Што такое чуміза і калі з’явілася ідэя аграгарадкоў

14:06 / 08.04.2021
169

Аналізуем публікацыі раённай газеты «Сталінская праўда» за 1950 год.

1.jpg


Навіны паўсядзённасці

***

Вы думаеце, што ідэя аграга­рад­коў узнікла ў апошні час? Памыляецеся – размова пра гэта ішла яшчэ напачатку 50-х гадоў. Больш таго, будаваліся канкрэтныя планы – сведчанне гэтаму можна знайсці ў № 89-90 «Сталінскай праўды» за 6 лістапада ў заметцы «Аграгарады – шлях да комунізму».  

2.jpg

***

Перад першамайскімі святамі ў калгасе «8 Сакавіка» Якентан­скага сельсавета (старшыня Усціновіч) правялі ачыстку сажал­кі і запусцілі на гадоўлю 2000 малькоў карпа – пра гэта паведамляла раённая газета № 36 за 1 мая ў падборцы «Прымі, радзіма, першамайскія падарункі».

***

«Чуміза на палях раёна» – у заметцы пад такой назвай, змешчанай у «Сталінскай праў­дзе» 18 мая, паведамляецца, што некалькі кал­гасаў раёна ўпершыню сеюць новую каштоў­ную культуру – чумізу. У сельгасарцелях імя Варашылава, «Новае жыццё», «Чырвоная зара» і імя Карла Маркса пасеялі яе ад аднаго да двух гектараў. Гэта злакавая аднагадовая расліна, «з зерня якога можа быць падрыхтавана добрая крупа, па сваіх якасцях перавышаючая пшано. Чуміза адначасова з’яўляецца выдатнай кармавой культурай, якая забяспечвае атрыманне спажыўнага сена і зялёнага корму». Але ж не прыжылася яна на палях раёна… Добра, што хоць шкоды не прынесла, як баршчэўнік – яго таксама некалі завезлі як каштоўную кармавую культуру, а цяпер па­збавіцца не могуць…

***

Пра будаўніцтва новай вет­ля­чэбніцы ў № 51 за 26 чэрвеня расказваў ветурач Д. Угалеў. Паведамлялася, што ў гэтым годзе будзе пабудавана ветамбулаторыя і адзін двухкватэрны жылы дом. У 1951 годзе запланавана пабудаваць стацыянар, ізалятар, паказальную кузню і 2 двухкватэрныя дамы для ветперсанала. 

***

У 1950 годзе прайшла першая раённая спартакіяда школьнікаў, у якой прынялі ўдзел каманды фізкультурнікаў Астравецкай, Варнянскай СШ і Гудагайскай НСШ. Больш 50 юнакоў і дзяўчат змагаліся за першынства ў асноўных відах лёгкай атлетыкі і валейболе. Галоўны суддзя спартакіяды І. Файкоў у № 52 за 29 чэрвеня расказвае пра спаборніцтвы. Лепшым у бегу на 100 метраў стаў вучань Астравецкай школы Аляксандр Счасны. Станіслава Аўгуль з Варнянскай школы была лепшай у бегу на 100 метраў, скачках у даўжыню і «некаторых іншых відах», а ў скачках у вышыню пабіла абласны рэкорд. Узгадваюцца таксама чэмпіёны спартакіяды Марыя Каралёва і А. Капылова з Астраў­ца, Б. Масейка і Вася Ханкевіч з Варнян. 

***

Фотаапараты ў тыя гады былі досыць рэдкай і дарагой рэччу. І тым больш цікава чытаць інфармацыю ў раённай газеце ад 9 лютага аб тым, што «ў Гервяцкай СШ створаны гурток фоталюбіцеляў. Кі­руе гуртком настаўнік таварыш Новікаў. У гуртку займаецца 17 чалавек – выдатнікаў вучобы старэйшых класаў. (…) Маладыя фоталюбіцелі да дня Совецкай  Арміі рыхтуюць фотавітрыну, у якой адлюструюць жыццё сваёй школы».

Не ў брыво, а ў вока!

3.jpgУ 1950 годзе на старонках «Сталінскай праўды» па-ранейшаму змяшчалася шмат крытычных матэрыялаў, прычым заўвагі білі, як кажуць, не ў брыво, а ў вока: з канкрэтнымі фактамі, прозвішчамі. І хоць яшчэ не было адпаведнага ўказа аб рэагаванні на крытычныя публікацыі, рэакцыя на іх была хуткай і дзейснай.

У № 31 за 13 красавіка «Ста­лінская праўда» змясціла артыкул свайго пастаяннага аўтара, вучня 10 класа Астравецкай школы Адама Мальдзіса «Выправіць недахопы ў школьнай рабоце», якая, як пазней неаднойчы ўспамінаў Адам Восіпавіч, каштавала яму залатога медаля і ледзь не сарвала паступленне на журфак БДУ: атэстат яму вы­далі за дзень да заканчэння прыёму дакументаў. Хоць, расказва­ючы пра падрыхтоўку да выпускных экзаменаў, юнкор толькі і сказаў, што з-за адсутнасці піянерважатай камсамольская і піянерская арганізацыі не ўдзель­нічаюць у гэтым працэсе, не выпускаюцца насценныя газеты  – і «паківаў» у бок райкама камсамола і райана. І хоць «Сталінская праўда» неадной­чы дазваляла ў тыя гады куды больш рэзкую і канкрэтную крытыку, тут, мабыць, адыграў ролю той факт, што «яйка» ўзялося вучыць «курыц». Доб­ра, што ўсё абышлося добра, хоць з-за местачковых амбіцый пакрыўджаных чыноўнікаў лёс нашага знакамітага земляка мог бы скласціся зусім інакш… 

Хоць у асноўным крытычныя публікацыі тычыліся канкрэтных недахопаў.

Так, у №13 «Сталінскай праў­ды» за 9 лютага «група кліен­таў» скардзілася на работу астравецкай лазні. «У раздзі­вальні невынасімая халадзіна, усюды пануе бруд. Няма дастатковай колькасці тазоў. Горш таго, пры­дзеш у лазню і не можаш памыцца – то няма халоднай вады, то – гарачай». У газеце за 13 красавіка пад рубрыкай «Па слядах нашых выступленняў» паведамляецца, што  прыняты меры па бесперабойным забеспячэнні лазні вадой, хутка будзе закуплена недастаючая колькасць тазоў.

Час ад часу на старонках газеты з’яўляліся фельетоны – і «героямі» іх, як правіла, стана­ві­ліся работнікі гандлю. Так, у № 66 за 17 жніўня І. Карнявы надрукаваў фельетон «Ніка­лай Іванавіч раз’язджае», у якім дастаецца старшыні рай­спа­­жыўсаюза Макарэвічу, у якога, як піша газета, «душа ў Маладзечна, а цела ў Гудагаі». Прычым «цела» Макарэвіча да «душы», дзе знаходзіцца яго сям’я, ездзіць, аформіўшы каман­дзіроўку… Прыводзяцца і іншыя факты злоўжыванняў Мікалая Іванавіча. І пры гэтым гандлё­вая сетка не павяліч­ваецца, а змяншаецца, план таваразвароту не выконваецца, магазіны дрэнна абслугоўваюць насельніцтва. У № 97 за 3 снежня газета зноў звяртаецца да асобы Мікалая Макарэвіча – і зноў у форме фельетона «У Смаргонь… за кручкамі». 

У № 8 за 21 студзеня змешчаны фельетон «Незнаёмая Чэпіна і «клапатлівы» старшыня», у якім «прапясочваюць» старшыню Гуда­гайскага сельпо Шчэрбу, які ўзяў на работу загадчыкам Дрэвяніцкага магазіна выпадковую жанчыну без дакументаў, якую, як піша газета, сустрэў на станцыі Гудагай. Чэпіна працавала 14 дзён, затым забрала ўсю выручку і з’ехала ў невядомым накірунку. Стрэлы журналістаў ляцелі не толькі ў бок «клапатлівага» старшыні – дасталася і пракурору раёна Жуку, які не заўважаў злачыннай халатнасці.

Мусіць, пракурор не адрэага­ваў на публікацыю ў раённай газеце, бо ў № 50 за 22 чэрвеня «Сталінская праўда» змясціла красамоўную карыкатуру, якую «прысвяціла» пракурору. 

Дарэчы сказаць, крытычныя публ­ікацыі часта суправаджаліся карыкатурамі. Ці, хутчэй, наадварот: маючы карыкатуру, якія, трэба думаць, прысылалі цэнтралізавана, рэдакцыя шукала да яе «востры сігнал».

У артыкуле «Шкодныя махі­на­цыі дырэктара рынка», зме­шчаным у №16 раённай газеты 19 лютага, Г. Карнявы (з іншых публікацый стала зразумела, што сакратар Гервяцкай парт­арга­нізацыі), піша, што дырэктар рынка Іосіф Лазаронак не з усіх бярэ разавы збор за ўезд на рынак (пэўна ж, браў з усіх, толькі ішоў ён у кішэню дырэктара), ці плацяць яму не поўную суму альбо водкай і прадуктамі. І далей аўтар прыводзіць факты: трэць  сялян, што прыехалі нешта прадаць на Варнянскі рынак 16 лютага, не заплаціла разавы збор ці заплаціла яго ў паменшаным памеры – пры гэтым прыводзіць прозвішчы і пералік таго, што людзі прадавалі: не адкруцішся! А ўжо праз 4 дні, у нумары за 23 лютага, газета паведамляла, што дырэктар рынка зняты з работы. Вось гэта аператыўнасць, вось гэта рэагаванне на крытыку!

І ў тым жа нумары за 23 лютага – новы крытычны матэрыял «Не выкладаюцца ўрокі фізкультуры». Распавядаецца, што выкладчыкам фізкультуры ў 6-7 класах Гудагайскай НСШ з’яў­ляецца дырэктар школы Графская. «Але яна толькі атрым­лівае зарплату, а ўрокі фізкуль­туры не праводзяцца… Амаль тое ж з нямецкай мовай, дзе выкладчыцай лічыцца Графская». У №31 за 13 красавіка паведамляецца, што пасля газетнай публікацыі Графскай аб’яўлена суровая вымова. 

З’яўлялася ў газеце і канст­рук­тыў­ная крытыка. У № 91 «Сталін­скай праўды» ад 12 снежня А. Баскоў задае рытарычныя пы­тан­ні: дзе адрамантаваць га­дзін­нік, куды здаць у рамонт мяса­рубку, замок, прымус? І пра­пануе райпрамкамбінату адкрыць рамонтную майстэрню. 






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений