Камбайн, пагрузчык, метад “распылу” – што новага на корманарыхтоўцы ў КСУП “Гервяты”

12:09 / 15.06.2021
Раней эпагеем сельскагаспадарчага года лічылася жніво. У апошнія дзесяцігоддзі бадай што самы галоўны і адказны перыяд – корманарыхтоўка, бо жывёлагадоўля прыносіць да 70% выручкі. Ад таго, як спрацуюць летам корманарыхтоўшчыкі, будзе залежаць, што ў калгаснай кішэні: пуста ці густа. 

IMG_6661.jpg

Намеснік дырэктара КСУП «Гервяты» па вытворчасці Станіслаў Івашка


На мінулым тыдні наш карэс­пандэнт даведаўся, колькі і якіх кармоў плануюць назапасіць у КСУП «Гервяты».
Гэта адзінае ў раёне сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны. З улікам дойнага статку тут больш, чым у іншых гаспадарках, буйной рагатай жывёлы – амаль 10 тысяч галоў, з якіх крыху больш за 40% утрымліваюцца на комплексе па дарошчванні і адкорме. 

ЛІЧБА: 
 3 173 гектара  складае першы ўкос  у  КСУП «Гервяты». 
 На 13 чэрвеня травы ляглі  ў пракосы на 1 860 гектарах  (59% ад плана). 
 Нарыхтавана 10 324 тоны  сенажу  (30%) і 36 тон   травяністых кармоў  у стрэйч-плёнцы (24%).

Каб зімой пракарміць такое вялікае пагалоўе, «гервятцы» плануюць нарыхтаваць амаль 22,5 тысячы тон кармавых адзінак. З травяністых кармоў – 34 тысячы тоны сенажу, прычым 60% закласці травамі першага ўкосу, амаль 45 тысяч тон сіласу і 750 тон сена. Забягаючы наперад адзначу, што ўсе перадспасылкі для ажыццяўлення гэтых планаў у аграрыяў гэтай гаспадаркі ёсць, галоўнае – не падвяло б надвор’е…
– Прасцей за ўсё недапрацоўкі спісаць на дрэннае надвор’е, – лі­чыць намеснік дырэктара па вытворчасці Станіслаў Івашка. – У гэтым сэнсе ўсе гаспадаркі раё­на знаходзяцца ў аднолькавых кліматычных умовах. Паспя­хо­васць корманарыхтоўчай кам­паніі залежыць ад многіх фак­та­­­­раў: тэхнічнай аснаш­ча­насці, пры­­трымлівання тэхна­ла­гіч­­нага рэг­ламенту нарыхтоўкі кар­моў і тэр­мінаў уборкі, якасці тра­ва­с­тою, урэш­це – саміх меха­ніза­та­раў. 

IMG_6631.jpg

Вадзіцелі Анджэй Ясевіч і Віктар Герасім


У дзень майго прыезду дождж усё ж унёс карэктывы ў планы корманарыхтоўшчыкаў – і тэхніка рушыла ў поле толькі пасля абеду. Механізатары чакалі, пакуль вецер і сонейка прыбяруць з валкоў лішнюю вільгаць. Па рэгламенце віль­готнасць травы не павінна быць большай за 60-65%. 
На 9 чэрвеня ў КСУП «Гервяты» заклалі бетаніраваныя корма­сховішчы ў Чэхах, Дайлідках, Гайголях і Гервятах. Прадугле­джаныя нормы – тэхналагічную ёміс­тасць для захоўвання кармоў трэба закласці за 3-4 дні – гервятцы абыходзяць і спраўляюцца з гэтым за 2-2,5 дні. 
У траншэях аб’ёмам у тысячу тон «зялёнку» трамбуюць дзве адзінкі тэхнікі, у больш вялікіх – тры. Шмат гадоў гэтым займаецца Віктар Гродзь, якога неаднойчы прафсаюз аграрыяў прызнаваў лепшым на пагрузцы арганікі. Сёлета мужчына трамбуе траву на новенькім пагрузчыку «Амкадор-352». 
– У гаспадарцы цэлы год чакалі гэты пагрузчык. Чаму даверылі мне? – мужчына задумваецца. – Напэўна, вопыту ў мяне шмат. Неаспрэчныя плюсы машыны: пра­стата абслугоўвання, умераны расход паліва і трамбуе добра. 

IMG_6641.jpg

Фёдар і Андрэй Махонькі возяць «зялёнку»


Дарэчы сказаць, сёлета змя­нілі рэгламент нарыхтоўкі тра­вяністых кармоў: калі раней «зялёнку» трамбавалі кругласутачна, то цяпер пасля асноўнай закладкі траву «ўкатваюць» яшчэ 3 гадзіны – да 22.00 і ўкрываюць на ноч вакуумнай плёнкай. Па словах спецыялістаў, масу вільготнасцю 55% трэба трамбаваць больш інтэнсіўна, аптымальны паказчык – 60%. 
Для нарыхтоўкі сенажу ў КСУП «Гервяты» абавязкова выка­­­рыс­тоў­ваюць кансерванты. Летась прымянялі прэпарат «Бонсілаге». Сёлета спыніліся на яго аналазе – кансерванце «Бэст­сіл». 
– Па ўласцівасцях гэтыя прэ­па­раты вельмі падобныя, адрозні­ваюцца толькі цаной. Выбралі таннейшы, – растлу­ма­­чыў Ста­ніслаў Івашка. – У сучасных рэа­ліях выкарыстанне кан­сер­ван­таў нават і не абмяр­коўваецца – гэта неабходнасць. У любым выпадку выхад спажыўных рэчываў атрымліваецца значна большым.
На першым укосе ў КСУП «Гервяты» задзейнічана больш за 20 адзінак тэхнікі, на якой працуюць вопытныя механізатары. У залежнасці ад фронту работ касілкі, комплексы, аўтамабілі і трактары звычайна дзеляць на 2 звяны. На касавіцы сёлета працуюць 2 новыя кормаўборачныя комплексы: 1 айчыннай вытвор­часці КВК-800 і нямецкай – «КронэБіг-Х», 11-метровая варушылка. 

IMG_6663.jpg

Касец Віктар Кардзіс


– Магутнасцей на кормана­рых­тоўцы ў нас хапае, тым больш грунтоўна абнавілі тэхна­парк. Летась, напрыклад, набылі корма­ўборачны камбайн «Ягуар», ва­ру­шылку. Тэхнічна і маральна састарэлы «Ягуар» выставілі на продаж, а корма­ўборачны кам­байн «Палессе» перадалі сель­гас­тэхніцы, – тлумачыць Ста­­ніслаў Івашка. – Агульнымі нама­ганнямі трох магутных касі­лак скошваецца больш за 150 гек­та­раў. 
«Гервятцы» могуць пахваліцца не толькі новай тэхнікай, але і новым падыходам у нарыхтоўцы кармоў. 
– Пры нарыхтоўцы бабовых і люцэрны, якія лічацца дрэнна сіласуемымі, сёлета ўпершыню выкарысталі метад скошвання не ў валок, а ў распыл. Вопыт перанялі ў перадавых гаспадарак Гродзенскай вобласці: СВК «Верцялішкі», вытворчага каа­ператыва імя В.І. Крэмко, – працягвае намеснік дырэктара. – Пры такой тэхналогіі на змену касілкам заступаюць варушылкі, якія дадаткова плюшчаць зялёную масу. Пры добрым сонечным надвор’і дастаткова сутак для правяльвання траў, раней даводзілася чакаць 2-3 дні – летась увогуле была цэлая праблема з канюшынай, люцэрнай. Гэты спосаб нарыхтоўкі, па-першае, значна эканоміць час, па-другое, зялёная маса закладваецца з нармальнай вільготнасцю. Аднак ёсць і мінусы: пры зграбанні здробненай масы трапляюць часцінкі глебы, камяні, што шкодзіць корманарыхтоўчым комплексам: хутчэй зношваюцца нажы, супрацьрэжучыя пласціны і іншае. Таксама гэта стымулюе працэс ўтварэння маслянай кіслаты, але якасная трамбоўка, аптымальныя тэрміны закладкі траншэі, яе правільнае ўкрыццё, выкарыстанне таго ж кансерванта – здымаюць праблему. 
Найлепшым часам для на­рых­тоўкі сенажу з бабовых культур лічыцца фаза бутанізацыі да пачатку цвіцення – «гервятцы» з ліш­кам укладваюцца ў аптымальныя тэрміны. 

IMG_6652.jpg

Новы «Амкадор» даверылі Віктару Гродзю 


На новым высокапрадукцыйным кормаўборачным камбайне «КронэБіг-Х» траву падымае і здрабняе Сяргей Філімоненка. 
– Плюс машыны ў тым, што, у залежнасці ад ураджайнасці травы, можна працаваць у двух рэжымах: эканомным і больш магутным, – тлумачыць камбайнер. – Трава здрабняецца на патрэбную даўжыню, а падборшчык рэгулюе хуткасць яе падачы. 

IMG_6627.jpg

За пажарнай бяспекай у полі сочыць Раман Масевіч


Сваёй чаргі чакаюць машыны і трактары. Не першы год «зялёнку» на «Джон-Дзіры» возіць лепшы араты раёна, чый партрэт некалькі гадоў назад быў занесены на раённую Дошку гонару, Анджэй Ясевіч. Ад калегі не адстаюць і бацька з сынам Фёдар і Андрэй Махонькі – пераможцы леташняга працоўнага спаборніцтва, якое праводзіў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сярод занятых на вясенне-палявых работах механізатараў, і многія іншыя працаўнікі. 

IMG_6623.jpg

На новым комплексе працуе Сяргей Філімоненка


…Кажуць, што паспяховасць малочнай вытворчасці зале­жыць ад трох «К»: кароў, кармоў і кадраў. Пабываўшы на касавіцы ў КСУП «Гервяты», вывела формулу паспяховай корманарыхтоўкі – яна залежыць ад трох «Т»: траў, тэхнікі і тэхналогіі – яны ў гаспадарцы проста выдатныя.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алена Ганулич