36 нашчадкаў у маці-гераіні Каміліі Васілеўскай з Горшавіч

15:36 / 08.03.2021
Камілія Васілеўская з лёгкім сумам і нават зайздрасцю назірае, як сёння дзяржава клапоціцца пра мацярок: адпачынак па доглядзе дзіцяці – 3 гады, грашовыя дапамогі, бясплатнае харчаванне… А пра шматдзетных і гаварыць няма чаго: трое дзяцей – ужо шматдзетная сям’я, мае права на салідны сямейны капітал…

1.jpg

Камілія Іванаўна нарадзіла 9 дзяцей – сямёра сыноў і дваіх дачок выхавалі з мужам, светлай памяці Мар’янам Феліксавічам, дастойнымі людзьмі.
– Але ж ніхто тады мяне ніколі не ўспомніў, – з горыччу зазначае жанчына. – Ні кветачкі, ні падарунка…
– Не, махлюю, – тут жа папраўляецца Камілія Іванаўна. – Калі нарадзіла сёмага, Віцю, то паклікалі ў сельсавет, далі 40 рублёў дапамогі – немалыя па тым часе грошы. І спыталі, ці маю ў чым патрэбу. У нас хата працякала, я папрасіла шыфер. Дык ён «ішоў» да нас 3 гады, аж пакуль двайнят не нарадзіла, Колю з Ванем. Тады ўжо мне ордэн «Мацярынская слава» І ступені з Масквы прыслалі. І з райсабеса прыехалі, паці­кавіліся, што ды як. Я і расказала пра шыфер. Праз 3 дні прыслалі паперу, каб забіралі. Так мы хату і перакрылі. 
Але не падумайце – не пра падарункі марыць 91-гадовая жанчына, кажа, што цяпер у яе ўсяго хапае, акрамя хіба што здароўя, – і прысмакаў, і ўбораў, і ў хаце ўсё як мае быць: дзеці і ўнукі клапоцяцца, каб маці і бабуля ні ў чым не мела патрэбы, стараюцца не проста выканаць любое яе жаданне, а прадбачыць, прад­угадаць яго. Хочацца ёй таго, чаго найбольш не хапае пажылым людзям – увагі, павагі да іх жыцця, разумення, чаго каштавала ў тыя цяжкія пасляваенныя гады падымаць дзяцей.
…Нарадзілася Камілія Іванаў­на на хутары Глушыца ў сям’і Шурпіцкіх. Маці яе мела 11 дзяцей, у жывых засталося 8. Двухмесячную Камілію забрала да сябе ў Горшавічы бабуля – пасля таго, як памёр муж, а сын паехаў на заробкі ў Амерыку, яна засталася адна ў хаце.
– Выгадавалася я ў гэтай самай хаце, дзе і век дажываю, – расказвае Камілія Іванаўна. – Бабуля мне была радней роднай, яна ўсяму мяне навучыла. Жанчына паважаная, пабожная, мяне і да Бога, і да людзей давяла. Пражыла яна 93 гады – спадзяюся, што дацягну да яе веку. Я, мусіць, у яе ўдалася, бацькі пазміралі рана.
Бабуля і мужа ўнучцы прыгледзела – вельмі ж упадабала Мар’яна Васі­леўскага – працавіты, гаспа­дарлівы. Але мала­дым дзяўчатам больш даспадобы не гаспа­дар­лівасць, а чуб заліхвацкі ды добра падвешаны язык… Вось і ёй падабаўся іншы хлопец. Аднойчы на святога Андрэя сасні­ла Камілія сон: ідзе з букетам півоняў яе кавалер – нерашуча так, нясмела. Ды адкуль ні вазьміся з’явіўся Васілеўскі, вырваў з рук таго хлопца кветкі і падышоў да дзяўчыны. Сон аказаўся прарочым: пайшла Камілія замуж за Мар’яна – да радасці бабулі і на сваё шчасце. 

2.jpg

– Хораша, дружна жылі, – успамінае жанчына. – Шкада, што нядоўга. За мужам 35 гадоў пражыла і ўжо 30 – адна…
Хоць, зрэшты, чаму адна? З дзецьмі!
– Спачатку, як малыя былі, – ой, як цяжанька было! Зямлі трошкі, едакоў шмат… За кожную лішнюю баразну змагаліся. А дзеці ў мяне частыя. Мужа любіла, а бабуля сказала нікога не траціць: колькі Бог дасць, столькі і нараджаць. А тады ж не тое, што цяпер, дэкрэтаў не давалі. Дарма што дзеці малыя, а дзялкі буракоў, кручкі, лёну, як і ўсім, наразалі. І доб­ра, калі дзе паблізу, а то і каля Косцевіч. Бабуля дапамагчы асабліва не магла, хіба што немаўля пакалыхаць – няўдалая стала к старасці: спачатку нагу пашкодзіла, потым на камень упала і грудзіну зламала. Яе самую даглядаць трэба было. Так і «пасвілі» большыя меншых. Усяго хапала. Аднойчы пайшла буракі палоць, а Валодзя з вудай на возера, і тапіцца стаў. Добра, што суседка ўбачыла, уратавала. Але, дзякаваць Богу, хоць і цяжка было, усіх выгадавалі. Яны, як падраслі, дапамагалі. Карова, свінні, меншыя дзеці былі на старэйшых. З работай стала лягчэй, але ж грошай не хапала – паспрабуй дзевяцёра адзець-абуць на калгасныя зарплаты. Нічога лішняга сабе дазволіць не маглі, нават тэлевізара не было. А як Юзік з першай палучкі купіў пральную машыну – от радавалася! Калі Валодзя з Генам пайшлі на камбайны, а Коля-Ваня да іх памочнікамі, тады ўжо лягчэй стала.
Зусім заблытаўшыся ў імё­нах, прашу Камілію Іванаўну пералічыць сваіх дзяцей:
– Першай Зоню нарадзіла, расказвае яна. – Потым пасыпаліся, як гарох, Казік, Юзік, Яня, Вало­дзя, Гена, Віця. Ну і паскробышы мае, двайняты Коля-Ваня, іх усе так звалі. От клопату з імі мела! Абодвух трэба было аднолькава апранаць – калі, крый божа, пасачка на шкарпэтцы ў аднаго будзе не такая, як у брата, – нізавошта не надзене!

3.jpg

Гэтак жа без запінкі пералічвае ўнукаў і праўнукаў:
– У Зоні адна дзяўчынка, Іалан­та, яна двайнят нарадзіла, імёны ў іх надта ж мудроныя, ніяк не запомню… Аня, падкажы! Успомніла: Ілана і Рамір… У Казіка – Сняжана, а ў яе дзве дочкі, Юля і Вера. Юлечка, праўнучка, нядаўна дачушку Дарыну нарадзіла, так што я ўжо прапрабабуля! У Юзіка – Алёна і Андрэй, а ў Алёны – Алеська. У Яні двое дзяцей, Оля і Сярожа, у Олі – Роберт, а ў Сярожы – Данііл і Дарыя. Усе чацвёра маіх старэйшых дзяцей жывуць у Вільнюсе. А Валодзя непадалёк, у Кайміне. У яго  двое дзяцей і чацвёра ўнукаў: у Аксаны, што ў Мінску, Ксеня і Максім,  а ў Алёны, каторая ў Страчанцы, – Паліна і Анюта. Гена вось толькі пару сабе не дабраў, са мной жыве… Віця побач, у Горшавічах, у яго трое сыноў – Мар’ян, Іван і Раман, старэйшыя студэнты, а меншы яшчэ ў школе вучыцца. Ваня-Коля, армію адслужылі, у Гродне засталіся, у Вані двое дзяцей, Нас­ця і Саша, а ў Колі адзін Глеб.

Пакуль Камілія Іванаўна пералічвала, я загінала пальцы… Вядома ж, не хапіла і на дзвюх руках: 9 дзяцей, 14 унукаў, 12 праўнукаў і прапраўнучка – 36 нашчад­каў! Вось гэта багацце! Уяўляеце, што робіцца, калі яны ўсе збіраюцца ў Горшавічах? А бывае гэта даволі часта, і не толькі на дні нараджэння маці, бабулі і прабабулі – гэта абавязкова. На кожнае вялікае свята яны ў роднай хаце: на Вялікдзень, Ражаство, Усе святыя… Ды і без нагоды дальнія дзеці часта прыязджаюць праведаць матулю – бліжнія тут ці не штодня. Сёлета толькі з-за каронавіруса не прыязджалі вільнюскія. Ды і гродзенскія Коля-Ваня больш тэлефануюць і пасылкі шлюць.

– Хто б ні прыехаў – дзеці, нявесткі, унукі, праўнукі – усе да мяне бягуць, усе гасцінцы нясуць, – расказвае бабуля. – Дзякаваць богу, у мяне і нявесткі, і зяці добрыя. З Віцевай жонкай 13 гадоў пражылі ў адной хаце – і ні разу не пасварыліся!
– Дык з мамай немагчыма пасварыцца, – усміхаецца Аня, Валодзева жонка. – Нават калі ў сям’і якая звада здаралася, яна заўсёды сыноў ушчувала, нявесткам ніколі слова благога не сказала… Не дзіва, што імкнуцца да яе ўсе – і ўнукі, і праўнукі. Тут заўсёды і гарбата смачнейшая, і бліны, і нават магазінная каўбаса.  
– У бабулі цікавей, чым у Мінску, – пераканана сталічная праўнучка Ксеня. – Тут возера, лес…
Сястру падтрымлівае Максім, які таксама на кожныя канікулы прыязджае да дзеда Валодзі і бабулі Ані ў Кайміну – і абавязкова праведвае прабабулю ў Горшавічах.
– Сям’я ў нас вялікая і дружная. Гэта цяпер гаспадарку не трымаем, а раней збяромся летам у мамы, трэба сенаваць – разам падварочваем, зграбаем, складваем, – расказвае Аня. – Напрацаваліся, абмыліся ў возеры, шашлыкоў насмажылі – вечар песні пяём… А потым усе да нас, у Кайміну, е­дзем: таксама ж сенаваць трэба…

Хата Васілеўскіх у Горшавічах стаіць у маляўнічым месцы, на беразе аднаго з самых прыгожых у раёне азёр. Тым, хто прыязджае сюды  на адпачынак, здаецца, што гэта – рай на зямлі…

– А ці ж бачылі мы за работай тую прыгажосць? – сумна ўсміхаецца жанчына. – Добра, калі паспееш вечарам ногі абмыць… Гэта цяпер райская жызня настала, з нашай, ранейшай, не параўнаць. Мяне смех бярэ, калі нехта гаворыць, што цяжка жыць. Успамінаю, як цяжарная паехала ў Свір па хлеб. Дванаццаць буханак купіла – сям’я! Аўтобус зламаўся, і я са Страчы пехатой ішла да Горшавіч: мяне ж дзеці чакаюць, гаспадарка – двое коней трымалі, кароў, цялят, авечак, свіней, курэй. Ледзь прыйшла… Пабегла свінням траву рваць – і забалеў жывот. Толькі і паспелі ў Жукойні ў бальніцу адвезці – і Казік нарадзіўся…
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Камілія Іванаўна, дзякаваць Богу, на сваіх нагах і пры сваім розуме.
– О, мама яшчэ бульбачку аблупіць, грыбы перабярэ – маладым павучыцца можна, – расказвае нявестка. – І ў агародзе ў яе – ні травінкі. Адпачываць не любіць, усё справу сабе шукае.
– Дык трэба ж нешта рабіць, – нібы апраўдваецца бабуля. – Што ж ляжаць дзень і ноч? На тым свеце, прыйдзе час, наляжуся… Я цяпер і так жыву, як пані: гас­падарку ўжо не трымаем, усё ў аўталаўцы купляем ці дзеці прывозяць… Усе выгоды! Жыві ды радуйся! Было б здароўе… 

Таго і пажадаем шаноўнай маці-гераіні Каміліі Васілеў­скай. Жывіце і радуйцеся сваімі дзецьмі, унукамі, праўнукамі – і чакайце яшчэ прапраўнукаў!





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик