З якім настроем на сяўбе працуюць варнянцы

13:09 / 23.04.2021
Раённы клін ранніх збожжавых і зерне­бабовых сёлета складае 8 185 гектараў, з якіх найбольш сярод КСУПаў – 1 805 гек­тараў – плануе пасеяць КСУП «Варняны».

З якім настроем працуюць і з якімі праблемамі сутыкаюцца хлебаробы гэтай гаспадаркі, даведаўся карэспандэнт «раёнкі».

Хоць тэхніку ў КСУП «Варняны», у адрозненне ад іншых перадавых гаспадарак, даўно не абнаўлялі, сейбіты гэтага сельгас­прадпрыемства дэманструюць неблагі спрыт. На трох пасяўных камбінаваных агрэгатах у сярэднім за дзень тут засяваецца больш за 100 гектараў. 

Рыгор Яромін, галоўны аграном КСУП «Варняны»: 

Яромін.jpg

– Настрой апты­міс­тычны. Тэхніку своечасова падрых­тавалі, паліва хапае, людзі гатовы працаваць да позняга вечара. Каб яшчэ надвор’е не падводзіла, зусім добра было б. Утойваць не буду: праблемы ёсць, трактары ламаюцца, але ўсё вырашаем па меры магчымасцей. Нам бы некалькі новых адзінак тэхнікі – і пытанняў увогуле не ўзнікала б! 

Структура пасяўных плошчаў у гаспадарцы ў параўнанні з міну­лым годам змянілася: пад авёс адвядуць каля 200 гектараў, пад ячмень – 1 235, пад пшаніцу і зернебабовыя – па 150 і 270 гектараў адпаведна. Летась частку ворыўных зямель КСУП «Варняны» ўзялі ў арэнду КСУП «Гервяты» і «Гудагай», сёлета было перададзена каля 1 600 гектараў прыватнаму прадпрыемству «Белагразобр».

Млынкоўскі.jpg

Азімыя пасевы на «Расе» «корміць» Уладзіслаў Млынкоўскі


– Год на год не даводзіцца. З восені позна адсеяліся – прыгортваць насенне ў глебу дапамагалі КСУП «Гудагай» і «Гервяты», – уводзіць у курс зімоўкі збожжавых і рапсу галоўны тэхнолаг варнянскіх палёў. – Тыя культуры, якія па­сеялі ў аптымальныя тэрміны, дрэнна перазімавалі. Пшаніцу сеялі пазней – і пасевы выглядаюць нядрэнна. 

Сярод гаспадарак раёна ў КСУП «Варняны» найменш загі­нула збожжавых і рапсу: не перазімавала каля 220 гектараў. Іх месца займуць проса (100 гектараў) і зернебабовыя. 

– Пад цукровыя буракі адвя­дзём 300 гектараў. Бульбу садзіць не будзем. Плошча пад кукурузай зменшыцца: летась яна займала крыху больш за 1 600 гектараў, у гэтым годзе будзе 1 050, з якіх 50 – на зерне, – працягвае Рыгор Яромін. – Такія змяненні ў першую чаргу абумоўлены тым, што не хапае тэхнікі для ўборкі. Зацягваюцца тэрміны, што негатыўна адбіваецца на якасці сіласу. Лепш менш пасеяць, але атрымаць большую ўраджайнасць. 

Па словах галоўнага агранома, пад сяўбу яравых гаспадарка цалкам забяспечана зернем: эліту бралі ў КСУП «Гудагай», астатняе – сваё збожжа.

Лапінскі.jpg

На поле збожжа падвозіць Артур Лапінскі


Цукровыя буракі гаспадаркі Астравеччыны сёлета будуць зда­ваць не на Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, як у мінулыя гады, а на Жабінкаўскі цукровы завод, які выдзеліў КСУП «Варняны» насенне цукро­вікаў. 

Усяго на вясенне-палявых работах у гаспадарцы задзейнічана каля 30 чалавек. Сяўбу збожжавых даверылі самым вопытным і адказным механізатарам: Уладзіміру Мятлеўскаму, Юрыю Бумбулю і Валерыю Дзенюшу. 

– Пасля дажджу ў поле выходзі­лі толькі пад абед. Вільгаці ў глебе хапае, галоўнае – у тэрміны пасеяць збожжа, – лічыць Валерый Дзенюш, які некалькі гадоў назад быў пера­можцам працоўнага спа­бор­ніцтва, якое ладзіць райкам прафсаюза работнікаў АПК сярод занятых на вясенне-паля­вых работах механізатараў. – За дзень засяваю каля 35-40 гектараў. 

Дзенюш.jpg

Другі сейбіт Уладзімір Мят­леўскі толькі адмахнуўся ад маіх пытанняў, маўляў, не да размоў: кожная пагодная гадзіна на вагу золата. Дарэчы сказаць, Уладзімір – з кагорты механізатараў, якія працуюць не дзеля ўзнагарод ці грошай. Варта прыгадаць конкурс аратых, які восенню праводзіць Астравецкі раённы выканаўчы камітэт сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. Некалькі гадоў назад падчас яго мужчына да самай раніцы не спыняў жалезнага каня. За самаадданую працу Уладзіміра Мятлеўскага адзначылі грашовай прэміяй і дыпломам «За волю да перамогі». 

Мятлеўскі.jpg

Засыпку збожжа ў бункер пасяўнога агрэгата кантралюе Уладзімір Мятлеўскі


З 1991 года на сяўбе працуе Юрый Бумбуль. На трактары МТЗ-3022 у счэпцы з пасяўным агрэгатам АПП-6 мужчына засявае каля 40 гектараў. 

– Настрой добры, – прызнаец­ца Юрый Бумбуль. – Справу сваю ведаю і люблю. Мы, як і нашыя продкі, кіруемся адным прынцыпам: хоць памірай, а жыта сей, – усміхаючыся, гаворыць на развітанне сейбіт.

Бумбуль.jpg






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич