За што Святлана Фалевіч атрымала «Паспяховага кіраўніка»

10:03 / 28.03.2021

Дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Святлана Фалевіч рызыкнула, не звяртаючы ўвагі на здзіўленыя позіркі песімістаў, узначаліць стратнае прадпрыемства – і змагла ўдыхнуць у яго новыя сілы. За што ад раённай улады ўзнагароджана дыпломам «Паспяховы кіраўнік».

Ці лёгка было «напрацаваць» на такую ўзнагароду, хто ў гэтым дапамог і да чаго яна абавязвае, мы і распыталі Святлану Юр’еўну.

1.jpg


Цытата дня:

«УКПБА – гэта не проста будынак у цэнтры Астраўца. Гэта і пральня на Набярэжнай, і комплексны прыёмны пункт на Караткевіча, плюс 5 комплексных прыёмных пунктаў у сельскай мясцовасці – работы, сацыяльна-арыентаванай, а таму складанай і вельмі адказнай, у нас шмат» (Святлана Фалевіч)


– Колькі гадоў кіруеце прадпрыемствам?

– Першы рабочы дзень прыпаў на 5 мая – гэта было 7 гадоў таму. Прыйшла з прыватнай будаўнічай фірмы, дзе працавала юрыстам і вяла кадры. Мела шмат зносін з рознымі людзьмі, што потым вельмі дапамагло мне наладжваць кантакты ўжо як кіраўніку. Прапанова перайсці ў сферу бытавога абслугоўвання паступіла нечакана. Яшчэ большае здзіўленне вызвала вакантная пасада – кіраўнік прадпрыемства! Былы старшыня выканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька змог пераканаць, што мне трэба паспрабаваць сябе і хоць бы год папрацаваць, а калі не атрымаецца – трымаць не будуць.

Кіраўнік у 24 гады – такое здараецца рэдка. Неяк падчас сустрэчы прадстаўнік дзяржкантролю, мабыць, убачыўшы мой усхваляваны стан, сказаў: «Не пужайцеся. Мне проста цікава на вас паглядзець…»

Прыступіла да абавязкаў, калі заканчвалася чарговая пяцігодка, падводзіліся вынікі работы прадпрыемства. Таму мне якраз выпала, што называецца, пачаць з чыстага ліста – праўда, са старымі і немалымі даўгамі.

– Ні для каго не сакрэт, што на той час УКПБА мела шмат праблем. Як у вас хапіла смеласці яго ўзначаліць?

– Справа не ў смеласці – я проста не разумела маштабаў. А потым пачала знаёміцца з крэдыторамі, гаспадарчым судом, разумець, што такое арышт рахунку і адключэнне святла… Шчыра прызнаюся: вечарамі плакала – не разумела, што раблю не так. І праз паўгода такога “кіраўніцтва” вырашыла звольніцца.

…Аднак я шчаслівая – мяне акружаюць добрыя людзі. Не сысці, не паспеўшы ўнікнуць у сутнасць пачатай справы, тады дапамагло кіраўніцтва раёна. І цяпер я адчуваю, што працую з людзьмі слова. Мне падказвалі, як правільна распараджацца грашыма, і ў Беларусбанку, бо складана нешта рабіць, калі ў цябе няма сродкаў – зусім! Памятаю, як пачалі аддаваць узятыя яшчэ да мяне пазыкі, выплочваць даўгі – гэта было неперадавальна радасна!

– Ці маеце звычку заставацца пасля работы?

– А як жа! (Смяецца.) Увогуле маё рабочае месца – не ў сценах кабінета. Кожны дзень я павінна ўпэўніцца, што на прадпрыемстве ўсё працуе ў штатным рэжыме, таму наведваюся ў цырульню, швейны цэх, пральню, забягаю прывітацца да дзяўчат на Караткевіча, і ў пункты прыёму на раён сістэматычна выязджаю… На гэта ўсё траціцца час, таму часта мой рабочы дзень зацягваецца і на гадзіну, і на дзве…

І ў выхадны здараецца падскочыць па рабоце – не падумайце, што стаўлю мэту праверыць, як і хто працуе. Проста неабходна мне ўпэўніцца, што выключыла камп’ютар, не працякае дах або кнопку пажарную праверыць. Часцяком заходжу ў кабінет, калі іду «ў горад», – само сабой неяк атрымліваецца.

– Што самае складанае ў вашай рабоце?

– Для мяне самым складаным было зрабіць так, каб людзі мне паверылі. Зусім яшчэ птушаня ў параўнанні з працаўнікамі, для 90% якіх наш камбінат – адзінае месца працы, – што я магла ім сказаць і тым больш паабяцаць? Мне важна было даць ім надзею. Да мяне кіраўнікі на прадпрыемстве мяняліся часта, а людзі заставаліся – без падтрымкі і разумення, што ім рабіць далей. Пасля года працы да мяне аднойчы звярнуліся з просьбай: «Святлана Юр’еўна, паабяцайце, што не кінеце нас, – дапрацуйце да пенсіі, а там можаце зыходзіць». Ну як я магла адмовіць? (Смяецца.)

Але перш мне трэба было самой паверыць у свае сілы.

Не скажу, што цяпер мы «ў шакаладзе». Гэта ўвогуле немагчыма, хоць і стараешся запланаваць прыбыткі, распрацаваць планы, асабліва ва ўмовах пандэміі, калі адны паслугі могуць здаць пазіцыі, другія нечакана «выстраліць». Так, да прыкладу, адбылося з цырульняй – амаль 3 месяцы спецыялісты гэтага профілю былі без работы: кліенты перачэквалі пандэмію. А вось швейны цэх у гэты перыяд адпрацаваў «за дваіх» – заказаў на пашыў масак і спецадзення для медыкаў было шмат.

Работай нас забяспечваюць дзіцячыя садкі і школы, а таксама арганізацыі раёна, якім мы шыем і мыем спецадзенне. А хутка лета – пачнуць працаваць летнікі, у нас прыбавіцца работы і ў пральні, і ў швачак…

Дзякуючы сумесным намаганням, мы амаль «абрубілі» даўгавыя хвасты: расплаціліся за святло, вярнулі бюджэтныя пазыкі, застаўся толькі адзін, доўг – ЖКГ, але і гэту «дзірку», спадзяюся, таксама хутка залатаем.

– Падчас святкавання 8 Сакавіка вам уручылі дыплом «Паспяховы кіраўнік». Адчулі сябе паспяховай бізнес-лэдзі?

– Не, хутчэй усвядоміла, што мае намаганні не праходзяць дарма. У мяне, як, мабыць, у многіх, бывалі моманты слабасці, хацелася збегчы кудысьці з гэтай работы – хоць і не ведала куды. Але аднойчы прачнулася і падумала: не, ну як я кіну тое, у што ўклала ўсю сябе, чаму аддала столькі гадоў напружанай працы? Важнымі для мяне сталі словы аднаго знаёмага: «Як жа прыемна заходзіць да вас і бачыць, што прадпрыемства зноў пачынае жыць!»

ПРА БЫЦЦЁ-РАЗВІЦЦЁ

Пральня

– Спачатку аднавілі пральню. Тады якраз пачалося будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Першы тэндар на мыццё бялізны «атамным» інтэрнатам мы прайгралі – і хоць лічбы, а да прыкладу, сёння мыем каля 3 000 адзінак, былі значна меншыя, гэта таксама былі грошы. Але райвыканкам выдаў грошы на закупку новага пральнага абсталявання. Мы набылі спецыялізаваную тэхніку, прэс, две сушылкі. Гэта быў 2016 год, а у 2017-м нам перадалі будынак – гаражы культуры, дзе быў зроблены рамонт. Так маленькі пакойчык для мыцця бялізны расшырыўся да паўнавартаснай пральні.

Цырульня

– У цырульні свая спецыфіка: майстры тут пастаянна мяняюцца. Моладзь прыходзіць, каб набрацца вопыту або проста адпрацаваць патрэбны тэрмін, – і сыходзіць.

І менавіта ў цырульні можна назіраць, чым ад людзей больш сталых адрозніваецца моладзь: адсутнасцю інтарэсу і амаль агульным нежаданнем прыкладаць намаганні нечага дабіцца. Многія не разумеюць, што, каб мець, трэба працаваць, прычым з жаданнем і цярпеннем – інакш не атрымаецца зарабіць ні грошы, ні аўтарытэт у кліентаў.

Я назіраю за практыканткамі і адразу бачу, які будзе спецыяліст.

У тым, каб развіваць «дарагі» напрамак, да прыкладу, складанага афарбоўвання валасоў, дзе патрэбны не толькі фарбы, але і майстры, не бачу сэнсу – высокакласных майстроў для гэтага ў нас недастаткова. Тое ж тычыцца работы ў сельскай мясцовасці: асноўная паслуга там – стрыжка эканом-класа. Таму стаўку ў рабоце цырульнікаў робім на якасць гэтай паслугі.

Швейны цэх

– У швейны цэх абсталяванне закупілі ў 2018 годзе – па праграме «Камфортнае жыллё». Аднак гэтага мала. Грошы проста так не выдзяляюцца – іх трэба адпрацаваць, выканаць заяўленыя паказальнікі. Не зможаш – вярні тое, што далі, ды яшчэ, як правіла, з пэўнымі «санкцыямі». Таму стараемся працаваць якасна.

Быў перыяд, калі цэх па пашыве адзення здавалі ў арэнду прыватнікам, перайшлі да іх на працу і нашы работнікі. Пратрымаліся яны паўгода – не змаглі абсталяванне загрузіць на ўсю моц і не справіліся з канкурэнцыяй.

Даводзіцца чуць, што наша пасцельная бялізна дарагаватая, 50 рублёў каштуе, – у магазінах можна купіць і за 38. Можна, аднак праз мыццё-другое яе колер «аблезе» і памер «сядзе». За якасць нашых вырабаў я адказваю.

І нягледзячы на ўсе цяжкасці, не здаралася такога, каб не было з кім працаваць. Пасля закрыцця прыватніка, усе нашы работнікі вярнуліся, хоць і давялося ім «нашываць сертыфікаты»з нуля. Лічу, што такія прафесіі як швачка адносяцца да катэгорыі «адданыя сваёй справе», калі ты павінен любіць тое, чым займаешся. Таму многія швачкі працуюць у нашым камбінаце не адзін дзясятак гадоў.

У сельскай мясцовасці

Мы – сацыяльна арыентаванае прадпрыемства, таму і за 40 кіламетраў паедзем за адной падушкай, каб яе пачысціць, хоць гэта і нявыгадна. Кошт паслугі ў гэтым выпадку не супаставімы нават з затратамі на запраўку аўтамабіля, не гаворачы ўжо пра ама зацыю і зарплаты работнікам. Прычым на сяле ён не павінен адрознівацца ад гарадскога цэнніка.

АРЭНДНЫЯ ПЛОШЧЫ

– З арандатарамі свабодных памяшканняў у Доме быту праблем няма, больш таго: мы іх не шукаем – яны прыходзяць самі. Пакуль ёсць свабодныя месцы толькі на трэцім і чацвёртым паверхах. Найбольш заявак паступае на першы паверх, але ж ён не гумовы. Аднак і тыя, хто заняў плошчы на вышэйшых паверхах, не скардзяцца – у іх ёсць свае кліенты.

Канешне, арандатары чакаюць добрых умоў – і мы стараемся падтрымліваць належны стан будынка: а днавілі фасад, зрабілі рамонт памяшканняў агульнага карыстання – карыдораў, лесвіцы і санвузла. У гэтым нам дапамаглі і арандатары.

Здаецца прыватніку і памяшканне на вуліцы Караткевіча – і хоць па плошчы яно даволі вялікае, касмічных грошай не прыносіць. Мы не можам, як прадпрымальнікі, дамовіцца аб цане за кубкам гарбаты – для гэтага ёсць прававыя дакументы з распрацаванымі тарыфамі.


ВІНШАВАЛЬНАЯ ПАШТОЎКА

Віншую ўсіх работнікаў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва нашага раёна і ветэранаў працы з прафесіным святам! Найперш дзякую за адданасць прафесіі, добрасумленную працу, за тое, што нягледзячы на цяжкасці не апускаеце рукі, за падтрымку і разуменне. Жадаю моцнага здароўя, ўпэўненасці ў сілах, аптымізму, цяпла і святла ў дамах, любові і радасці ў сем’ях.

Святлана Фалевіч,
дырэктар УКПБА






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович