13 – шчаслівая лічба для сям’і Мілешка

14:40 / 21.05.2021
У 2003 годзе стартавала адна з найбольш папулярных рубрык «Астравецкай праўды» «Кахання  ды згоды», якая з гадамі трансфармавалася ў «Шчасця маладым!», але не змяніла сутнасці:  мы віншуем маладажонаў, якія зарэгістравалі шлюб у Астравецкім ЗАГСе – і знаёмім з імі чытачоў.
Мы вырашылі звязацца з некаторымі парамі, фотаздымкі якіх з’явіліся 18 гадоў таму на старонках газеты, і распытаць, якія змены адбыліся ў іх жыцці і што патрэбна, каб яно было шчаслівым.  

IMG-43b5c9a90b1814d8463fb8cbef457927-V.jpg


Павел Мілешка і Вольга Сляпіка зарэгістравалі шлюб 13 верасня 2003 года.

– Не ведаю, ці рашылася б цяпер выходзіць замуж 13-га,  а тады на дату нават не звярнулі ўвагі, – усміхаецца Вольга. – Хацелі прызначыць вяселле на 6 верасня, але быў заняты рэстаран, а 13-га – свабодны, у гэты дзень рэгістравалі шлюб толькі мы. Ну і добра!
Лічба 13 у іх сям’і асаблівая: яны жылі ў доме №13, 13-га хрысцілі дачушку. Так што ў прыкметы яны не вераць – асабліва ў дрэнныя.
За 18 гадоў у Мілешкаў змянілася многае. Вольга і Павел пазнаёміліся, калі працавалі ў Астра­вецкім райспажыўтаварыстве. У перапынку паміж нараджэннем дачушак жанчына паспела папрацаваць у бухгалтэрыі аддзела адукацыі, затым ажыццявіла юнацкую мару: адкрыла свой бізнес.
Галава сям’і працяглы час працаваў у «Беларусбанку», цяпер ён  намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама.
Мілешкі выхоўваюць дваіх дачушак. Паліна сёле­та заканчвае гімназію, марыць звязаць жыццё з лічба­вы­мі тэхналогіямі, захапляецца фатаграфіяй, асвоіла гітару. Алена вучыцца ў 6 класе, любіць маляваць.
– У нас самая звычайная, класічная сям’я, – говорыць Вольга. – Я – вясковая, выхаваная ў колішніх традыцыях, лічу, што абавязак жанчыны – сачыць, каб у доме заўсёды было чыста, утульна, дамачадцаў чакаў смачны абед. Мы не ездзім адпачываць за мяжу, але любім вандраваць па Беларусі.  У нас вялікая сям’я, і ўсе жывуць непадалёк: мама і сястра – у Падольцах, мой і мужаў браты і яго бацькі – таксама непадалёк, мы часта бачымся, падтрымліваем адзін аднаго.
За 18 гадоў, што Вольга і Павел Мілешкі ра­зам, у іх сям’і не знікла пяшчота, лёгкі гумар, а галоўнае – узаемная павага, давер, каханне і згода. Таго ж ім пажадаем яшчэ на доўгія гады!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик