Ураджай-2021: актуальнае інтэрв’ю з начальнікам райсельгасхарчу

10:00 / 20.08.2021
Уборка збожжавых і зернебабовых на Астравеччыне блізіцца да фінішнай прамой. На палях з большага засталіся культуры позняга выспявання – кукуруза, грачыха, проса... Калі перафразіраваць вядомае народнае выслоўе, то лейтматывам сёлетняй уборкі для хлебаробаў сталі словы: хоць памірай, а збожжа ўбірай... 

Як з гэтай задачай справіліся аграрыі, ці парадаваў ураджай, якія праблемы ўзнікалі падчас жніва, – пра гэта і іншае распытаў наш карэспандэнт у першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Карнілы.

1.jpg

– Як вы ў цэлым ацэньваеце сёлетнюю ўборачную кампанію? І якія адзнакі па 5-цібальнай сістэме паставіце кожнай з гаспадарак і чаму?

– Прыемна падводзіць нават папярэднія вынікі, калі ўраджай атрыманы добры, ёсць чаму парадавацца і пахваліцца. Валавы  намалот збожжа ў гэтым годзе складае амаль 40 тысяч тон – да параўнання, летась ён быў 60 тысяч тон. Для нашага раёна, як і ў цэлым для Гродзеншчыны, сёлетняе жніво – адно з самых складаных за апошнія гады.

Безумоўна, адным з галоўных фактараў недабору ўраджаю стала непрадказальнае над­вор’е: халодная вясна – калі расліна найбольш актыўна развіваецца, засуха – калі наліваецца колас, дажджы – калі збожжа яе мага хутчэй трэба абмалаціць – усё гэта негатыўна паўплывала і на ўраджай, і на тэмпы ўборкі. 

У апошнія некалькі дзён мы адставалі ад сярэднеабласнога ўзроўню па тэмпах уборкі, на сёння (17 жніўня. – Заўвага А.Г.) нават крыху апераджаем: на Гродзеншчыне ўбрана 78% збожжавых і зернебабовых, на Астравеччыне ўжо 80%. У разрэзе гаспадарак сітуацыя з уборкай адрозніваецца: лідары жніва – КСУП «Гудагай» і «Гервяты», дзе на раніцу гэтага панядзелка было абмалочана 93% і 94% адпаведна, – пры тым што ў гэтых гаспадарак найбольшыя жніўныя плошчы ў раёне. У аўтсайдарах прапісаліся КСУП «Міхалішкі» і «Варняны», дзе на гэтую дату зжаты толькі 58% і 69% адпаведна. Нягледзячы на такія тэмпы, хлебаробы працуюць без перабольшвання ад світання да змяркання. Падчас сёлетняй уборкі больш цесна, чым летась, стасуюся з механізатарамі – нізкі паклон ім і шчырая па­дзяка. Большасць хлебаробаў прыкладваюць максімум намаганняў, ведаў, сіл, каб з мінімальнымі затратамі прыбраць з поля ўраджай.

КСУП «Гудагай» і «Гервяты» пастаўлю «выдатна», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» напрацаваў на «добра», а КСУП «Міхалішкі» і «Варняны» – няхай бу­дзе на «здавальняюча». Адзнакі ўмоўныя. Паўтаруся, я бачу намаганні людзей на жніве – і гэта дарагога каштуе. Нават у тых жа «Варнянах» пры іх незайздросным эканамічным становішчы шмат чаго робіцца, дзякуючы ў першую чаргу механізатарам. 

– Як вы думаеце, колькі аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын у гэтым? Пра надвор’е вы ўжо казалі…

– На маю думку, матэрыяльна-тэхнічная база тых жа «Варнян» і «Міхалішак» не дазваляе ўтрымліваюць добрыя тэмпы ўборкі. Плануем, што пасля завяршэння жніва ў дзвюх перадавых гаспадарках раёна, іх камбайнеры дапамогуць абмалочваць нівы варнянскім і міхалішкаўскім калегам. Першым – камбайнеры з КСУП «Гудагай», другім – з КСУП «Гервяты». РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» павінен справіцца ўласнымі сіламі: на 17 жніўня ў гэтай гаспадарцы абмалочана 76% збожжавага кліна. 

Напэўна, варта адзначыць і такі немалаважны фактар, як недахоп механізатараў, асабліва гэта характэрна для КСУП «Варняны» і «Міхалішкі». 

– Кажуць, убірай, але і пра будучы ўраджай дбай. Іван Мар’янавіч, ці будуць прынцыповыя змяненні ў структуры пасяўных плошчаў наступнага года?

– Цягам апошніх гадоў, у тым ліку гэтага, склалася тэндэнцыя: азімыя значна лепш родзяць за яравыя –апошнія сёлета вельмі нас падвялі. Для параўнання: яравая пшаніца дае на круг 28 цэнтнераў, азімая – крыху больш за 34. Як і летась, сёлета будзем рабіць упор на павелічэнне плошчаў азімых  культур: з восені іх будзе пасеяна на 540 гектараў больш, чым у мінулым годзе, – збожжавы клін азімых складзе амаль 11 тысяч гектараў. Найбольш з іх пасеюць найлепш тэхнічна аснашчаныя гаспадаркі – гэта КСУП «Гудагай» і «Гервяты».

Дарэчы сказаць, пад сяўбу азімых у раёне актыўна рыхтуецца глеба – заворана амаль трэць плошчаў, у тым ліку больш за 80% пад рапс. Праўда, аб’ёмы работ у разрэзе гаспадарак выглядаюць па-рознаму: добрыя тэмпы на ворыве дэманструе КСУП «Гервяты». Па традыцыі апошніх гадоў, каб дапамагчы тым гаспадаркам, у якіх не хапае ўласных сіл на падрыхтоўку глебы ў патрэбных аб’ёмах пад азімую сяўбу, і вызначыць перадавых механізатараў, у раёне пройдзе конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы араты». 

2.jpg

– Што асабіста вас парадавала і засмуціла на жніве?

– Ураджай мог быць і лепшым. А парадавалі людзі – іх адказнае стаўленне да работы. Але,  як кажуць, не жнівом адзіным… Лічу, што добра сёлета раённыя аграрыі спрацавалі на корманарыхтоўцы: усе гаспадаркі раёна цалкам пад патрэбу, а то і больш, назапасілі на зіму сянаж. Павінен быць нядрэнным і ўраджай кукурузы… Гэта дае надзею, што зімне-стойлавы перыяд ўтрымання жывёлы пройдзе паспяхова.

– Іван Мар’янавіч, дзякуй за гутарку!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич