спякота давіць – а яшчэ 7 кругоў наперадзе! «Насця, ты можаш, ты павінна!» – угаворвала сябе ў думках. А затым непрыкметна стала «з’ядаць» адну саперніцу за другой – і нават за 500 метраў да фінішу паспрабавала абысці яшчэ дваіх, але не ўдалося.

3. Запомнілася шмат, але раскажу жартоўны выпадак. Мужчыны стартавалі раней, і я затым распытвала Сашу Ляховіча пра трасу і выступленне наогул. Ён параіў узяць з сабой хусцінкі, каб намочваць, класці на шыю і так ратавацца ад спякоты. А яшчэ лепш – пашыць у вуглах хусцінкі кішэні, каб можна было пакласці лёд. Ідэя добрая, але ж дзе ўзяць хусцінкі? Успомніла, што нам уручалі сувенірныя, падобныя формай да піянерскіх гальштукаў. У дзяўчыны, што жыла разам, знайшліся ніткі. У выніку непасрэдна ў дзень старту перад спаборніцтвамі мы займаліся шыццём, узгадваючы школьныя заняткі працы і жартавалі. Нам было так весела, смяяліся ад душы – і тым самым разраджалі абстаноўку і пазбаўляліся стрэсу. 

4. Было нязвыкла, што ў Японіі ўсё знаходзіцца справа. І ў дзверы мы ламаліся, пакуль не зразумелі, што яны адчыняюцца ў адваротны бок. Пакуль адаптавалася – розных кур’ёзаў хапала. (Усміхаецца.) У горад не выходзілі, бо было забаронена, – пра­гуль­­валіся толькі па алімпійскай вёсцы. Спадаба­лася ежа: працавала некалькі нацыянальных кухань, таму можна было паспрабаваць розныя стравы. Дарэчы, спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе праходзілі не ў Токіа, а ў Сапора, дзе больш спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Там вельмі мала зеляніны – амаль уся тэрыторыя заасфальтавана.

5. Канешне, мне хочацца пабачыць Парыж – буду імкнуцца да гэтага. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: