Тры сястры – адно прызванне: сямейная справа Тэрэсы Лісковіч, Міраславы Цярэшка і Людмілы Шлыковіч

08:22 / 19.06.2021
1075
Калі партрэт урача-неўролага Астравецкай ЦРКБ, загадчыка аддзялення неўралогіі Людмілы Шлыковіч быў занесены на раённую Дошку гонару, аднымі з першых яе павіншавалі сёстры Тэрэса Лісковіч і Міраслава Цярэшка. Гэта і зразумела: хто, як не родны чалавек, парадуецца тваім поспехам, як сваім, і зможа ўспрыняць твой боль, як асабісты.
А ў гэтым выпадку напрошваецца яшчэ адно параўнанне: хто, як не родныя сёстры, якія да таго ж – калегі, ведаюць, што стаіць за кожным поспехам і якім быў шлях да яго…

56465.jpg

Родам з Паракіцяў
У Паракіцях ва ўтульным драўляным «доміку вокнамі ў сад» ужо больш за 50 гадоў жывуць у любові і згодзе Рыгор Вікенцьевіч і Браніслава Іванаўна Малышкі. Звычайныя вяскоўцы – муж усё жыццё працаваў вадзіцелем, жонка – прыбіральшчыцай у школе, пазней – прадаўцом. Як і іх суседзі, жылі з працы, з мазаля: садзілі гароды, даглядалі жывёлу, гадавалі дзяцей. Рыгор Вікенцьевіч хораша іграў на акардэоне, яго часта запрашалі музыкантам на вяселлі. 
І ўсё ж ёсць у іх адметнасць, якая вылучае Малышкаў – унут­раная, прыроджаная інтэлі­гентнасць, якая не даецца з дып­ломам аб вышэйшай адукацыі і якой уладальнікі тых самых дыпломаў, на жаль, часам не валодаюць. 
Як і ўсе бацькі, марылі пра добрую долю для траіх дачок, хацелі, каб яны «выйшлі ў людзі». Тым больш, дзяўчаты вучыліся добра – спачатку ў Алясінскай васьмігодцы, а затым і ў Астравецкай сярэдняй школе. 
Прафесію дочкам бацькі не выбіралі, лічылі, што яны павінны зрабіць гэта самі. Але ўсяляк дапамагалі ім атрымаць адукацыю. І потым, калі выбар быў зроблены, на працягу пятнаццаці гадоў вучылі – спачатку Тэрэсу, затым Міру, Люсю, 3 гады – адразу дваіх. 
Затое цяпер бацькі не хаваюць, што ганарацца дзецьмі: дочкі сталі не проста ўрачамі, а высакакласнымі спецыялістамі, прафесіяналамі. І калі былыя пацыенты дзякуюць ім за ўра­таванае жыццё ці вернутае здароўе, часцінка той удзячнасці перакладваецца і на бацькоў, якія заўсёды, нават калі здараліся няўдачы, не раілі ім адмовіцца ад мары, выбраць што лягчэйшае і прасцейшае: яны заўсёды верылі сваім дзяўчынкам, падтрымлівалі іх, дапамагалі, чым маглі…

Тэрэса

Лискович Т.Г..jpg

– Неяк, я вучылася тады ў класе сёмым-восьмым, паглядзела фільм, не памятаю яго назву. Там дзяўчынка вырашыла стаць урачом, каб вылечыць маму, – расказвае Тэрэса Рыгораўна. – У той час у нашай матулі таксама ўзніклі праблемы са здароўем, і я вырашыла, што, як і тая дзяўчынка з кіно, стану доктарам…
Але ўсё аказалася не так прос­та: з першага разу паступіць у медыцынскі інстытут не атрымалася. Вярнуўшыся дахаты, Тэрэса пайшла працаваць у калгас паляводам. Нароўні з дарослымі жанчынамі палола буракі, капала бульбу, выкідала гной, даіла кароў. Слухала кпіны. Але ад мары не адмовілася, не стала шукаць нешта больш лёгкае і прыземленае.
І медыцынскі інстытут ска­рыўся перад яе настойлівасцю і ўпартасцю…
У Астравец Тэрэса Рыгораўна вярнулася дыпламаваным урачом-тэрапеўтам – прыехала ўслед за мужам: Віктар Лісковіч, які закончыў інстытут на 2 гады раней, ужо працаваў тут акушэр-гінеколагам. Пажаніліся яны яшчэ студэнтамі, іх старэйшая дачка Ірына, пакуль бацькі атрымлівалі адукацыю, гадавалася ў бабулі з дзядулем.
А спецыя­лі­зацыю маладому спецыялісту выбраў тагачасны галоўны ўрач Валянцін Ражко:
– Будзеш кардыёлагам, – сказаў ён Тэрэсе, якая прыйшла на працу ў раённую бальніцу пасля заканчэння інтэрнатуры. – Накірунак новы, перспектыўны, цікавы.
Спрачацца са старэйшымі яна не прывыкла – і паехала на курсы. 
Так наша зямлячка стала першым на Астравеччыне кардыё­лагам. Доўга ўзначальвала кар­дыялагічнае аддзяленне. 
Калі ж мужа перавялі ў Гродна, як нітка за іголкай, паехала за ім.
– У Астраўцы мы працавалі 14 гадоў, у Гродне – ужо 21, – гаворыць Тэрэса Рыгораўна, цяпер – загадчык інфарктнага аддзялення абласнога кардыялагічнага цэнтра. – Але колішняя астравецкая кардыя­логія – доўгі пераход, прыступкі, лесвіца – і сёння часта сняцца…

Міраслава

Терешко.jpg

Калі Тэрэсу прывёў у прафе­сію кінафільм, то Міраславу – уласны боль. У восьмым класе яна трапіла ў бальніцу, яе апе­­­рыраваў светлай памяці Аляксандр Павалоцкі – тады дзяў­чынка і зразумела, што таксама хоча насіць белы халат і паз­баў­ляць людзей ад болю і пакут.
Не апошняе значэнне мела і тое, што старэйшая сястра ўжо вучылася ў  медыцынскім інстытуце – значыць, будзе каму дапамагчы, падказаць, параіць. Усё ж мець падтрымку – зусім не тое, што апынуцца адной у незнаёмым горадзе.
Другая сястра пайшла след у след за першай: у першы год паступіць не атрымалася. І таксама – калгас, паляводчая брыгада… 
Адзінае, у чым яна саступіла з пратаптанай сцежкі: на другі год падала дакументы не на лячэбны факультэт, як Тэрэса і сама ў першы раз, а на педыятрычны.
Інтэрнатуру Міраслава пра­ходзіла ў Гродне, у абласным цэнтры засталася і пасля заканчэння інстытута, стала працаваць участковым педыятрам. 
– А потым Тэрэса паехала ў Астравец, за ёй – Люся. А мне што ж, адной заставацца? Навошта мне гэты горад, калі сёстры, бацькі так далёка? І, адпрацаваўшы належныя 3 гады, я таксама вярнулася на радзіму, – расказвае загадчык  педыят­рычнага аддзялення раённай бальніцы Міраслава Цярэшка.
Загадчыкам аддзялення яе пры­значылі даволі хутка – на ўчастку Міраслава Рыгораўна працавала няпоўныя 3 гады. І вось ужо амаль чвэрць стагоддзя яна ўзначальвае педыятрыю. Гадоў з 15, пакуль не з’явіўся неанатолаг, працавала з  немаўлятамі яшчэ і ў радзільным.
– Чамусьці лічыцца, што педыятрыя – гэта складана, не прэстыжна, цяжка, – гаворыць Міраслава Рыгораўна. – Я гэтай думкі не падзяляю. Цяжка? Магчыма. А дзе лёгка? Толькі мне лягчэй дамовіцца з маленькімі пацыентамі, чым з дарослымі: з дзецьмі заўсёды знаходжу агульную мову і паразуменне. Хоць у жыцці здаралася рознае, ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта гэтую спецыяль­насць. У дзяцей такая энергетыка, такі пазітыў, шчырасць, непасрэднасць, што побач з імі набіраешся сіл, душой маладзееш! 

Людміла

Шлыкович Людмила001.jpg

Малодшая з Малышкаў, усе­агульная любіміца Люся, у пяці­га­довым узросце заяўляла, што будзе альбо прафесарам, альбо артысткай – не больш і не менш. 
З цягам часу мары памянялі­ся, але ў бок медыцыны яны не сягалі: старэйшыя сёстры ўжо вучыліся і, прыязджаючы дахаты, расказвалі, як цяжка ў медыцынскім, колькі ўсяго трэба зубрыць і здаваць.
«Не, гэта не для мяне, – вырашыла Людміла. – Пайду ў гандлёва-эканамічны!»
…Неяк у іх вясковую хату завітаў госць – паважаны і аўта­рытэтны ў раёне чалавек. І між іншым пацікавіўся ў Рыгора Вікенцьевіча:
– Малодшая куды паступаць збіраецца? У медыцыну пойдзе, як старэйшыя?
– Ды не, – паціснуў плячыма бацька. – У гандаль хоча.
– Яна? У гандаль?! – ускінуў бровы госць. – Не, нельга ёй у гандаль…
І гэтых слоў Людміле, без году выпускніцы, хапіла, каб «змя­ніць арыентацыю» і засесці за хімію і біялогію.
Для паступлення ёй, залатой медалістцы, дастаткова было здаць адзін экзамен – але абавязкова на «пяцёрку». І яна зрабіла гэта!
– Мабільнікаў тады не было, і мы з Мірай адразу ж пайшлі на пошту тэлефанаваць дахаты, каб паведаміць навіну, – успамінае Людміла Рыгораўна. – Як радаваўся тата! Мне здаецца, нават больш, чым я сама. Калі Міра не паступіла з першага разу, ён пасівеў. І за мяне моцна хваляваўся. А тут такі падарунак! Што нашым бацькам давялося перажыць, я зразумела толькі тады, калі ўласныя дзеці паступалі…
Са спецыялізацыяй маладому спецыялісту дапамог вызначыцца зноў жа галоўны ўрач Астравецкай бальніцы, на гэты раз – Валянцін Тачоны.
– Нам патрэбны эндакрынолаг і неўролаг. Выбірай…
Людміла Рыгораўна прызнаецца, што тады чыста тэарэтычна ўяўляла сабе і адну, і другую спецыяльнасць – але інтуітыўна выбрала неўралогію. І ніколі  не пашкадавала. За гэта – права зрабіць выбар, які стаў справай жыцця, – яна і сёння ўдзячна Валянціну Ігнатавічу.
А яшчэ за тое, што з першага дня галоўны ўрач даверыў маладому спецыялісту аддзяленне. Неўралогія тады месцілася ў адным памяшканні з кардыялогіяй, якой загадвала Тэрэса Рыгораўна, – пра такую ўдачу, каб у першыя, самыя цяжкія дні работы, трапіць сястры пад крыло, можна было толькі марыць!
– У нас розная спецыялізацыя – але ж шмат агульнага. Тэрэса падказвала, як правільна афармляць гісторыі, як падысці да цяжкага пацыента, ва ўсім падтрымлівала і дапамагала! – успамінае Людміла Шлыковіч.
З 1995 года ўзначальвае яна неўралагічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, якое нядаўна набыло новы статус: стала рэсурсным цэнтрам па лячэнні пацыентаў з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту ці падазрэннем на яго. Акрамя прэстыжу, ён дабавіў і шмат работы: сюды паступаюць пацыенты не толькі з нашага, але і суседніх  раёнаў. 
– Калі адзін з неўролагаў у адпачынку, то дахаты можна і не ісці, – гаворыць загадчык аддзялення. – На мінулым тыдні, да прыкладу, мне даводзілася прыязджаць у бальніцу кожны вечар і амаль кожную ноч. А раніцай, што б ні здарылася, у палату да хворых урач павінен прыйсці з усмешкай і добрым настроем – гэта адна з умоў паспяховага лячэння… Так, цяжка, складана, праблематычна, але мне падабаецца мая работа, – прызнаецца Людміла Рыгораўна. – І няма большай радасці, калі хворы пасля інсульту ходзіць на сваіх нагах і размаўляе!

Адно на ўсіх прызванне
Яны заўсёды адчуваюць дапамогу, падтрымку адна адной, нават калі бачыцца даводзіцца не так часта, як хацелася б.
– Ведаеце, у мяне няма сябровак, – прызнаецца Людміла Рыгораўна. – Яны мне не патрэбны: у мяне ёсць сёстры, да якіх, ведаю, заўсёды магу прыйсці з бядой і радасцю, звярнуцца за парадай ці дапамогай.
А калі яшчэ і адно на ўсіх прызванне, то можна мець і асабістага ўрача па любой спецыяльнасці. Міраслава, да прыкладу, заўсёды на сувязі, калі хварэюць дзеці, – спачатку імчала на дапамогу да пляменніц, а цяпер – да іх малышоў. Тэрэса – галоўны доктар для бацькоў: з гадамі ў абодвух узніклі праблемы з сэрцам, і парады і назначэнні старэйшай дачкі яны выконваюць без пярэчанняў. Людміла вырашае ўсе неўралагічныя праблемы шматлікай радні.
Яны ўжо маглі б адкрываць сямейную клініку: акушэр-гіне­колаг не толькі Віктар Андрэе­віч Лісковіч – зрэшты, цяпер ён хутчэй палітычны і дзяржаўны дзеяч, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але і старэйшы зяць, і сват Лісковічаў. Іх дачка Ірына, як і Тэрэса Рыгораўна, стала кардыё­лагам, Анастасія – дэрматолагам, яна ужо кандыдат медыцынскіх навук. Са спецыялізацыяй пакуль не вызначылася толькі Валерыя, малодшая дачка Людмілы Шлыковіч, – сёлета дзяўчына  заканчвае першы курс таго ж Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, які стаў альма-матар для шматлікіх урачоў з іх сям’і. 
І можна не сумнявацца: з такімі моцнымі каранямі і крона будзе адпаведнай!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений