Знаёмцеся: настаўнік фізкультуры Мікалай Трафімчык

10:14 / 15.05.2021
Большасць людзей па-рознаму адносяцца да сваёй работы. Для адных гэта заробак, для другіх – магчымасць зрабіць кар’еру, для трэціх наогул пакуль нявызначаны этап жыцця. Але ёсць людзі, для якіх работа – хобі. Менавіта да такіх адносіцца настаўнік фізічнай культуры і здароўя Міхалішкаўскай сярэдняй школы Мікалай Трафімчык.

IMG_5094.jpg

Адданасць не толькі прафесіі, але і месцу работы найлепш па­цвярджае адзіны запіс у пра­цоўнай кніжцы мужчыны: без года чвэрць стагоддзя Мікалай Веніамінавіч прывівае любоў да спорту і здаровага ладу жыцця вучням Міхалішкаўскай школы. Вядома, за гэты салідны адрэзак часу ў поле яго зроку трапляўся не адзін дзясятак здольных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дэманстравалі добрыя вынікі на раённых і абласных спаборніцтвах і былі годныя статусу добрых спартсменаў.
– Заўважыць здольнае да спорту дзіця нескладана, куды ця­жэй заахвоціць яго займацца фізкультурай і паверыць у свае сілы, – прызнаўся настаўнік. – Хтось­ці і бегае хутка, і да гульня­вых відаў здатны, але яму гэта нецікава. А другі на заняткі з ахвотай ходзіць, займаецца самастойна, але па нарматывах і фізічнай падрыхтоўцы слабейшы. У гэтай сітуацыі немагчыма сказаць, хто з іх лепшы, але адно я ведаю дакладна: кожны вучань непадобны да іншых і патрабуе індывідуальнага падыходу. А вось якога – бізуна ці перніка – гэта ўжо відаць пасля. (Усміхаецца.)
Дарэчы, старшакласнік Кяме­ліш­каўскай сярэдняй школы Мі­ка­­лай не думаў, што будзе настаў­нікам фізкультуры. Не, з гэтым прадметам у яго ніколі не было праблем: бегаў, скакаў і з мячом у розныя гульні гуляў з задавальненнем. Больш таго, падахвочаны Уладзімірам Якубоў­скім, які выкладаў у хлопца фізіч­нае выхаванне, перамагаў і станавіўся прызёрам раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, а на абласных – годна займаў месца ў залатой сярэдзіне. Аднак пра прафесію марыў зусім іншую.
– Ды кім я толькі ні хацеў быць: трактарыстам, шафёрам, лётчыкам… Тады пра гэта марылі ўсе хлопцы, – усміхаючыся, успа­мі­нае Мікалай Веніамінавіч. – А калі падрос, усур’ёз задумваўся пра ваенную адукацыю. Вучыўся добра, школу скончыў з сярэб­раным медалём. Толькі шлях ваеннага ўжо выбраў старэйшы брат. Вось тут я і падумаў, што 2 сыны-ваенныя для бацькоў, напэўна, зашмат. Тады ж Са­вец­кі Саюз быў, адправілі б мяне, скажам, на Дальні Усход, а брата кудысьці ў Сібір – а бацька з маці адны ў Рытані засталіся б. Паразважаў так – і перадумаў. У іншых прафесіях – скажам, ура­чом ці інжынерам, я сябе не ўяўляў, а спорт быў блізкі і па сілах, і па духу. У выніку паступіў на факультэт фізічнай культуры і біялогіі – быў такі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Пасля вучобы Мікалай, адслу­жыў­­шы  ў арміі, вярнуўся ў род­ную Рытань. І, напэўна, пасля адпачынку пайшоў бы ўлад­коўвацца ў мясцовую школу, але ў гэты час яму патэ­лефа­на­ваў тагачасны дырэктар Міхаліш­каўскай СШ Эдуард Сві­рыд і па­клікаў Тра­фімчыка да сябе. Так Мікалай Веніамінавіч апынуўся на першым рабочым месцам, якому застаецца верным ужо 24 гады. Акрамя ўрокаў фізкуль­туры, ён вядзе школьныя гурткі па гульнявых відах спорту і секцыю па лёгкай атлетыцы ад Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юначай школы алімпій­скага рэзерву.
– На жаль, у вясковых дзяцей менш магчымасцей для развіц­ця, чым у гарадскіх, – з горыччу адзначыў настаўнік. – І гэта тычыцца не толькі спорту: у Астраўцы і цэнтр творчасці ёсць, і школа мастацтваў… Пра фізкультурную базу наогул маўчу: 2 басейны, варкаўты, трэнажоры, абсталяваныя стадыёны. Аднак сельскія дзеці не менш таленавітыя і здольныя. Я магу доўга пералічваць прозвішчы маіх вучняў, якімі га­на­руся – іх вельмі шмат. Бачыце, колькі здымкаў, – з гэтымі словамі настаўнік дастаў вялікі стос фота. Хачу зрабіць галерэю кшталту «Імі ганарыцца школа». Дарэчы, многія з іх звязалі жыццё са спортам і цяпер таксама выкладаюць фізкультуру. 
Без лішняй сціпласці варта адзначыць, што захапленне спортам у Трафімчыкаў – справа сямейная. Дастаткова ўспомніць, як яны на зімніх спаборніцтвах па лыжных гонках дружна аба­ранялі гонар Міхалішкаўскай школы, прадэманстравалі добрыя вынікі ў асабістых заліках і заваявалі другое агульнакаманднае месца. Больш таго, старэйшая дачка Мікалая Яна вучыцца на факультэце фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе асвойвае азы спартыўнага турызму, сын Яўгеній дэманструе выдатныя вынікі на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, жонка з задавальненнем гуляе ў валейбол і катаецца на веласіпедзе. У шасцігадовай дачушкі Аляксандры ўсё яшчэ наперадзе, але можна не сумнявацца, што яна таксама пасябруе са спортам, бо гэта для Трафімчыкаў неад’емная частка жыцця.   

yI5m5QEAN2g.jpg

Бліц-апытанне:
– Любімы від спорту? 
– Па тэлебачанні цікава глядзець любыя спаборніцтвы, дзе выступаюць беларусы, а калі яны дэманструюць добрыя вынікі – двайное задавальненне. Але больш за ўсё люблю лёгкую атлетыку. 
– Любімы спартсмен?
– У кожным відзе спорту ёсць унікальныя асобы, якія сваімі дасягненнямі выклікаюць павагу і захапленне, іх шмат і пералічваць няма сэнсу. Праўда, аднаго ўсё ж вызначу. У маладосці я з вялікай цікавасцю сачыў за выступленнямі аўтагоншчыка «Формулы-1» бразільца Айртона Сенна. Аднак ён у 94-м разбіўся – пасля гэтай трагедыі зменшылася і мая апантанасць гонкамі.  
– Самае вялікае спартыўнае дасягненне?
– У студэнцтве пастаянна выступаў за ўніверсітэцкую каманду на розных спаборніцтвах. Аднойчы мы сталі пераможцамі вобласці і бронзавымі прызёрамі ў рэспубліцы па лёгкаатлетычным шматбор’і – гэта быў мой найлепшы вынік.
– Чым захапляецеся і як адпачываеце? 
– На вёсцы заняткаў заўсёды хапае. Люблю чытаць, асабліва рускую класічную літаратуру. Вельмі падабаюцца раманы Фёдара Дастаеўскага. Адпачываем мы звычайна сям’ёй: калі надвор’е дазваляе, можам на веласіпедах пракаціцца, летам выехаць на возера ці рэчку з начлегам у палатках. А наогул, маё хобі – гэта работа. 
– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Аптымізму, здароўя і дабрабыту.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: