У Ашмянкі кумжовая будучыня?

14:09 / 19.01.2012

Позняя восень – час нерасту ласосяў (сёмгі і кумжы). Менавіта ў канцы восені і пачатку зімы гэтыя рыбы прыплываюць з Балтыкі ў Вілію і яе прытокі. І трапляюць пад пільную ўвагу дзвюх катэгорый грамадзян: браканьераў і ахоўнікаў прыроды. Першыя жадаюць здабыць чырвоную рыбу (ды каб з ікоркай!) на калядны або навагодні стол, другія – не даць ім ажыццявіць гэтае жаданне.


Колькасць кумжы з-за бяздумнага знішчэння, будаўніцтва плацін, змянення тэмпературнага і ўзроўневага рэжыму рэк настолькі невялікая, што аберагаць трэба літаральна кожную рыбіну. Гэтым у перыяд нерасту кумжы і займаюцца валанцёры.
На сваіх машынах яны прыязджаюць на нерастовую рэчку Тартак і застаюцца тут на 2-3 дні, начуюць у палатках, каб патруляваць раку не толькі днём, але і ноччу. У гэтым годзе ў ахове нерастуючай кумжы ўдзельнічалі больш за 20 чалавек. У асноўным, мінчане. Хоць, да прыкладу, Дзмітрый Лясноў прыязджаў некалькі разоў з Оршы. “Валанцёрыла” і прадстаўніца цудоўнай паловы чалавецтва – Вольга Лукшыц (таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны”). Усцешна, што да акцыі далучыліся і мясцовыя жыхары – каманда пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Варнянскай школы Уладзіміра Саленіка. Каардынаваў акцыю Юрый Болтуць – самы часты госць на Віліі і Тартаку.
Дзякуючы такой рабоце грамадскасці вось ужо другі год на Тартаку – самай прадуктыўнай кумжовай рэчцы – нераст ласасёвых праходзіць паспяхова. На сённяшні дзень тут можна налічыць не менш 30-ці гнёзд кумжы, гэта значыць, што не менш трыццаці самак паспяхова пакінулі пад каменьчыкамі сваю ікру, якая будзе развівацца да вясны.
Як паказалі назіранні нашых валанцёраў і мясцовага жыхара Вацлава Блажэвіча, у рэчку заходзіць больш рыбін, чым яна можа прыняць. Нерастовых мясцін не хапае, і часта самка раскапвае гняздо сваёй папярэдніцы і нерасціцца на гэтым жа месцы. Як дапамагчы рыбе? Як павялічыць плошчы нерасцілішчаў?
У мяне даўно спела ідэя “фікс” – будаўніцтва рыбапрапускных збудаванняў (рыбаходаў) у месцах, дзе праход кумжы перакрываюць плаціны. Напрыклад, на Страчы. Плаціна ў Альхоўцы, збудаваная ў трох кіламетрах ад упадзення Страчы ў Вілію, стала непераадольнай перашкодай для праходных ласасёвых. Між тым, Страча вышэй плаціны мае не менш 15 кіламетраў ідэальнага нерастовага русла з камянямі і перакатамі. Думалася: калі адолець усе складанасці будаўніцтва рыбаходу ля плаціны ў Альхоўцы, а потым некалькі гадоў выпускаць моладзь ласосяў (прывезеную, да прыкладу, з Літвы) у вярхоўі Страчы, то такім чынам можна аднавіць папуляцыю чырвонай рыбы.
І вось, калі “голая” праўда пачала набываць практычныя формы ў выглядзе каштарысу перадпраектных пошукаў на 16,7 мільёна рублёў (а на ўвесь праект і будаўніцтва рыбахода Белгіправодгас быў гатовы запрасіць больш 100 тысяч у.а.), мне давялося прыняць удзел у семінары па праблемах атлантычных ласосяў у Швецыі.
Пад эгідай Міжнароднай экалагічнай арганізацыі “Кааліцыя “Чыстая Балтыка” (ССВ) у горадзе Алквалрлебі сабраліся спецыялісты па ласасёвых з Фінляндыі, Даніі, Ірландыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Швецыі. Тры дні работы семінара паставілі маю ідэю аб будаўніцтве рыбахода пад вялікае сумненне. І вось чаму.
Засяленне моладзі ласасёвых у рэкі – г.зн. штучнае зарыбленне ¬– далёка не ўсюды дае эфект. Да прыкладу, літоўцы, якія не адзін год займаюцца папаўненнем сваёй папуляцыі такім спосабам, да гэтага часу не атрымалі жаданага выніку. Палякі, у якіх у свой час папуляцыя ласасёвых знікла поўнасцю, завезлі кумжу і сёмгу ў свае рэкі з Расіі і Латвіі. Так, там цяпер водзіцца чырвоная рыба, але вышэй за 40 кіламетраў ад мора яна не падымаецца. Адна з прычын – так званае генетычнае забруджванне, непазбежнае пры штучным зарыбленні.
А нашы, няхай сабе і нешматлікія экзэмпляры кумжы (і, магчыма, сёмгі) пераадольваюць самы доўгі ў Еўропе шлях да нерасту – каля 500-600 кіламетраў. Гэта здаровыя, моцныя асобіны з непашкоджаным генафондам. І самае правільнае, што мы можам зрабіць для іх сёння, – гэта пастарацца захаваць іх месцы нерасту і існавання. А гэта некалькі малых рэчак: Тартак, Кемяліна, Дудка, Сянканка, Газоўка і яшчэ пару ручаёў.
Самая вялікая праблема гэтых рэк – бабровыя пасяленні. Не маю нічога асабістага супраць гэтых мілых жывёлін, але мушу адзначыць, што сваімі плацінамі ў гэтым годзе яны практычна поўнасцю закрылі для кумжы Дудку і Сянканку. Калі так пойдзе і далей, кумжу неўзабаве можна будзе выкрасліць са спіса рыб Беларусі.
Да гэтага часу няма поўнай інфармацыі аб стане папуляцыі атлантычнага ласося ў нашых рэках. Аб наяўнасці кумжы мы ведаем, аб яе колькасці – не. Пра высакароднага ласося наогул цяжка гаварыць дакладна.
Вось пра гэта і пра іншыя праблемы “беларускіх” ласасёвых ішла размова на сустрэчы валанцёраў Групы аховы Нёмана (ТА “Экадом”), якая напярэдадні Каляд адбылася ў Мінску. У ходзе размовы быў намечаны план работы на 2012 год: барацьба з бабрамі на Тартаку, Дудцы, Сянканцы; вывучэнне Лошы і Ашмянкі на прадмет наяўнасці нерастовых гнёзд; удзел у маніторынгу моладзі ласасёвых у жніўні-верасні; валанцёрства падчас нерасту.
Калі выявіцца, што ў Ашмянцы і Лошы поўнасцю адсутнічаюць кумжа і ласось, то ёсць ідэя: ад вытворцаў з Тартаку ўзяць палавыя прадукты і апладатвораную ікру на рамачках і размясціць яе ў Ашмянцы. Падобны вопыт быў у Літве, і вельмі ўдалы (да 70 працэнтаў выклеў). Гэта дасць магчымасць убачыць кумжу ў водах Ашмянкі ўжо праз некалькі гадоў. Вядома, гэта сур’ёзны праект. Зарыбленне трэба праводзіць на працягу 4-5 гадоў. Да таго ж, не можа не выклікаць трывогу праблема чысціні вод Ашмянкі, але нічога немагчымага не існуе. І, магчыма, праз некалькі гадоў у па-ранейшаму празрыстых водах Лошы і Ашмянкі будуць нерасціцца балтыйскія “чырвонакніжніцы” – сёмга і кумжа.


Ніна ПАЛУЦКАЯ, лідар праекта.