КВЗэншчык, каратыст, актывіст –хлопец з Чыжоўшчызны Мікіта Русецкі

14:36 / 27.06.2021
Ён захапляецца каратэ і фізікай, любіць фільмы Акіры Курасавы і Андрэя Таркоўскага, чытае пазнавальную літаратуру і заўсёды знаходзіць сабе занятак па душы. Знаёмцеся: цікавы юнак з глыбокімі разважаннямі і сур'ёзным стаўленнем да жыцця Мікіта Русецкі. 

IMG_6594.jpg

Каратэ
Прозвішча хлопца перыядычна сустракалася сярод удзельнікаў розных турніраў па гэтым адзінаборстве, але ў лік прызёраў не трапляла. Як быццам Мікіта знарок накопліваў сілы і адшліфоўваў майстэрства, каб пасля выбухнуць, – так і атрымалася. Сёлета яму амаль не было роўных на спаборніцтвах. Трэнер юнака адзначае старан­насць і мэтанакіраваннасць вы­­ха­ванца і ставіць у прыклад ма­лодшым: вось чаго можна дасяг­нуць, калі моцна захацець.
– Шчыра кажучы, ніколі не разглядаў каратэ з пазіцыі ўзнагарод, – прызнаўся Мікіта. – Мне падабаецца трэніравацца, а турніры – гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы. Захапляцца адзінаборствам я пачаў не адразу, хоць займаюся ў спартыўным клубе «Чэмпіён» з першага класа. Дзесьці да восьмага наогул наведваў заняткі абы як і неаднойчы хацеў кінуць, але бацькі і трэнер адгаварылі. Пачаў трэніравацца рэгулярна, праўда, без асаблівага энтузіязму. Пасля жадаючых займацца каратэ ў Варнянах заставалася ўсё менш і заняткі поўнасцю перанеслі ў Астравец. Там пазнаёміўся з Косцем Пятровічам – ён тады быў першым нумарам у нашым клубе і амаль усюды займаў 1-е месца. Мы аднагодкі, але на спарынгах я Косцю не прос­та саступаў, а прайграваў яму з ганьбой. Аднойчы мне гэта надакучыла. «Няўжо я не магу лепш?» – з такімі думкамі пачаў трэніравацца яшчэ і дома. Цікава, але з кожным разам мне падабалася ўсё больш і больш – нарэшце адчуў смак каратэ. Асабліва здорава займацца летам на прыродзе. Я родам з Чыжоўшчызны – гэта невялікая вёска ля Варнян, дзе няма маіх равеснікаў. Калі застаешся сам-насам у падлеткавым узросце, узнікаюць розныя думкі. Аднак пасля трэніроўкі на свежым паветры адбываецца перазагрузка, ты адраджаешся і можаш спакойна паразважаць аб розным, з’яўляюцца свае меркаванні, філасофія. Гэтае неверагоднае пачуццё немагчыма пераказаць. Я стаў на роўных выступаць з Косцем. Спачатку перамог на турніры ў Мінску, затым былі спаборніцтвы ў Лідзе, дзе маім сапернікам быў тытулаваны каратыст, у якога нават Косця не выйграваў. У выніку я заваяваў «золата» і зразумеў, што гэта і было тое самае выпрабаванне, якое паспяхова прайшоў. 

Захапленні
Каратэ – галоўнае, але не адзінае захапленне Мікіты. Яму падабаецца баскетбол, фізіка, гульня ў КВЗ, анімэ і наогул усё тое, што выклікае інтарэс у падлеткаў.
– Чым больш актыўнасці, тым цікавей, – патлумачыў хлопец. – КВЗ наогул крутая гульня – займальна не толькі выступаць на сцэне, але і прыдумваць жарты, вобразы, касцюмы. У малодшых класах з сябрам запісаліся ў музычную школу, праўда, я хацеў на гітару, а ў выніку вучыўся іграць на акардэоне. Не шкадую, бо гэта таксама карысны вопыт. У школе больш за ўсё падабалася фізіка і матэматыка, чытаць люблю. Праўда, не мастацкую літаратуру, а пазнавальныя артыкулы. Нядаўна, напрыклад, прачытаў хагакурэ – збор правілаў самурая. Тэкст уразіў і натхніў на розныя разважанні. Люблю кіно, але не прымітыўнае, а з таямніцай і двайным дном, дзе ўсё не так проста, як здаецца. У захапленні ад творчасці рэжысёраў Акіры Курасавы і Андрэя Таркоўскага. «Сталкер» і «Салярыс» апошняга – геніяльныя фільмы. Яшчэ падабаецца анімэ, камп’ютарныя гульні, шпацыр на прыродзе. Словам, цікаўлюся тым, што блізкае па адчуваннях. 

Планы
Сёлета Мікіта скончыў Вар­нянскі НПК і распачынае новы этап жыцця. Каб не сурочыць, пра будучую прафесію ён абмежаваўся скупым «напэўна, нешта інжынернае». Але ў адным юнак упэўнены цвёрда: куды б ні паехаў вучыцца, бу­дзе працягваць займацца каратэ. Гэта ўжо не звычка ці хобі, а стыль жыцця.
Няхай у Мікіты ўсё атрымаецца!

Бліц-апытанне

– Любімы спартсмен.
– Швейцарскі каратыст і кікбаксёр Андрэас «Эндзі» Хуг. Падабаецца не толькі яго тэхніка, але і манеры – ён заўсёды адносіўся з павагай да сапернікаў, суддзяў, гледачоў і не дазваляў сабе некультурных паводзін. За гэта яго назвалі блакітнавокім самураем. А яшчэ ён ніколі не здаваўся.

– Хто для цябе чалавек з вялікай літары?
– Іх некалькі. У першую чаргу гэта мае бацькі – без іх у мяне нічога не атрымалася б. Мой сэнсэй Дзмітрый Тадэвушавіч Куцько – выдатны трэнер, добры чалавек і фанат сваёй справы. Настаўнік англійскай мовы Віялета Уладзіміраўна Карчэўская – хоць сам прадмет мне не па душы, а вось педагог яго выкладае цудоўны. З гэтай настаўніцай цікава пагаварыць і паразважаць пра розныя рэчы – яна мяне разумее. А з незнаёмых – Аяма Масутацу, стваральнік стыля каратэ кёкушынкай, які выкладаецца і ў нашым спартыўным клубе «Чэмпіён».

– Горад ці вёска?
– Нярэдка чуў ад сваіх равеснікаў і іншай моладзі, што ў Астраўцы мала забаўляльных месцаў і магчымасцей для развіцця. Я жыву ў невялікай вёсцы, і мне ёсць чым заняцца. Заўсёды можна нешта прыдумаць – варта толькі захацець. Адзін з маіх сяброў марыць хутчэй паступіць у Мінск і вырвацца ў вялікі горад. Магчыма, маё меркаванне зменіцца, але мне пакуль лепш у вёсцы. Быў у сталіцы неаднойчы і нават некалькі дзён жыў там – не вельмі спадабалася: шумна, шматлюдна, мітусліва. А яшчэ ў горадзе начное неба цьмянае і непрыгляднае, а ў вёсцы – яркае, зорнае і неверагодна прыгожае.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Марина Мацкевич