О чём должны знать родители, рассказали дети

08:06 / 01.06.2021
Як угадаць жаданне, хто можа здзейсніць мару, ад чаго бывае дрэнны настрой, навошта есці салодкае – пра тое, як дамовіцца з бацькамі і што павінны ведаць дарослыя пра сваіх дачок і сыноў, расказалі дзеці.

КАБ САЛОДКА СПАЦЬ
Аляксандра Васільчык, 6 гадоў, Гервяцкі д/с:

IMG_5643.jpg

– Калі дзіця кладзецца спаць, кожны вечар яму трэба расказаць казку – любую, толькі не страшную, а добрую, каб спалася лепш. Напрыклад, пра Папялушку, Рапунцаль… (Захоплена.) Можна і пра Калабка ці Курачку Рабу, але гэта для маленькіх. 
Трэба, каб дзіця само выбірала гісторыю, і яна абавязкова павінна быць доўгай-доўгай, каб паспець заснуць. Пасля казкі прысніцца добры сон, а без яе не прысніш увогуле нічога.
Дарослыя могуць іх чытаць – з кнігі, у якой прыгожыя малюнкі. Расказваць казку павінны мама ці бабуля, для дзяўчатак – пра прынцэс, а для хлопчыкаў – пра прынцаў. 
А вось мульцікі ці кіно лепш не гля­дзець – бо тады заснуць цяжка і сны могуць страшныя быць! 
Бацькам перад сном не хочацца слухаць казкі, бо яны дарослыя і ўсё ведаюць, таму ім нецікава.

ЯКІЯ МАРЫ АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЬ
Павел Емяльян, 8 гадоў, Міхалішкаўская СШ:

IMG_5663.jpg

– У кожнага дзіцяці ёсць мара. Я, напрыклад, мару з’ездзіць на мора ці ў кантактны заапарк. Лічу, што амаль усе дзіцячыя жаданні можна ажыццявіць. 
Каб мара збылася, трэба пра яе расказаць родным, падабраўшы спецыяльны момант, напрыклад, калі ў мамы будзе хапаць грошай, будзе добры настрой. (З веданнем справы.) Але і самому таксама трэба нешта зрабіць: вучыцца добра, радаваць бацькоў поспехамі. Ёсць і бабулі з дзядулямі, аднак яны не любое жаданне выканаюць – гэта залежыць ад іх узросту, некаторыя ж ужо на пенсіі, а маме і тату здзейсніць мару ўсё ж лягчэй будзе. 
Яшчэ варыянт: напісаць ліст Дзеду Марозу – ён чараўнік і стараецца зрабіць так, як просіш. Дзіця можа ажыццявіць сваю мару, а калі не – то трэба пачакаць, калі гэта адбудзецца само, ці, да прыкладу, ты станеш дарослым.
Трэба быць удзячным, калі бацькі ажыццявілі тваю мару.  Можна зрабіць ім падарунак: дапамагчы ў нечым, слухацца. Няправільна патрабаваць нешта толькі таму, што ты іх дзіця. Трэба помніць, што тата і мама могуць не кожную мару здзейсніць, бо ёсць такія, якія ў рэальнасці не існуюць. 

ЯК УЗНЯЦЬ НАСТРОЙ
Арына Палачанская, 5 гадоў, Гервяцкі д/с:

IMG_5637.jpg

– Настрой можа сапсавацца, калі падрапаешся, ударышся ці калі дождж ідзе… (Сумна.) А я, калі падрапала руку, не плакала, бо ўжо дарослая!
Каб падняць настрой дзіцяці, дарослыя могуць зра­біць падарункі, напрыклад, купіць цацку, толькі тую, якую сын ці дачка хоча. Толькі гэта павінен быць сюрпрыз! Тата з мамай павінны ведаць, пра што мараць іх дзеткі. 
Яшчэ можна ўзняць настрой сонцам: калі яно засвеціць на цябе праменьчыкамі – адразу весялей стане. Праўда, яго дарослыя заказаць не могуць... (Задумваецца.) Можна яшчэ пабудаваць арэлі – мне тата зрабіў, бо я даўно іх хацела.
Калі дзіця засумавала, трэба яго пашкадаваць: абняць, кветачку падарыць ці куды-небудзь завесці.
Настрой можа сапсавацца, калі нешта не атрым­ліваецца – тады дарослыя павінны дапамагчы.
А калі з сябрам пасварыўся, ні мама, ні тата нічога не зробяць – трэба самім мірыцца.

ДЛЯ ЧАГО СМАЧНЕНЬКАЕ
Максім Макевіч, 8 гадоў, Гервяцкая СШ:

IMG_5616.jpg

– Смачненькае – гэта цукерка, шакаладка, пірожнае, жуйка – толькі яе глытаць нельга. А яшчэ – чыпсы, сухарыкі... І газіраваны напітак, толькі не мінералка! Звычайная ежа, хоць і смачная бывае, але гэта не тое. Увогуле, нясмачнае ўсё тое, што не салодкае. Блін з варэннем – таксама не лічыцца. 
Бацькі не павінны дзецям часта даваць прысмакі: хопіць раз у 2 тыдні, бо гастрыт можа быць – я пра гэта ведаю, бо ў школе вучуся!
Смачненькае дзецям хочацца кожны дзень есці, але трэба ўмець сябе стрымліваць. (Павучальна.)
Такое, як прадаюць у магазіне, цалкам сам не зробіш, бо ўсё роўна для гэтага трэба нешта купіць, напрыклад, формачку для пірага, пасыпку каляровую, пудру…
Тата з мамай павінны даваць прысмакі дзіцяці, каб у яго быў добры настрой, а калі так не рабіць, то іх сын будзе сумны.

КАЛІ КУПЛЯЦЬ ЦАЦКІ
Мацвей Балахомскі, 7 гадоў; Гервяцкая СШ:

IMG_5627.jpg

– Калі дзіця марыць пра нейкую цацку, бацькі павінны яе купіць. Толькі для гэтага нам трэба сказаць чароўнае слова – «калі ласка». Яшчэ адзін варыянт: пераканаць дарослых, што табе патрэбна менавіта такая цацка, бо яна ёсць у сяброў. 
Праўда, мама з татам не заўсёды могуць купіць цацку, напрыклад, у іх можа не быць грошай ці дзеці закапрызяць проста ў магазіне. 
Аднаму гуляць сумна, цікава разам з сябрамі, сабраўшыся ў каго-небудзь дома – толькі, каб кожны са сваёй цацкай. Яны павінны быць рознымі – тады не пераблытаеш, дзе чыя. У мяне ёсць адна любімая цацка, але якая, не скажу – сакрэт!
Даведацца пра навінкі можна ў магазіне альбо ў інтэрнэце.
Таты і мамы з цацкамі не бавяцца, бо яны дарослыя. Але яны павінны гуляць з дзецьмі, і ў гульні галоўным павінна быць дзіця!

НАВОШТА ДАВАЦЬ МАБІЛЬНЫ 
Сафія Лаздоўская, 6 гадоў, Міхалішкаўская СШ:

IMG_5655.jpg

– Бацькі не павінны даваць дзецям мабільны, бо зрок сапсуецца. (Думае.) Аднак тэлефон хочацца ўзяць хаця б раз на тыдзень. Ды і ў школе ён патрэбен, бо як тады дарослыя даведаюцца, калі са школы сваіх дзяцей забіраць?
У мабільным можна пагуляць, хаця б 5 хвілінак. Ці крыху больш. Ёсць такая гульня «Том за золатам», у ёй шмат узроўняў, таму трэба кожны дзень туды заходзіць. І калі ты не дагуляў, бацькі могуць забраць тэлефон – я за гэта не пакрыўджуся. А вось мой брат будзе крыўдаваць! 
На мабільны можна фоткацца, праглядаць альбом: дзе былі, успамінаць… І ўпрыгожваць здымкі – кветачкамі, зорачкамі ці яшчэ чым. Можна папрасіць тэлефон, каб перамаляваць нешта адтуль… Шмат чаго там можна.
Думаю, што калі выбіраць паміж камп’ютарам і тэлефонам, то лепш мабільны – на камп’ютары ўсё складана, у ім толькі мой брат разбіраецца! 
Ведаеце, калі бацькі дакладна дазволяць узяць мабільны? Тады, калі будзеш ім дапамагаць, напрыклад, агарод капаць, траву насіць… 
А вось у дарослых дзяцей, якім ужо ёсць 19 гадоў, тэлефон павінен быць увесь час пры сабе. Калі маме падарылі на дзень нараджэння новы мабільны, то стары яна аддала майму брату – і цяпер у яго ажно два. Я збіраюся ў яго адзін тэлефон папрасіць. Навошта яму столькі?!

ЦІ РАБІЦЬ ВЫХАДНЫ
Арыяна Ствол, 7 гадоў, Міхалішкаўская СШ:

IMG_5659.jpg

– Думаю, бацькі могуць дазволіць дзецям калі-нікалі застацца дома. Толькі для гэтага трэба быць паслухмяным ці расказаць ім, што твайму аднакласніку так дазваляюць, – можа, і дамовішся. (Заўважае.) Але я так так не рабіла.
Бывае так, што прачнуўся – і няма настрою ісці ў школу: напрыклад, рана ўставаць не заўсёды хочацца ці стаміўся ад вучобы, ці самотна – пра гэта дзіцяці не трэба гаварыць бацькам, яны павінны зразумець самі, чаму так. Але не варта выпрошваць, каб дазволілі прапусціць урокі ці прыдумваць, што сябе дрэнна адчуваеш… Трэба перасіліць сябе, сабрацца з духам – і пайсці, а па дарозе, можа, і настрой зменіцца.
Калі, напрыклад, мама, тата ці бабуля з дзядулем дома засталіся, можна дзіцяці таксама зрабіць выхадны. Бацькі могуць нават самі не пусціць у сад ці школу дзяцей, калі яны хварэюць. А яшчэ калі ў іх сына ці дачкі дзень нараджэння! Толькі ў мяне так не атрымліваецца, бо я нарадзілася летам.
Не, усё ж дзяўчынкі і хлопчыкі ў дзіцячым садзе і школе набіраюцца сіл і ведаў, калі вучацца, спяць, гуляюць з сябрамі – дома такога рэжыму няма, таму лепш нічога не прапускаць.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Рита Дремо