Каб Новы год стаў бяспечным

15:31 / 28.12.2011

Мінулы Новы год у краіне для выратавальнікаў, як і многія папярэднія, пачаўся з пажараў. Пры прымяненні піратэхнічных вырабаў у перыяд з 24 снежня 2010 года па 3 студзеня 2011 года адбылося 3 пажары, 27 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей атрымалі траўмы.


З мэтай папярэджання пажараў і няшчасных выпадкаў пры прымяненні піратэхнікі 23 снежня 2011 года па ўсёй краіне прайшла рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год”.
У нашым раёне гэтая акцыя была праведзена на аўтастанцыі ў раённым цэнтры, дзе вучні 8 “А” класа сярэдняй школы №1 і выхаванцы раённага цэнтра пазашкольнай работы Максім Шлынаў, Вячаслаў Шыць і Іван Сядліцкі расказвалі грамадзянам, якія чакалі сваіх рэйсаў, аб правілах бяпекі, каб сустрэча Новага года з сямейнага свята не перарасла ў пажар. Таксама ўсім зацікаўленным раздаваліся лістоўкі аб правільным выкарыстані піратэхнічных вырабаў.
На адказ некаторых грамадзян, што яны едуць у Вільнюс і ім гэтыя правілы ведаць не абавязкова, юнакі адзначалі, што траўмы ад няправільнага выкарыстання петард і розных ракет атрымліваюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх краінах. Таму, будзем спадзявацца, рэкамендацыі юнакоў дапамогуць пазбегнуць няшчасных выпадкаў і пажараў.


Эдуард Малышка.