Пра летнія клопаты жывёлаводаў КСУП “Гудагай” даведаўся карэспандэнт “раёнкі”

13:15 / 01.06.2021
«Астравецкая праўда» сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання праводзіць месячнік па летне-пашавым утрыманні. Наш карэспандэнт сумесна са спецыялістамі райсельгасхарчу наведае фермы і комплексы гаспадарак раёна, каб паглядзець, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, што на кармавых сталах у рагуль і чым займаюцца жывёлаводы, калі статак на пашы.

IMG_5865.jpg

– З пачатку года ў КСУП «Гудагай» надаілі ад каровы амаль 3 тысячы (+79 кг да мінулага года) кілаграмаў малака.  Да параўнання, па раёне – у сярэднім 1 961 кілаграм, – патлумачыла Галіна Ждановіч. – Нашы папярэднікі казалі, што малако ў каровы на языку. Складана не пагадзіцца, але гэта не адзіны фактар так званага «вялікага малака». Акрамя кармоў, істотную ролю іграюць умовы ўтрымання, селекцыйная і ветэрынарная работа, а таксама строгае прытрымліванне тэхналогіі. Калі раней, гадоў 20 назад, на першы план выходзіла валая вытворчасць малака, то цяпер не меншае значэнне надаецца  яго якасці. Лічу, што ў гэтым сэнсе КСУП «Гудагай» – паказальная гаспадарка: 72,6% малака ідзе на перапрацоўку гатункам экстра. Акрамя гэтага, у сельгас­прадпрыемстве самы высокі паказчык таварнасці – больш за 90% малака рэалізуецца дзяржаве.

МТК «Малі»
Дойны статак – 635 галоў; тып утрымання жывёлы – стойлавы; сярэднесутачны надой – крыху больш за 32 кілаграмы.
На комплексе ўтрымліваецца 1 825 галоў, у т. л. 250 цялят ва ўзросце да 3-х месяцаў, 290 – дарошчвання, 320 цялушак аднаўлення, амаль 100 першацёлак, якіх неўзабаве перавядуць у дойны статак. 

IMG_5824.jpg

Начальнік МТК «Малі» Вольга Яцэнка ў жывёлагадоўлі больш за 30 гадоў


– Наша гордасць – гэта высокапрадукцыйныя каровы – каля 200 галоў. У залежнасці ад надояў, яны падзелены на групы. Самыя малочныя, 88 галоў, даюць у сярэднім за суткі звыш 40 кілаграмаў. Надой ад 95 кароў дасягае 37 кілаграмаў, а ад 90 галоў – амаль 34, – расказвае начальнік комплексу Вольга Яцэнка. – Дзякаваць богу, па надоях цяпер выйшлі на плато: з пачатку года моцна «плюсавалі», потым малако пайшло ўніз, цяпер трымаемся на ўзроўні мінулага года. За 4 месяцы бягучага года яго тлустасць складае 3,87%. 
На МТК «Малі», як і на іншых буйных малочна-таварных комплексах, практыкуецца круглагадовае стойлавае ўтрыманне жывёлы – тэхналогія не прадугледжвае выган кароў на пашу. Праўда, з вясны рацыён рагуль мяняецца – дадаткова на сталах з’яўляецца зялёная маса. 
Цікаўлюся ў начальніка комп­лекса рацыёнам кароў. 
– Высокапрадукцыйныя  ат­рым­­­лі­ваюць 11 кілаграмаў кан­цэн­тратаў у 3 дачы: збалан­­­саваны камбікорм з утрыманнем жмыху, прэміксаў, шроту, – расказвае Вольга Яцэнка. – Увялі зялёную масу: 10 кілаграмаў люцэрны на галаву. Яшчэ даём 10 кілаграмаў сенажу і 20 сіласу – апошняга было больш на сталах, пакуль не ўвялі «зялёнку». 
Летась для аздараўлення статка частку кароў выганялі на пашу. 
– Свежае паветра, трава і сонца станоўча ўплываюць на арганізм жывёлы, таму кароў пасвілі, – да размовы далучаецца заатэхнік-селекцыянер Андрэй Сячынскі, які пазалетась падчас абласнога свята «Дажынкі» быў прызнаны лепшым спецыялістам Гродзеншчыны ў сваёй галіне. – Па-першае, гэта прафілактыка захворванняў канечнасцей. Па-другое, калі жывёла рухаецца, паляпшаецца кровазварот – а значыць мінімізуецца фактар узнікнення мастытаў і энда­мет­рытаў. Цяпер, напрыклад, на ўвесь компмлекс толькі 7 хворых на мастыт кароў, якія атрымліваюць патрэбнае лячэнне. 
На МТК «Малі» практыкуецца закрыты цыкл – гэта значыць, што малочныя рагулі тут сваёй гадоўлі. Работнікі комплексу не па чутках ведаюць, што добрая карова пачынаецца з цялушкі, таму пра малышоў тут клапоцяцца вельмі старанна. 
Некалькі гадоў назад у нашым раёне, як і ў астатніх гаспа­дарках вобласці, пачалі ўкараняць так званы «халодны метад» гадоўлі жывёлы, калі цяляты ўтрымліваюцца ў дамках на вуліцы. Ці прыжыўся ён у «Малях»? – адрасую пытанне начальніку комплексу. 
– У мінулым годзе пабудавалі лагер – навесы, абцягнутыя брэзентам з клеткамі: тут стаяць бычкі і цялушкі ва ўзросце да трох месяцаў, – расказвае Вольга Яцэнка. – Прызнацца, адразу я была супраць. Цяпер нарадавац­ца не магу. Прашу ў Эдуарда Івана­віча, каб яшчэ пабудавалі. Вы самі гляньце на цялятак –  як пуфікі. Прыгажосць!
І сапраўды, бычкі і цялушкі – проста заглядзенне!
– Гэта аддзяленне я называю лагерам з ручным кіраваннем, – з усмешкай расказвае галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса, дэманструючы, як лёгка і хутка падымаюцца шторкі. – Лічу, што большую ўвагу трэба надаваць цялушкам – гэта будучыя каровы, а значыць – і малако. У рацыён малышоў увялі спецыяльныя мюслі ў выглядзе гранул, якія абагачаны вітамінамі, мінераламі і іншымі спажыўнымі рэчывамі. Жывёла расце нібы на дражджах. Акрамя гэтага, цяляты атрымліваюць старцерны камбікорм. 
Дарэчы сказаць, пад навесамі ўвесь год утрымліваецца каля 90 галоў нецеляў. Па словах спецыялістаў, сёлетняй зімой жывёла добра перанесла маразы. Паілкі тут з падагрэвам. 
– Галоўнае, каб не было скраз­някоў, своечасова мянялася пад­сцілка, а таксама – добрае кар­­мленне, каб жывёле ха­пала энергіі, – працягвае Віктар Іва­навіч. – У КСУП «Гудагай» выка­ры­стоў­­ваюцца паілкі  з пада­грэвам расій­скай, кітайскай, фран­цузскай выт­ворчасці. Зда­гадай­цеся, якія сябе найлепш зарэ­камендавалі? Кітай­скія! Нават калі слупок тэрмометра апу­с­каўся ніжэй за 25 градусаў, праб­лем не ўзнікала. 
Дарэчы сказаць, на МТК «Малі» падсоўваннем кармоў займаюцца не людзі, а невялікі трактар «Беларус». Забор кармоў тут адбываецца таксама механізавана – пасля гэтага застаецца роўненькі зрэз на сіласнай ці сянажнай масе. Гэта значыць – не адбываецца другаснай ферментацыі і кармы не псуюцца. 
Уражанні ад наведвання комплексу засталіся самыя ста­ноў­чыя: жывёла  чыстая, накормле­ная і дагледжаная. Пра гэта, да­рэчы, сведчаць і надоі, і якасць малака. 

МТФ «Ліпнішкі»
Дойны статак – 175 кароў, тып утрымання – пашавы, сярэднесутачны надой – 23 кілаграмы.
У «Ліпнішках», у адрозенне ад комплексаў, дойны статак з надыходам вясны пасвяць круглыя суткі: на ферму каровы вяртаюцца толькі на дойку. 
Пастухі «адбіваюць» клетку – тут яна памерам прыблізна 100х80 метраў. За суткі ў сярэднім страўліваецца 5-6 такіх клетак. 

IMG_5892.jpg

Пастух Іван Козіч з памочнікам сабакам Жулікам


– Памеры залежаць ад пага­лоўя і ўраджайнасці травы, –  патлумачыла загадчык МТФ «Ліпнішкі» Аксана Высоцкая. – У сярэднім на галаву прадугледжана каля 60 кілаграмаў «зялёнкі» і канцэнтраты. Ураджайнасць травы на гэтай пашы, думаю, дасягае 50 цэнтнераў з гектара,  таму выка­рыстоўваем сустрэчнае скош­ванне: атаву рагулі лепш любяць. А з травы, якую замотваюць у стрэйч-плёнку, атрымліваецца карысны і спажыўны корм. 

IMG_5876.jpg

Загадчык МТФ «Ліпнішкі» Аксана Высоцкая


На МТФ «Ліпнішкі» статак пасвяць 4 пастухі, якія ў парах працуюць праз суткі. Акрамя заработнай платы, яны дадаткова атрымліваюць даплаты за выяўленых у ахвоце кароў, пра­цэнт ад вала малака, а таксама, калі няма парушэнняў дысцып­ліны, – збожжа і ялавічыну. Па жаданні на поле ім прывозяць абеды. Тут для іх зроблены дамкі, дзе пастухі могуць адпачыць і схавацца ад дажджу. 
Побач з загонам, як таго і патрабуе тэхналогія, ёсць пафарбаваная ў белы колер бочка (каб не награвалася) з вадой, яслі з сенам, соль і мел.
– Травы сёлета добрыя, на вачах растуць, – расказаў пастух Іван Козіч. – І на свежым паветры, калі сонечна, працаваць адно задавальненне!

IMG_5910.jpg

Ваду на пашу ў «Ліпнішках» і «Смілгах» падвозіць Эдвард Юркойць




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алена Ганулич