Аляксандр Ляховіч і Анастасія Рароўская расказалі пра настрой напярэдадні Алімпійскіх гульняў

09:15 / 06.07.2021
Кампанію Віталю Бандарэнку ў Токіа складуць яшчэ 2 ураджэнцы Астравеччыны – ліцэнзію на Алімпійскія гульні атрымалі славутыя лёгкаатлеты Аляксандр Ляховіч і Анастасія Рароўская.
Перш, чым трапіць на галоўныя спаборніцтвы свету, яны прайшлі няпросты шлях, заваёўваючы медалі і скараючы ўсё новыя спартыўныя вяршыні. Нам удалося звязацца з нашымі алімпійцамі і даведацца пра іх настрой напярэдадні важных спаборніцтваў.

Аляксандр Ляховіч: 

– Атрымаць ліцэнзію на Алімпіяду можна двума спосабамі: прадэманстраваць адзін высокі вынік ці быць у топ-60 сусветнага рэйтынгу па трох міжнародных стартах, на якіх ты атрымліваеш балы. Для мяне гэта былі чэмпіянат Беларусі-2019, спаборніцтвы ў фінскім Лапеенранце і літоўскім Алітусе – вынікі, якія там паказаў, дазволілі атрымаць пуцёўку ў Токіа. Што тычыцца падрыхтоўкі, яна ішла раўнамерна, мы з трэнерам кантралявалі рэйтынг і разумелі, што павінны трапіць на Алімпіяду, таму вестка аб атрыманні ліцэнзіі не стала навіной. Паколькі гэта будзе другое маё выступленне на спаборніцтвах такога ўзроўню, у планах годна прадставіць краіну і беларускі народ і выступіць лепш, чым у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 годзе. Карыстаючыся магчымасцю, перадаю прывітанне і дзякую за падтрымку жонцы і дачушцы, а таксама ўсёй сваёй вялікай сям’і – маме, цешчы, сястры і братам з іх сем’ямі. Асобная падзяка майму цяперашняму трэнеру Яўгену Місюлю і прывітанне першаму трэнеру Андрэю Блашкевічу. 

Анастасія Рароўская: 

– Гэта мае першыя Алімпійскія гульні і, канешне, я вельмі радая, што туды трапіла. Шлях да запаветных спаборніцтваў быў доўгі і няпросты. Я шмат трэніравалася, выступала, паказвала добрыя вынікі і напрацоўвала сабе рэйтынг. У выніку ўсё склалася найлепшым чынам. Атрыманне ліцэнзіі не было шокам – я была гатова да гэтага. Але, безумоўна, шчаслівая, што буду прадстаўляць краіну, і Астравеччыну ў тым ліку, у Токіа. Разумею, што гэта вельмі адказна, і буду старацца паказаць годныя вынікі. Вядома, нічога не атрымалася б без маіх трэнераў, якім вялікі дзякуй. Гэта Сяргей Следзь, Анатоль Емяльяненка і першы трэнер Васіль Марцішэўскі, які і цяпер дапамагае парадамі і хвалюецца за мяне. Дзякуй вам усім! Рада, што апраўдала вашы спадзяванні. 

Віншуем нашых алімпійцаў! У любым выпадку вы для астраўчан ужо пераможцы!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: