Навошта патрэбен здаровы лад жыцця?

12:26 / 16.08.2021
224

Нядаўна з’явілася ў мяне віртуальная знаёмая. Жанчыне далёка за 70, а выглядае яна максімум на 50. Стройная, спартыўная, садзіцца на шпагат, сочыць за знешнасцю і моднымі трэндамі, вядзе блог у “Інстаграм”, удзельнічае ў фотасесіях, дэманструючы, што ва ўзросце 60+ можна быць прыгожай, дагледжанай, цікавай, зарабляе на рэкламных акцыях, раздае інтэрв’ю папулярным СМІ – словам, усім сваім выглядам даказвае, што жыццё на пенсіі толькі пачынаецца. Журналісцкая цікаўнасць не дазволіла прайсці міма такога унікума – таксама захацелася задаць некалькі пытанняў “для друку” новай знаёмай.

Але больш цесныя стасункі з “гераіняй нашага часу” расчаравалі. Пры бліжэйшым знаёмстве новая знаёмая аказалася асобай эгаістычнай, цалкам “завёрнутай” на сваёй знешнасці, здароўі і папулярнасці. Дзень гэтай жанчыны, па яе ўласным прызнанні, заняты разнастайнымі трэніроўкамі для захавання тонусу розных груп мышцаў цела і твару, вядзеннем блога і стасункам у інтэрнэце, фотасесіямі, сустрэчамі з журналістамі… Сярод шматлікіх фотаздымкаў у розных сацыяльных сетках не знайшлося тых, дзе гэтая жанчына з сябрамі, роднымі, калегамі – толькі яна, не па гадах маладая, дагледжаная, прыгожая, сучасная… А калі размова ад кампліментаў неардынарнай асобе перайшла да больш канкрэтных і вострых пытанняў, аказалася, што мая віртуальная знаёмая да таго катэгарычная, непрымальная да чужых меркаванняў, нават грубая.

І шчырае захапленне і жаданне пераняць вопыт новай знаёмай – хоць бы ў мерах магчымага! – змянілася сакраментальным пытаннем: навошта?

Не, мне, вядома ж, таксама хацелася б у 70 гадоў выглядаць і адчуваць сябе гэтак жа! Але траціць для дасягнення гэтай прывіднай мэты сваё жыццё я не згодна – яно ў мяне адно, і ёсць шмат іншых інтарэсаў і захапленняў…

Статья: Скандинавская ходьба - прогулка к здоровью.

…У наступны раз правакацыйнае пытанне “Навошта?” узнікла, калі ў тысяча першы раз да пажадання здароўя дадалося тлумачэнне, што гэта – самае галоўнае ў жыцці. Раней тыя словы і пажаданні ўспрымаліся як аксіёма – сапраўды, нават калі забаліць зуб ці стане нарываць палец, не кажучы ўжо пра больш сур’ёзныя захворванні, то свет робіцца нямілым. І канешне ж, кожнаму хочацца быць здаровым, энергічным, дужым. І вядома ж, здароўе само па сабе, у спадчыну, мала каму даецца. Хочаш быць здаровым – правільна харчуйся, нагружвай цела фізічнымі практыкаваннямі і ўвогуле вядзі здаровы лад жыцця.

Калі хваробы прыціснулі, вырашыла: так, трэба… І занялася: штодня – 10-12 тысяч крокаў, гімнастыка адна, другая, трэцяя…

І вельмі хутка прыйшла да адкрыцця: падобны лад жыцця адбірае шмат часу – столькі я не гатова ахвяраваць нават дзеля ўласнага здароўя! Бо тады яго трэба ўрываць ад нечага іншага: работы, захапленняў, стасункаў з блізкімі, цікавай кнігі. А найчасцей – ад сну, хоць ён – адзін з абавязковых складнікаў здаровага ладу жыцця.

І паўстала пытанне: ад чаго менавіта адмовіцца?

А галоўнае: навошта?

“Каб быць здаровым!” – адкажуць мне прыхільнікі правільнага ладу жыцця.

Але ўзнікае наступнае пытанне: для чаго быць здаровым? Каб быць бадзёрым, энергічным, даўжэй жыць? Але зноў жа – для чаго?

Пра некаторых людзей кажуць: ён жыве, каб есці, а не есць, каб жыць. Часам, калі назіраю за фанатычнымі прыхільнікамі здаровага ладу жыцця, мне здаецца, што прытрымліванне пэўных правіл стала ўжо не часткай іх жыцця, а яго сэнсам.

Я ні ў якім разе не аспрэчваю ісцін, што рух – гэта жыццё і чалавек ёсць тое, што ён есць. І штодзённыя 10-12 тысяч крокаў і неабходны менавіта для мяне набор гімнастычных практыкаванняў трывала ўвайшлі ў штодзённы расклад – таму што я хачу мець сілы і энергію для іншых спраў. Але я не збіраюся прысвячаць гэтаму ўвесь свой час – па-першае, яго не так і шмат, а, па-другое, не прымаю фанатызм у любых яго праяўленнях.

І калі захаванне здароўя становіцца самамэтай, то – навошта?


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений