У дзень вяселля Алега Кавалевіча і Валянціны Казачэнкі ішоў дождж

14:46 / 22.05.2021
У 2003 годзе стартавала адна з найбольш папулярных рубрык «Астравецкай праўды» «Кахання  ды згоды», якая з гадамі трансфармавалася ў «Шчасця маладым!», але не змяніла сутнасці:  мы віншуем маладажонаў, якія зарэгістравалі шлюб у Астравецкім ЗАГСе – і знаёмім з імі чытачоў.
Мы вырашылі звязацца з некаторымі парамі, фотаздымкі якіх з’явіліся 18 гадоў таму на старонках газеты, і распытаць, якія змены адбыліся ў іх жыцці і што патрэбна, каб яно было шчаслівым.  

000_1150.jpg

Алег Кавалевіч і Валянціна Казачэнка зарэгістравалі шлюб 30 жніўня 2003 года.

– У дзень нашага вяселля ішоў дождж, проста лівень, – успамінае Валянціна. – І як мяне ні супакойвалі родныя і суседзі, маўляў, гэта добрая прыкмета – да багацця, я страшэнна нервавалася: багацце будзе ці не, а прычоска сапсуецца, макіяж, сукенка – як рабіць фотаздымкі ў такое надвор’е? Але, на шчасце, да таго, як нам трэба было выпраўляцца ў ЗАГС, дождж стаў меншы. А назаўтра ўвогуле ззяла сонейка!
Яшчэ адной адметнасцю стала тое, што Кавалевічы не бралі шлюб у дзень вяселля.
– Для мяне сям’я – гэта раз і назаўсёды, – тлумачыць Валянціна сваё рашэнне, не хаваючы, што яно было менавіта яе. – Было страшна: раптам не атрымаецца – а мы ўжо перад Богам пакляліся, што будзем разам у горы і ў радасці. Таму пераканала мужа, што з гэтым важным крокам трэба пачакаць. Цяпер ужо няма ніякіх сумненняў, але хочацца прымеркаваць вянчанне да якой-небудзь значнай падзеі ці даты…
Калі яны пажаніліся, Алег працаваў вадзіцелем у Мінску, Валянціна – прадаўцом у астравецкім магазіне «Івушка». Напачатку была спроба змяніць правінцыю на сталіцу. Але хутка маладая жонка запрасілася назад.
– Страшна было нараджаць у Мінску: дзе там гуляць з каляскай, як з немаўлям ездзіць на гэтых трамваях-метро? І, урэшце, хто дапаможа, калі стане цяжка? А тут мама, сястра…
Кавалевічы вярнуліся. Жылі з бацькамі, здымалі кватэру…
– А потым, дзякуй нашаму Прэзідэнту, маладым сем’ям сталі выдаваць льготныя крэдыты – мы пабудавалі кватэру. Абсталявалі яе на свой густ – у Алега рукі растуць, адкуль трэба, – і цяпер гэта ўтульнае сямейнае гняздзечка. 
А нядаўна з’явілася яшчэ адно –  хата на хутары Зарэчча, якая гучна завецца дачай. Там, у лясной цішы, яны праводзяць вольны час, адпачываючы ад сумяціцы працоўных будняў, гарадскога шуму і тлуму.
У сям’і падрастае двое сыноў: старэйшы Уладзіслаў сёлета заканчвае школу, а «багатыр Ромка» (некалі ён патрапіў у своеасаблівую кнігу рэкордаў «Астравецкай праўды» як самы вялікі нованароджаны) вучыцца ў восьмым.
Валянціна за гэты час без адрыву ад выхавання дзяцей закончыла кааператыўны інстытут – сына нарадзіла праз 2 дні пасля абароны дыплома – і прайшла ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы ў астравецкай спажыўкааперацыі, ад прадаўца да намесніка дырэктара. Але кажа, што стамілася, – і ў мінулым годзе змяніла прафесію. 
А Алег мяняе толькі месца працы, нязменна застаючыся вадзіцелем.
– Мы абодва запальчывыя, гарачыя, – расказвае пра ўзаемаадносіны ў сям’і Валянціна. – Але я на ўсё жыццё запомніла словы аднаго мудрага мужчыны, якія ён сказаў на вяселлі: трэба чуць адзін аднаго – і саступаць. Тады гэта здавалася банальшчынай, але з цягам часу ўпэўнілася, што гэта ратуе сям’ю. Не трэба цяпер і зараз дамагацца жаданага любой цаной, лепш саступіць – і вярнуцца да абмеркавання пытання, калі галовы і пачуцці астынуць. І часта ў выніку атрымаецца так, як ты хацела. Калі саступаю я, калі – муж, часам – дзеці. Па чарзе… І кожны ведае, што, акрамя яго ўласнага «Я», ёсць і іншыя. На тым і стаім!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик