Астравецкія сляды смаргонскай мастачкі Ніны Бохан

09:24 / 21.03.2021
497
У Смаргоні адкрылася выстава работ народнай мастачкі Ніны Бохантворчасць якой многімі ніцямі звязана з Астравеччынай.

Ніна Бохан – чалавек-фантом. Гэта здаецца неверагодным, але не засталося дакументальных сведчанняў яе жыцця. У жанчыны не было пасведчання аб нараджэнні, у царкоўных запісах пазначаны даты жыцця ўсіх членаў яе сям’і, акрамя Ніны; яна не мела пашпарта; ні ў смаргонскай бальніцы, дзе памірала, ні ў органах унутраных спраў няма дакументальных пацвярджэнняў смерці, ніхто не ведае, дзе яна пахавана. І гэта ў Савецкім Саюзе, дзе дакументавалася ўсё і пра ўсіх! І каб не сведчанні родзічаў, якія добра памятаюць яе бядотнае жыццё; не расповеды жыхароў Астравецкага, Смаргонскага, Вілейскага, Маладзечанскага раёнаў пра Боханіху, якая хадзіла па вёсках і малявала дываны, настольнікі, распісвала сцены хат і ўвогуле ўсё, што прасілі; не рэдкія фотаздымкі – то магла б узнікнуць крамольная думка: а ці была яна ўвогуле, наіўная мастачка Ніна Бохан?

Нина Бохан.jpg



Да ведама:

Наіўнае (інсітнае) мастацтва – галіна  выяўленчага мастацтва: творчасць людзей, якія не маюць прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі. Атрымала пашырэнне з 1880-х гадоў у краінах Заходняй Еўропы. Творчасць мастакоў-інсітнікаў мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна, суб'ектыўна.

 ...Застаецца не толькі напіса­нае, але і намаляванае. Вось яно, найпершае і найгалоўнейшае сведчанне жыцця  таленавітай мастач­кі-сама­вучкі – яе работы, знойдзе­ныя цаной неймавер­ных намаганняў смаргонскай журналісткі Галіны Антонавай і краязнаўцы Аляксея Крукоўскага; здымкі таго, што вярнуць ужо немагчыма, але што, па шчаслівай выпадковасці, засталося ў фотархіве Сяргея Лескеця. Галіне Антонавай удалося ажыццявіць сваю мару – сабраць усё гэта і арганізаваць выставу, прысвечаную Ніне Бохан. 

…І аказалася, што людзей, зацікаўленых творчасцю і жыццём самабытнай мастачкі, нямала. На выставу прыехалі родзічы Ніны Бохан са Смаргонскага, Маладзечанскага і Астравецкага раёнаў – некаторыя пазнаёміліся толькі тут. Наш край на гэтым своеасаблівым «злёце боханчукоў» прадстаўляла Тамара Лукша, старшыня Астравецкай раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку, якая запрасіла  на выставу і іншых удзельнікаў БелТІЗ. Тамара Аляксандраўна, у дзявоцтве Бохан, – дачка стрыечнага брата мастачкі. Жанчына помніць, як у іх доме ў Віктасіне нейкі час жыла татава родзічка, якая кожны дзень пасля снедання выпраўлялася па хатах маляваць, а часам знікала на некалькі дзён, калі ішла ў іншыя вёскі.

Прысутнічалі на выставе і людзі, якія дапамагалі адшукаць работы Ніны Бохан: пра астравецкія сляды мастачкі журналістам ў свой час расказала наша зямлячка, а цяпер жыхарка Смаргоні Ганна Мядзелец. 

Дарэчы, малявала Ніна Бохан не толькі дываны на саматканым палатне – гэта быў вышэйшы пілатаж, мара мастака! – а ўсё, што папросяць і на ўсім, што знойдзецца. Прынеслі настольнік – распісала, адшукалі на гарышчы кавалак кардону – будзе карціна, ёсць старая байкавая коўдра – зацвітуць на ёй яркія прыгожыя кветкі. Жыхар Дайлідак Казімір Варановіч, у бацькоўскай хаце якога знайшла апошні прытулак Ніна Бохан, расказваў, што мастачка распісала сваімі любімымі ружамі… каляску яго матацыкла! 

Ёсць на выставе і работы з Астравеччыны: Людміла Куха­рэвіч з Варнян прывезла сямейную рэліквію – дыван работы Ніны Бохан, куплены яе матуляй у сярэдзіне 70-х на кірмашы ў Міхалішках.

1.jpg

Людміла Кухарэвіч (справа) прывезла на выставу дыван Ніны Бохан


А ўраджэнка тых самых Мі­ха­­­лішак Эдзіта Бранцэвіч, якую ў роднай вёсцы памятаюць пад прозвішчам Завіша, выха­вальніца аднаго са смар­гон­скіх дзіцячых садкоў, па матывах твораў Ніны Бохан стварыла самаробную кнігу казак, маляванак, развіваючых гульняў для малышоў. Яе дачка Дзіяна, таленавіты дызайнер, таксама праніклася творчасцю зямлячкі – і стала шыць торбачкі з элементамі работ мастачкі, а маці падарыла незвычайнай прыгажосці льняную сукенку «а-ля Ніна Бохан». 

2.jpg


…Парадокс: не засталося дакументальных свед­чан­няў жыцця Ніны Бохан – а памяць пра яе больш жывая і яскравая, чым пра некаторых «выбітных дзеячаў», чые імёны занесены ў даведнікі і энцыклапедыі. 

Сапраўдная народная мастачка – без адукацыі і званняў.


Да ведама:

Выстава работ Ніны Бохан будзе працаваць у Смаргонскім краязнаўчым музеі да 2 кра­са­віка. Арганізатары абяцалі, што пасля яна пераедзе ў аграгарадок Варняны.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений