Пра сябе, шлях у сельскую гаспадарку і жніво расказваюць хлебаробы КСУП “Міхалішкі”

12:11 / 06.08.2021
У жніўні дні ляцяць бы ашалелыя – жніво, як ні як! Камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак і ўвогуле вяскоўцы ў гэты час жывуць і падпарадкоўваюцца яго магутнаму рытму. З надыходам масавай уборкі хлебаробы так увахо­дзяць у яе смак, што, здаецца, малацілі б збожжа суткамі… Але налётчыкі-дажджы напрыканцы мінулага і на гэтым тыдні крыху астудзілі спрыт жнеяроў: не пускалі ў поле тэхніку.

У раённай зводцы КСУП «Міхалішкі» займае апошнія пазіцыі па ўраджайнасці збожжа і тэмпах, тым не менш на жніве тут працуюць адказныя механізатары, якія ведаюць і любяць сваю справу. 

У адзін з шэрых «плаксівых» дзён мы зазірнулі бадай што на самыя аддаленыя ад райцэнтра механічныя майстэрні – у аграгарадкі Страчанка і Міхалішкі, каб даведацца, чым жывуць і пра што мараць у гэтую пару хлебаробы.

5.jpg

Вадзіцель Іван Зімніцкі больш за 35 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы 

Камбайнер

Іван Юшчык:

– Якое па ліку для мяне гэта жніво? Не хопіць пальцаў на руках, каб падлічыць. На «Палессі» дзясяты год убіраю, да гэтага 5 сезонаў на «Лідзе» і 3 гады на «Бізоне» працаваў. Вось і лічыце – атрымліваецца, 18-тае жніво. Штогод па тысячы тон збожжа намалочваю, толькі адзін сезон на гэтым камбайне не дабраў – не хапіла плошчаў. Сёлета, відаць, таксама не атрымаецца –  нізкая ўраджайнасць. Яравыя зусім сла­бенькія, на круг даюць толькі 18 цэнтнераў – за дзень максімум 4 бункеры намалочваю. 

3.jpg

У 1995 годзе прыйшоў у калгас «Савецкая Беларусь». Не было тых работ у гаспадарцы, на якіх я не быў бы задзейнічаны: вясной сеяў, летам – жаў, восенню – ізноў сяўба ці культывацыя. Напрыканцы 90-х збожжа таксама было неўраджайным. Часы росквіту СВК «Страча» прыпалі на кіраванне Валерыя Іосіфавіча Руновіча – у сярэдзіне 2000-х гадоў. Калі не памыляюся, валавы намалот у нашай гаспадар­цы тады склаў 5 тысяч тон. Да параўнання, летась у КСУП «Мі­ха­лішкі» – а гэта 4 аб’яднаныя гас­падаркі – вал быў толькі 6 тысяч. Мой асабісты рэкорд 1 200 тон збожжа, а з кукурузай – пад 2 тысячы набяжыць. 

Не ведаю, ці будуць у нас сёлета тысячнікі, хоць ураджай ўбірае толькі 7 камбайнаў. Праязджаючы каля гервяцкіх і гудагайскіх палёў, бачыў, якое збожжа вырасла! Чысценькае, дагледжанае – і хіміі дадзена, і ўгнаенняў. 

Два гады ўжо на заслужаным адпачынку, але працую. (Задумваецца.) Не ў тонах шчасце, галоўнае – каб родныя і блізкія былі здаровымі; ну і, канешне, як мага хутчэй убраць з палёў ураджай.

Зернесушыльшчык

Аляксандр Стэльмак: 

– Родам я са Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. На Аст­равеччыну, у КСУП «Міха­ліш­­кі», мяне размеркавалі пасля ву­чобы ў Беларускім дзяр­жаў­ным аграрным тэхніч­ным уні­вер­сітэце. Працую інжы­нерам-ме­ханікам, а сёлета на час жніва прапанавалі паспрабаваць сілы на зернесушыльным комплексе. Думаю: чаму б і не? 

2.jpg

З напарнікамі Віктарам Міла­шэвічам, Аляксандрам Маляў­скім, Дзмітрыем Адаш­кевічам працуем праз суткі. Дзень на дзень не даво­дзіцца: найбольш дапра­цавалі 120 тон, найменш – каля 60 за змену. Думаю, каля 800-900 тон ужо будзе. Пастаянна кантралюем вільготнасць зерня, якая павінна быць не больш за 14%. Пасля дажджоў, канешне, яго дапрацоўка больш энергазатратная. Галоўнае – каб тэхніка камбайнераў у полі не падводзіла, а хлебаўборачныя машыны ў КСУП «Міхалішкі» даўно не абнаўляліся.

Прэсоўшчык

Яўген Пішчака:

– На Астравеччыну прыехаў за каханай – родам я са Смаргоншчыны. З жонкай пазнаёміліся ў Ашмянскім аграрна-эканаміч­ным каледжы, пасля вучобы вяр­нуліся на яе радзіму, я пайшоў працаваць у калгас. Як маладой сям’і нам выдзелілі жыллё ў Страчанцы – 10 гадоў прайшло, як Астравеччына стала маёй другой радзімай.

4.jpg

На трактары МТЗ, які працуе ў счэпцы з прэс-падворшчыкам «Кронэ» нямецкай вытворчасці, у рулоны скручваю салому – на прэсаванні чацвёрты сезон. Ні камбайнерам, ні памочнікам ніводнага разу не працаваў – ды, прызнацца, і не цягне. Мне падабаецца мая работа: за дзень у сярэднім накручваю каля 150 «шпулек», бывала, і 250. Колькасць залежыць ад масы саломы, надвор’я. 

У іншай сферы сябе не ўяў­ляю, хоць работа ў сельскай гаспадарцы не абмяжоўваецца графікам «з 8.00 да 17.00», але я прывык – камусьці трэба горад карміць. Сёлета мяне райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прызнаў лепшым сейбітам на цукровых бураках. Прыемна, што заўважылі і адзначылі. 


Лічбы і факты

У КСУП «Міхалішкі» – адзін з найменшых па плошчы ў раёне збожжавы клін. Хлебаробам гаспадаркі сёлета трэба зжаць 2 712 гектараў. На 4 жніўня яны справіліся з гэтай задачай на 22%  пры сярэднераённым паказчыку 40% – улічваючы, што апошнія дні тэхніку ў поле не пускалі дажджы. 

Як і ў цэлым па раёне, ура­джайнасць збожжа сёлета ў гаспадарцы значна меншая, чым летась: на круг хлебаробы намалочваюць каля 18,6 ц, у мінулым годзе – 29. Найлепш сыплецца азімая пшаніца – яе ўраджайнасць складае 26 ц/га. Дарэчы, пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзены найбольшыя плошчы – 727 га. Пад яравую – 400 га. Азімы трыцікале каласіцца на 342 га, з якіх аблачоны 68 га (ураджайнасць 22,1 ц/га). Азімае жыта заняло 150 га, з іх 102 – зжаты (ураджайнасць 23,3 ц/га). Яравы ячмень пасеяны на 635 га (убрана 360, ураджайнасць 15,7 ц/га), а авёс – на 150 га.


1.jpg

Ірына Серакова, загадчык зернесклада

Текст:
Фото: Алёна Ганулич